БАЛУ́ЕЎ Пётр Сямёнавіч
(3.7.1857—1923),
расійскі ваенны дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1915). Скончыў Акадэмію Ген. штаба (1882). Удзельнік руска-тур. вайны 1877—78. У 1885—1900 служыў у Данскім казацкім войску, потым камандзір пях. батальёна, палка, брыгады. На пач. 1-й сусв. вайны камандзір корпуса. Удзельнік Галіцыйскай і Лодзінскай аперацый 1914, аперацыі рус. войскаў па ліквідацыі Свянцянскага прарыву 1915. У час Нарачанскай аперацыі 1916 нач. паўд. ударнай групы. З 2.8.1917 галоўнакамандуючы арміямі Паўд.-Зах., з 17.8.1917 — Зах. фронту. Адмовіўся выконваць дырэктывы Сав. ўрада пра перагаворы з камандаваннем герм. войскаў аб перамір’і. 25.11.1917 ВРК Зах. фронту адхіліў яго ад пасады галоўнакамандуючага. З 1918 на штабной рабоце ў Чырв. Арміі. У 1919 у Рэўваенсавеце Рэспублікі.
Тв.:
Военно-топографический обзор Бобро-Наревского района. Ломжа, 1909.
т. 2, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)