Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТА́НКА,

монастрафічны 5-радковы нерыфмаваны верш у яп. паэзіі. Мае 31 склад: у 1-м і 3-м вершарадках Т. па 5 складоў, у астатніх — па 7. Традыц. тэматыка — каханне, разлука, падарожжы, поры года. Т. багаты тропамі, гульнёй слоў. Найб. раннія Т. запісаны ў 8 ст., росквіт прыпадае на 10—13 ст. і звязаны з дзейнасцю прыдворнага Ведамства яп. паэзіі, правядзеннем паэт. спаборніцтваў і складаннем афіц. анталогій. Буйнейшыя прадстаўнікі — Сайгё, Т.Ісікава. У бел. паэзіі 1-я Т. з’явіліся ў паэзіі М.​Багдановіча.

т. 15, с. 424

ТА́НКАВЫЯ ВО́ЙСКІ,

род сухапутных войск ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў (Расія, Украіна, Беларусь, Германія і інш.). У арміях некат. краін (ЗША, Вялікабрытанія і інш.) войскі, аналагічныя танкавым, наз. бранятанкавымі. Прызначаны для вядзення баявых дзеянняў на кантынент. тэатрах самастойна і ва ўзаемадзеянні з інш. родамі войск. Аснову ўзбраення Т.в. складаюць танкі розных тыпаў. Арганізацыйна Т.в. складаюцца з танк. злучэнняў і часцей. Як асн. сіла сухап. войск Т.в. пераважна дзейнічаюць на гал. напрамках для нанясення праціўніку магутных і глыбокіх удараў. Яны здольны паспяхова весці сустрэчны бой, пераадольваць зоны радыеактыўнага, хім. заражэння і інш., а таксама ствараць трывалую абарону.

Упершыню танкі былі выкарыстаны англ. арміяй у вер. 1916 у 1-ю сусв. вайну. У Чырв. Арміі з 1918 існавалі бранявыя аўтамаб., аўтатанк. атрады і бронепаязды, пазней бранявыя сілы; з 1934 называліся аўтабранятанк., з 1942 — бранятанк. і механізаваныя войскі. У Вял. Айч. вайну ў складзе франтоў існавалі танк. арміі, у т. л. 1-я, 2-я, 5-я гв., якія арганізацыйна ўваходзілі ў 1-ы, 2-і і 3-і Бел. франты. Т.в. адыгралі вырашальную ролю ў шэрагу бітваў і аперацый, напр., у Беларускай аперацыі 1944. З 1954 наз. бранятанк. войскамі, з 1960 — Т.в.

У пач. 1990-х г. на тэр. Беларусі размяшчаліся 2 танк. арміі (7-я і 5-я гв.), а таксама танк. часці ў складзе інш. армій і злучэнняў. Паводле выніковага акта Хельсінкскага пагаднення (1992), Дагавора аб звычайных узбр. сілах у Еўропе (1992), Рэспубліка Беларусь скараціла больш за 2 тыс. танкаў, 1,5 тыс. адзінак баявых машын пяхоты і інш. Падраздзяленні Т.в. маюць на ўзбраенні сучасныя танкі і ўваходзяць у склад сухапутных войск Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь.

С.​М.​Абрамаў, А.​І.​Анісіка.

Да арт. Танкавыя войскі. Атака танкавага падраздзялення ў час вучэння «Захад-81».
Да арт. Танкавыя войскі. Танкавае падраздзяленне на маршы ў час аператыўна-тактычнага вучэння «Нёман-2001».

т. 15, с. 424

ТАНКАДРО́М (ад танк + грэч. dromos бег, месца для бегу),

участак мясцовасці, абсталяваны для навучання ваджэнню танкаў і інш. баявых гусенічных машын. Для Т. выбіраюць мясцовасць з разнастайным рэльефам, наяўнасцю водных перашкод, воддаль ад населеных пунктаў, дарог, ліній сувязі і электраперадач. На Т. абсталёўваюцца вучэбныя месцы і класы, камандныя пункты, якія аснашчаюцца аўтам. сістэмай кіравання і сродкамі для назірання за месцазнаходжаннем танкаў і сувязі з мі. Межы Т., небяспечныя ўчасткі і напрамкі руху-машын пазначаюцца спец. паказальнікамі, знакамі і надпісамі.

С.​В.​Папоў.

т. 15, с. 424

ТАНКАНО́Г, келерыя (Koeleria),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых (злакавых). Каля 50 відаў. Пашыраны пераважна ў нетрапічных раёнах. На Беларусі 4 віды Т.: вялікі (K. grandis), грабеньчаты (K. cristata), Дэлявіня (K. delavignei), шызы (K. glauca). Трапляюцца ў светлых барах, на пясчаных глебах.

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны, утвараюць дзярніны. Шэра-зялёныя сцёблы прамастойныя, апушаныя. Лісце вузкалінейнае, шурпатае. Суквецце — серабрыстая коласападобная мяцёлка. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны, выкарыстоўваюцца для замацавання пяскоў.

А.​М.​Скуратовіч.

Танканог грабеньчаты.

т. 15, с. 425

ТАНКАПРА́ДЫ (Hepialidae),

сямейства насякомых падатр. раўнакрылых матылёў. Каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найб. шматлікія ў тропіках. Жывуць на лугах, палях, у лясах, хмызняках. Актыўныя на змярканні. На Беларусі 9 відаў. Найб. трапляюцца Т.: хмелевы (Hepialus humuli), верасовы (Phymatopus hecta).

Размах крылаў да 24 см. Характэрна аднолькавае жылкаванне пярэдніх і задніх крылаў. Вусікі кароткія. Вусені маюць 5 пар брушных ножак; жывуць у глебе, некат. віды — у сцёблах травяністых раслін, у ствалах і каранях дрэў.

С.​Л.​Максімава.

Танкапрад хмелевы: 1 — самец; 2 — самка; 3 — вусень.

т. 15, с. 425

ТАНКАРУ́ННЫЯ АВЕ́ЧКІ,

пароды авечак з аднароднай тонкай воўнай з пухавых валокнаў. Руно шпатэлепадобнае. Т.а. характарызуюцца высокай воўнавай прадукцыйнасцю, воўна вызначаецца правільнай пакручастасцю і вял. колькасцю тлушчапоту. Пароды Т.а. з воўнай найлепшай якасці — мерыносы. Паводле кірунку прадукцыйнасці падзяляюцца на воўнавыя, воўнава-мясныя і мяса-воўнавыя пароды. Воўнавыя Т.а. (азербайджанскі горны мерынос, грозненская парода, стаўрапольская парода, сальская) сярэдніх памераў, маса 45—55 кг, настрыг воўны 4,5—7 кг. Воўнава-мясныя Т.а. (асканійская парода, савецкі мерынос, алтайская, забайкальская, каўказская, кіргізская пароды) больш буйныя, маса 55—60 кг, настрыг воўны 4,5—6 кг. Для мяса-воўнавых парод (прэкас, валгаградская, вяцкая, дагестанская горная, казахскі архарамерынос, краснаярская) характэрны буйны рост і добра вызначаныя мясныя формы, маса 60—65 кг, настрыг воўны 4,5—5,5 кг.

т. 15, с. 425

ТАНКАСЦЕ́ННЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

будаўнічыя канструкцыі, таўшчыня якіх значна меншая за іншыя памеры (пралёт, папярочнае сячэнне). Спалучаюць лёгкасць з высокай трываласцю. Да Т.к. адносяцца абалонкі, купалы, скляпенні, складкі і інш.

Робяцца з металаў, жалезабетону, слаістых пластыкаў і інш. матэрыялаў. Выкарыстоўваюцца пры буд-ве прамысл. і грамадскіх будынкаў (выставачных павільёнаў, канцэртных залаў, спарт. збудаванняў), інж. збудаванняў (бункераў, сіласасховішчаў, рэзервуараў і да т.п.). Для разліку Т.к. выкарыстоўваюць тэорыі ўстойлівасці, пругкасці і пластычнасці. На Беларусі з Т.к. пабудаваны купал Камароўскага рынку ў Мінску і інш.

І.​І.​Леановіч.

т. 15, с. 425

ТА́НКЕР (англ. tanker ад tank бак, рэзервуар),

грузавое наліўное судна для перавозкі вадкіх і паўвадкіх грузаў (сырой нафты і нафтапрадуктаў, кіслот, звадкаваных газаў, алею, спірту і інш.).

Аднапалубнае, з кармавым размяшчэннем машыннага аддзялення, грузавая частка падзелена папярочнымі і падоўжнымі пераборкамі на грузавыя адсекі — танкі. Частка танкаў запаўняецца вадой для забеспячэння патрэбнай пасадкі і астойлівасці судна ў парожнім рэйсе. Звычайна Т. маюць двайное дно і двайныя барты ў танкавай частцы. Аснашчаюцца помпамі для выдалення грузу, проціпажарнымі ўстаноўкамі. Грузападымальнасць марскіх Т. да 400—550 тыс. т (супертанкеры), рачных да 5 тыс. т.

Танкер «ЭССО Германія»: 1 — грабны вінт; 2 — машынная надбудова; 3 — памяшканні для каманды; 4 — сігнальная мачта з радарам; 5 — вогнетушыльная пушка (гармата) і трубаправоды; 6 — пражэктарная мачта; 7 — загрузачныя лініі; 8 — пярэдняя сігнальная мачта.

т. 15, с. 425

ТАНКЕ́ТКА,

баявая гусенічная браніраваная машына, узброеная 1—2 кулямётамі. Браніраванне супрацькулявое (да 10 мм), скорасць да 45 км/гадз, экіпаж 1—2 чал. У Сав. Арміі была на ўзбраенні ў пач. 1930-х г. Прызначалася пераважна для разведкі і сувязі.

Танкетка Т-27 (СССР).

т. 15, с. 425

ТАНКІ́НСКІ ЗАЛІ́Ў,

другая назва заліва Бакбо.

т. 15, с. 425