Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАВАРЫ́СТВА БЫЛЫ́Х ПАЛІТКАТАРЖА́Н І ССЫЛЬНАНАСЯЛЕ́НЦАЎ Існавала ў СССР у 1921—35. Створана па ініцыятыве Ф.​Э.​Дзяржынскага, Я.​Э.​Рудзутака, Е.​М.​Яраслаўскага і інш. Аказвала матэрыяльную дапамогу б. паліткатаржанам і ссыльнапасяленцам, арганізоўвала іх выступленні, успаміны, і даклады, лекцыі. Важным кірункамі дзейнасці т-ва былі збор, вывучэнне і выданне гіст.-дакумент. матэрыялаў. У 1921—23 аддзяленні т-ва ўзніклі ў Віцебску, Гомелі, Мінску. Бел. аддзяленне да 1928 правяло 3 канферэнцыі. Навукова-даследчую працу члены т-ва вялі; ў секцыях: па гісторыі дзекабрызму, рэвалюцыі 1905—07, нарадавольцаў і інш. Яны абмяркоўвалі даклады і мемуары, рыхтавалі да друку зб-кі дакументаў, манаграфіі. Т-ва выдавала час. «Каторга и ссылка», біябібліягр. слоўнік «Дзеячы рэвалюцыйнага руху ў Расіі» (1927—34), «Бюллетень Центрального совета Всесоюзного общества бывших политка-торжан и ссыльнопоселенцев» (1929—33), у якіх ёсць біягр. артыкулы і звесткі пра дзеячаў, чый лёс звязаны з Беларуссю. Супрацоўнічала з Гістпартам, Ін-там Маркса—Энгельса—Леніна пры ЦК ВКП(б) і іх філіяламі на месцах, з Таварыствам старых бальшавікоў. Т-ва спыніла дзейнасць у 1935 ва ўмовах разгортвання ў СССР паліт. рэпрэсій.

У.​М.​Міхнюк.

т. 15, с. 372

ТАВАРЫ́СТВА ВАЕ́ННЫХ СЯБРО́Ў,

гл. «Ваенныя сябры».

т. 15, с. 372

ТАВАРЫ́СТВА ВЫВУЧЭ́ННЯ МАГІЛЁЎСКАЙ ГУБЕ́РНІ,

гісторыка-краязнаўчае таварыства ў Магілёве ў 1902—16. Засн. па ініцыятыве Е.Р.Раманава як «Таварыства вывучэння Беларускага краю». Мела статут (зацверджаны ў сак. 1905). У сувязі з утварэннем гіст.-краязнаўчых т-ваў у Віцебску, Мінску і інш. гарадах у 1913 рэарганізавана ў Т.в.М.г. Члены: Раманаў, І.​А.​Сербаў, А.​П.​Сапуноў, М.​М.​Турбін. Вывучала гісторыю, этнаграфію і прыроду Беларусі, пераважна Магілёўскай губ. Выдала працу Раманава «Першакрыніцы для гісторыі Магілёўскага краю» (вып. 1, 1916), у якую ўвайшлі «Баркалабаўскі летапіс» і «Падарожныя заметкі стольніка П.​А.​Талстога аб Магілёўскай губерні (1697—1699)». Падрыхтавала да выдання 4-ы выпуск зб. «Магілёўская даўніна» і інш. У 1-ю сусв. вайну эвакуіравана ў Адэсу, дзе спыніла дзейнасць.

Літ.:

Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі: Пачатак XX ст. Мн., 1970.

т. 15, с. 372

ТАВАРЫ́СТВА ГО́МЕЛЬСКІХ УРАЧО́Ў,

гл. Гомельскае таварыства ўрачоў.

т. 15, с. 373

ТАВАРЫ́СТВА ЗААХВО́ЧВАННЯ МАСТАЦТВАЎ.

Існавала ў 1821—1929 у Пецярбургу (да 1875 наз. Т-ва заахвочвання мастакоў). Засн. мецэнатамі І.​Гагарыным, П.​Кікіным, А.​Дзмітрыевым-Мамонавым і інш. Т-ва арганізоўвала выстаўкі, конкурсы, набывала творы, накіроўвала мастакоў за мяжу для ўдасканальвання адукацыі (К.​Брулоў, А.​Іванаў і інш.), узнагароджвала іх медалямі. З 1857 мела рысавальную школу. Выдавала час. «Искусство и художественная промышленность» і серыю «Мастацкія каштоўнасці Расіі».

т. 15, с. 373

ТАВАРЫ́СТВА З’ЯДНА́НЫХ СЛАВЯ́Н,

тайная рэв. арганізацыя. створаная ў пач. 1823 у г. Наваград-Валынскі на аснове б. Т-ва сяброў прыроды братамі А.І. і П.І.Барысавымі і паліт. ссыльным Ю.​К.​Люблінскім. Уваходзілі афіцэры, дробныя чыноўнікі, службоўцы, усяго больш за 50 чл. Выступала праціўнікам прыгоннага права, саслоўнага ладу і самадзяржаўя; дамагчыся «дэмакратычнага праўлення» збіралася шляхам узбр. паўстання з удзелам народа. Члены т-ва вялі агітацыю сярод салдат, планавалі ствараць вясковыя вучылішчы, каб уплываць на паліт. актыўнасць сялян. Гал. мэта т-ва — аб’яднанне ўсіх слав. і некат. суседніх народаў (Расія, Польшча, Багемія, Маравія, Венгрыя з Трансільваніяй, Сербія, Малдавія, Валахія, Далмацыя) у адну федэратыўную рэспубліку. У вер. 1825 т-ва па прапанове С.І.Мураўёва-Апостала і М.П.Бястужава-Руміна аб’ядналася з Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў на аснове яго праграмы. Не менш чым 12 «славян» запісаліся ў атрад царазабойцаў. 26 членаў т-ва ў 1826 асуджаны Вярх. крымінальным судом па справе дзекабрыстаў.

Літ.:

Нечкина М.В. Общество соединенных славян. М.; Л., 1927;

Яе ж. Движение декабристов. Т. 2. М., 1955;

Швед В.В. Беларускія старонкі гісторыі дзекабрыстаў. Мн., 1998.

В.​В.​Швед.

т. 15, с. 373

ТАВАРЫ́СТВА З АБМЕЖАВА́НАЙ АДКА́ЗНАСЦЮ,

таварыства, заснаванае дзвюма і больш асобамі, статутны фонд якога падзелены на долі, вызначаныя ўстаноўчымі дакументамі. Удзельнікі такога т-ва не адказваюць па яго абавязацельствах, але нясуць рызыку страт, звязаных з дзейнасцю т-ва ў межах вартасці ўнесеных імі ўкладаў. Удзельнікі т-ва, якія ўнеслі ўклады не поўнасцю, нясуць салідарную адказнасць па яго абавязацельствах у межах вартасці нявыплачанай часткі ўкладу кожнага з удзельнікаў. Фірменнае найменне такога т-ва павінна ўтрымліваць у яго назве словы «з абмежаванай адказнасцю». Прававое становішча такога т-ва, правы і абавязкі яго ўдзельнікаў вызначаюцца нормамі заканадаўства, выкладзенымі ў Цывільным кодэксе Рэспублікі Беларусь. Устаноўчымі дакументамі т-ва з’яўляюцца ўстаноўчы дагавор, падпісаны яго заснавальнікамі, і зацверджаны імі статут.

Г.​А.​Маслыка.

т. 15, с. 373

ТАВАРЫ́СТВА МАСТАКО́Ў-СТАНКАВІ́СТАЎ (ОСТ, Общество станковистов). Існавала ў 1925—31 у Маскве. Засн. групай выпускнікоў Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрняў пад кіраўніцтвам Д.​Штэрнберга. Члены т-ва (П.​Вільямс, Б.​Волкаў, А.​Ганчароў, А.​Дайнека, А.​Лабас, Ю.​Піменаў, А.​Тышлер і інш.) сцвярджалі станковыя формы мастацтва, ставілі за мэту адлюстроўваць у іх тыповыя з’явы сав. рэчаіснасці. Іх творам, прысвечаным пераважна індустрыялізацыі, жыццю сав. горада, спорту, уласцівы гранічная лаканічнасць формы, дынаміка кампазіцыі, графічная дакладнасць малюнка. Вядучыя мастакі ОСТ адыгралі пэўную ролю ў развіцці станковага і манум. жывапісу, кніжнай графікі, плаката, сцэнаграфіі. Т-ва арганізавала 4 выстаўкі ў 1925—28.

Літ.:

Костин В. ОСТ (Общество станковистов). Л., 1976.

т. 15, с. 373

ТАВАРЫ́СТВА МІ́НСКІХ УРАЧО́Ў,

гл. Мінскае таварыства ўрачоў.

т. 15, с. 373

ТАВАРЫ́СТВА ПАДХАРУ́НЖЫХ,

змова Высоцкага, тайная арг-цыя, заснаваная 15—16.12.1828 у варшаўскай Школе падхарунжых пяхоты па ініцыятыве падпаручніка П.Я.Высоцкага. Ва ўстаноўчым пасяджэнні ўдзельнічалі Ю.​Гуроўскі, Ю.​Дабравольскі, К.​Каршніцкі, А.​Ласкі, К.​Махнацкі, С.​Панінскі, К.​Пашкевіч, С.​Ціхоўскі. Духоўным папярэднікам прызнавалі кіраўніка Нац. масонства маёра В.Лукасінскага. Т-ва падтрымлівала сувязь з сеймавай апазіцыяй (калішанамі і інш.), мела кантакты з І.Лялевелем, Ю.У.Нямцэвічам і інш. Мэтай т-ва была падрыхтоўка ўзбр. паўстання. Першы раз планавалася ўзняць яго ў сакавіку, другі раз — 20.5.1829 у час каранацыі Мікалая I у якасці польскага караля, але планы не здзейсніліся. Са жн. 1830 пачала фарміравацца структура больш разгалінаванага т-ва, у якое апрача падхарунжых уступалі студэнты, інтэлігенцыя. Да кастр. ў т-ва ўваходзіла каля 200 малодшых афіцэраў; яго секцыі ўтвораны ў большасці варшаўскіх палкоў пяхоты, у асобных батальёнах і батарэях, Варшаўскім ун-це (гурткі М.​Швейзера, Н.​Шыманскага, Я.​Барткоўскага). Новы план паўстання прадугледжваў забойства цэсарэвіча Канстанціна Паўлавіча, раззбраенне рус. войска ў Варшаве і нейтралізацыю польскіх генералаў, верных цэсарэвічу. У сувязі з арыштамі студэнтаў і часткі падхарунжых, зменай міжнар. абставін (падрыхтоўка рас. інтэрвенцыі з удзелам польскай арміі ў Бельгію) вырашана прыспешыць план паўстання (гл. Паўстанне 1830—31).

В.​В.​Швед.

т. 15, с. 373