БАГДА́НАЎКА,
вёска ў Беларусі, у Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПнЗ ад Лунінца, 240 км ад Брэста, 17 км ад чыг. ст. Лоўча. 2255 ж., 672 двары (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, царква, аддз. Сувязі.
т. 2, с. 204
БАГДА́НАЎКА,
меліярацыйны канал у Беларусі, у Лунінецкім і Пінскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Бобрык 1-ы (бас. Прыпяці). Даўж. 30 км. Пачынаецца за 12 км на ПнУ ад в. Багданаўка Лунінецкага р-на, вусце каля в. Бакінічы Пінскага р-на.
т. 2, с. 204
БАГДА́НАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Сенненскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Крывінка (выцякае з возера), за 5 км на ПдЗ ад г. Сянно. Пл. 1,19 км², даўж. 3,37 км, найб. шыр. 0,45 км, найб. глыб. 16,2 м, даўж. берагавой лініі каля 8 км. Пл. вадазбору 89,4 км².
Схілы катлавіны выш. 4—5 м, месцамі да 10 м, у верхняй частцы разараныя, у ніжняй пад лесам. Прыбярэжная частка дна пясчаная, глыбакаводная — глеістая. Амаль чвэрць плошчы дна пад расліннасцю. Упадаюць 2 ручаі, злучана пратокай з воз. Сянно. На ўсх. беразе археал. помнік — курганны могільнік.
т. 2, с. 204
БАГДА́НАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Янка, за 16 км на Пд ад г. Браслаў. Пл. 1,04 км², даўж. 2,42 км, найб. шыр. 0,63 км, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі 7 км. Пл. вадазбору 11,8 км².
Схілы катлавіны выш. да 5 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на Пн сплавінныя. Дно плоскае сапрапелістае, мелкаводдзе пясчанае, зарастае падводнай расліннасцю да глыб. 3 м. Упадаюць 2 ручаі, на Пд выцякае р. Янка.
т. 2, с. 204
БАГДА́НАЎ-БЕ́ЛЬСКІ Мікалай Пятровіч
(26.11.1868, в. Шапатова Бельскага р-на Цвярской вобласці — 19.2.1945),
рускі жывапісец, майстар бытавога жанру. Акадэмік жывапісу (1903), правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1914). Чл. Т-ва перасоўных маст. Выставак (1895—1918). Да 1883 вучыўся ў нар. школе С.Рачынскага ў в. Тацева Смаленскай губ., у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1884—89) у В.Паленава, У.Макоўскага, І.Пранішнікава і ў Пецярбургскай АМ (1890-я г.) у І.Рэпіна. Атрымаў залаты медаль за работу «Будучы манах» (1889). Творы Багданава-Бельскага вызначаюцца вял. назіральнасцю і цеплынёю ў адлюстраванні жыцця сельскай школы, рус. і бел. сялян (нейкі час жыў на Віцебшчыне): «Вуснае лічэнне» (1895), «Спроба галасоў», «У хворага настаўніка», «Каля дзвярэй школы» (усе 1897) і інш. У 1911—17 выкладаў у Пецярбургскай АМ. З 1921 жыў у Латвіі. У Нац. маст. музеі Беларусі карціна Багданава-Бельскага «Дзеці ў хаце» (1891).
М.М.Паграноўскі.
т. 2, с. 203
БАГДАНКЕ́ВІЧ Станіслаў Антонавіч
(1.1.1937, в. Шапавалы Валожынскага р-на Мінскай вобл.),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Беларусі, вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1991), праф. (1991). Акад. і віцэ-прэзідэнт Міжнар. АН Еўразіі (1994). Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі (1995). Скончыў Усесаюзны завочны фінансава-эканам. ін-т (1964). У 1956—81 працаваў ва ўстановах Дзяржбанка СССР на Беларусі. З 1981 заг. кафедры ў Бел. ін-це нар. гаспадаркі. У 1991—95 старшыня праўлення Нац. банка Рэспублікі Беларусь. З 1995 дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах грашова-крэдытнай сістэмы.
Літ.:
Совершенствование системы финансирования жилищного строительства. Мн., 1985;
Кредит в колхозах в условиях агропромышленной интеграции. Мн., 1986;
Финансирование, кредитование и расчеты в АПК. Мн., 1989;
Кредиты кооперативам и арендаторам. Мн., 1991.
т. 2, с. 204
БАГДАНО́ВІЧ Адам Ягоравіч
(1 ці 6.4.1862, г.п. Халопенічы Крупскага р-на Мінскай вобласці — 16.4.1940),
бел. этнограф, гісторык культуры, фалькларыст, мовазнавец. Бацька М.Багдановіча. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1882). Настаўнічаў, удзельнічаў у рэв. руху мінскіх нарадавольцаў. З 1885 заг. гарадскога пач. вучылішча ў Мінску. З 1892 у сял. зямельным банку ў Гродне. З 1896 у Ніжнім Ноўгарадзе, з 1907 у Яраслаўлі. Збіраў фалькл.-этнагр. матэрыялы, дасылаў іх П.Шэйну. Апублікаваў гіст. нарыс «Пра паншчыну» (1894), даследаванне «Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў» (1895), у якім аналізаваў перажыткі анімізму, фетышызму, культу сонца, нячыстай сілы і інш. У 1923 перадаў у Інбелкульт рукапісы М.Багдановіча. Аўтар успамінаў пра сына. Рукапісы прац Бадановіча «Мова зямлі. Утварэнне водарачных імёнаў і што ад іх паходзяць», «Этнічны склад народаў славянскіх і рускіх», «Этнічны склад беларускага народа», «Рэвалюцыйны рух у г. Мінску і губерні ў 80 і пачатку 90-х гг.», «Да гісторыі партыі «Народнай волі» ў Мінску і Беларусі, 1880—1892 г.» у Ін-це л-ры АН Беларусі.
Тв.:
Страницы из жизни Максима Горького. Мн., 1965;
Язык земли. Ярославль, 1966.
Літ.:
Пширков Ю.С. А.Е.Богданович. Мн., 1966.
т. 2, с. 204
БАГДАНО́ВІЧ Анатоль Васілевіч
(28.8.1888, в. Луначарскае Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобласці — 2.8.1969),
бел. і рус. мовазнавец. Скончыў Варшаўскі ун-т (1913). Настаўнічаў, з 1926 выкладаў бел. мову ў БДУ. Удзельнічаў у распрацоўцы бел. арфаграфіі (сакратар Арфаграфічнай камісіі, потым Камісіі бел. літ. мовы ў Інбелкульце). На пач. 1930-х г. звольнены з працы і пад пагрозай арышту ў 1934 пакінуў Беларусь. Працаваў у пед. ін-тах Расіі і Украіны. Аўтар падручніка «Беларуская мова» (1927), «Самавучыцеля па беларускай мове» (у рукапісе), артыкулаў па пытаннях бел. і рус. моў.
т. 2, с. 204
БАГДАНО́ВІЧ Ангел Іванавіч
(2.10.1860, г. Гарадок Віцебскай вобласці — 24.3.1907),
расійскі паліт. дзеяч, публіцыст і літ. крытык. У час вучобы ў Кіеўскім ун-це (1880—82) стаў удзельнікам нарадавольскага руху. Жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, Казані, Пецярбургу. Адзін са стваральнікаў паліт. аргцыі «Народнае права» (1893). Працаваў у рэдакцыях часопісаў «Русское богатство» (1893—94), «Мир Божий» (1894—1906). Пасля 1895 «легальны марксіст». Як крытык выступаў супраць «народніцкіх трафарэтаў» у літаратуры (ідэалізацыя вёскі, «мужыка») і інш. З 1906 рэдагаваў час. «Современный мир».
Тв.:
Годы перелома. Спб., 1908.
т. 2, с. 204