БАГДА́НАЎ-БЕ́ЛЬСКІ Мікалай Пятровіч

(26.11.1868, в. Шапатова Бельскага р-на Цвярской вобласці — 19.2.1945),

рускі жывапісец, майстар бытавога жанру. Акадэмік жывапісу (1903), правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1914). Чл. Т-ва перасоўных маст. Выставак (1895—1918). Да 1883 вучыўся ў нар. школе С.Рачынскага ў в. Тацева Смаленскай губ., у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1884—89) у В.Паленава, У.Макоўскага, І.Пранішнікава і ў Пецярбургскай АМ (1890-я г.) у І.Рэпіна. Атрымаў залаты медаль за работу «Будучы манах» (1889). Творы Багданава-Бельскага вызначаюцца вял. назіральнасцю і цеплынёю ў адлюстраванні жыцця сельскай школы, рус. і бел. сялян (нейкі час жыў на Віцебшчыне): «Вуснае лічэнне» (1895), «Спроба галасоў», «У хворага настаўніка», «Каля дзвярэй школы» (усе 1897) і інш. У 1911—17 выкладаў у Пецярбургскай АМ. З 1921 жыў у Латвіі. У Нац. маст. музеі Беларусі карціна Багданава-Бельскага «Дзеці ў хаце» (1891).

М.М.Паграноўскі.

т. 2, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)