ТАВАРЫ́СТВА ЯКУ́БА КО́ЛАСА Беларускае таварыства Якуба Коласа,
назва Беларускага культурнага таварыства «Белавежа» ў Аргенціне ў 1945—49.
т. 15, с. 374
ТАВАРЫ́СТВА «РАДЗІ́МА»,
гл. Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом.
т. 15, с. 373
ТАВАРЫ́СТВЫ АХО́ВЫ ПРЫРО́ДЫ,
грамадскія арг-цыі для садзейнічання ахове прыроды і прапаганды прыродаахоўных ідэй. Узніклі ў Францыі (1854), Вялікабрытаніі (Каралеўскае т-ва аховы птушак; 1889), Расіі (Усерасійскае Т.а.п.; 1924). Дзейнасць Т.а.п. ў свеце аб’ядноўвае Міжнародны саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП). Гл. таксама Беларускае таварыства аховы прыроды.
т. 15, с. 374
ТАВАРЫ́СТВЫ НА СУМЕ́СНАЙ АПРАЦО́ЎЦЫ ЗЯМЛІ́ (ТАЗ),
найпрасцейшая форма добраахвотнага аб’яднання сялян для сумеснай гасп. дзейнасці. Існавалі ў СССР да суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Далучалі сялян да вядзення калект. гаспадаркі.
У т-вах абагульвалася толькі зямля і сродкі вытв-сці, а праца сялян аб’ядноўвалася ў перыяды с.-г. работ. Прыбыткі размяркоўваліся адпаведна колькасці абагуленай зямлі, колькасці і якасці працы. Існавала таксама размеркаванне прыбыткаў па колькасці едакоў, выкарыстаных сродкаў вытв-сці і рабочай жывёлы. За кошт прыбыткаў т-ва набывалі сродкі вытв-сці і прадукцыйную жывёлу. У 1929 у СССР ТАЗы складалі 60% агульнай колькасці калект. гаспадарак. На Беларусі ў 1927 было 78 т-ваў. У час масавай калектывізацыі яны ператвораны ў сельскагаспадарчыя арцелі.
т. 15, с. 374
ТАВА́РЫ НАРО́ДНАГА СПАЖЫВА́ННЯ, спажывецкія тавары,
прадукцыя для продажу насельніцтву з мэтай выкарыстання яе для задавальнення матэрыяльных і культурных патрэбнасцей; сукупнасць прадуктаў спажывання. Адрозніваюць харч. і нехарч, Т.н.с. Харчовыя — гэта прадукты харчавання; хлебныя, малочныя, мясныя, рыбныя, бакалея, агародніна, садавіна і інш. Пералік і структура іх асартыменту мяняецца з развіццём вытв-сці, ростам тавараабароту, імпарту і інш. Да нехарчовых адносяцца тавары культ.-быт. і гасп. прызначэння, прадукцыя лёгкай прам-сці і г.д. Некаторыя віды прадукцыі адначасова бываюць вытв.-тэхн. прызначэння і Т.н.с. (тканіна, буд. матэрыялы, інструменты па апрацоўцы розных матэрыялаў і інш.).
т. 15, с. 370