Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БАКБО́, Танкінскі заліў,

заліў Паўднёва-Кітайскага мора, каля берагоў Кітая і В’етнама. Даўж. 330 км, шыр. каля ўвахода 241 км. Глыб. да 82 м. Аддзелены ад адкрытага мора п-вам Лэйчжоу і в-вам Хайнань. Прылівы сутачныя да 5,9 м. Порт — Хайфон (В’етнам).

т. 2, с. 229

БАКВА́НГА (Bakwanga),

гл. Мбужы-Майі.

т. 2, с. 229

БАКЕЛІ́Т (ад імя бельг.-амер. хіміка Л.​Бакеланда),

адна з назваў фенолафармальдэгідных смолаў і матэрыялаў на іх аснове.

т. 2, с. 229

БА́КЕН, бакан (галанд. baken),

плаваючы навігацыйны знак для абазначэння фарватараў або небяспечных месцаў на рэках, каналах і марскіх шляхах. Бываюць святлівыя, несвятлівыя ці з святлоадбівальным пакрыццём; робяць з дрэва або металу (канічнай, цыліндрычнай ці шарападобнай формы) і замацоўваюць на якары. Асвятленне на бакене пераважна электрычнае. Часам абсталёўваецца гукавым сігнальным прыстасаваннем.

т. 2, с. 229

БАКЕРЫ́НІ ((Boccherini) Луіджы) (9.2.1743, г. Лука, Італія — 28.5.1805),

італьянскі кампазітар, віяланчэліст. З 1761 першы віяланчэліст капэлы ў г. Лука, заснавальнік струннага квартэта. Гастраляваў у еўрап. краінах. З 1769 жыў у Іспаніі. У яго творчасці адлюстраваўся працэс фарміравання класічнага муз. стылю 18 ст. Найб. значэнне маюць яго віяланчэльныя творы, у т. л. канцэрты для віяланчэлі з арк., камерна-інстр. ансамблі. Сярод інш. твораў: каля 30 сімфоній, арк. п’есы, інстр. санаты, культавая музыка.

т. 2, с. 230

БАКІ́НСКАЕ ХА́НСТВА,

феад. дзяржава ў Азербайджане з цэнтрам у г. Баку ў сярэдзіне 18 ст. — 1806. Насельніцтва займалася земляробствам, здабычай солі, нафты, транзітным гандлем. У канцы 18 ст. пад пагрозай іран. нашэсця правіцель Бакінскага ханства Гусейн Кулі-хан папрасіў прыняць яго ў падданства да Расіі. У 1806 Бакінскае ханства далучана да Рас. імперыі.

т. 2, с. 230

БАКІ́НСКАЯ КАМУ́НА,

савецкая рэспубліка, якая існавала ў Баку і шэрагу іншых раёнаў Азербайджана 25.4—31.7.1918. Урад (бальшавікі і левыя эсэры) узначальваў С.​Г.​Шаўмян. Ва ўмовах актывізацыі ваен. дзеянняў у Закаўказзі з боку Турцыі і Англіі камуна пала, яе кіраўнікі расстраляны (гл. Бакінскія камісары).

т. 2, с. 230

БАКІ́НСКІЯ КАМІСА́РЫ,

26 дзеячаў Бакінскай камуны. Сярод іх старшыня Бакінскага СНК С.​Г.​Шаўмян, наркомы М.​А.​Азізбекаў, П.​А.​Джапарыдзе, І.​Ц.​Фіялетаў, Р.​Н.​Карганаў, Я.​Д.​Зевін, М.​Г.​Везіраў, інш. парт., сав. і ваен. работнікі камуны, у т. л. М.В.Басін. Бакінскія камісары арыштаваны ўрадам дыктатуры Цэнтракаспія, расстраляны эсэрамі і англ. інтэрвентамі 20.9.1918 у Закаспіі. Праз 2 гады іх астанкі перавезены ў Баку і пахаваны на плошчы, дзе створаны пантэон.

т. 2, с. 230

БАКІ́НСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ РАЁН,

размешчаны на Апшэронскім п-ве з прылеглай акваторыяй Каспійскага м., у Азербайджане. Прамысл. распрацоўка з апошняй трэці 19 ст. Да 1951 — 1-е месца ў СССР па здабычы нафты. Больш за 80 радовішчаў нафты і газу, паклады да глыб. 4500 м. Асн. радовішчы «Нафтавыя Камяні», Бахар, Сангачалы-мора, Бібі-Эйбат, Сураханы і інш. Цэнтр — г. Баку.

т. 2, с. 230

БАКІХА́НАЎ (Абас-Кулі-ага) (літ. псеўд. Гудсі; 21.6.1794, с. Аміраджаны каля Баку — 1847),

азербайджанскі вучоны і пісьменнік. З сям’і бакінскіх ханаў. У кн. «Райскі кветнік» (апубл. 1926) гісторыя Азербайджана ад старажытнасці да пач. 19 ст. Аўтар навук. прац па педагогіцы, філасофіі, мове фарсі, астраноміі і геаграфіі, паэт. і празаічных твораў. Адзін з пачынальнікаў новых жанраў у азерб. л-ры (навелы, рэаліст. бытавой паэмы).

т. 2, с. 230