БАРЭ́ЛЬ
(Borel) Эміль (7.1.1871, Сент-Афрык, дэп. Аверон, Францыя — 3.2.1956),
французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (1921), чл.-кар. АН СССР (1929). Скончыў Вышэйшую Нармальную школу ў Парыжы (1891). З 1893 у Лільскім ун-це, з 1897 праф. Парыжскага ун-та і Вышэйшай Нармальнай школы. Адзін з арганізатараў і дырэктар (з 1928) ін-та імя А.Пуанкарэ. Навук. працы па матэм. аналізе, тэорыі функцый, матэм. фізіцы і тэорыі імавернасцяў.
Тв.:
Рус. пер. — Пространство и время. М., [1924];
Основные идеи алгебры и анализа. М.; Л., 1927;
Вероятность и достоверность. М., 1974.
т. 2, с. 336
БАРЭЛЬЕ́Ф
(франц. bas-relief літар. нізкі рэльеф),
від рэльефнай скульптуры, дзе пукатая частка выявы выступае над плоскасцю фону не больш як на палову свайго аб’ёму. Барэльеф (выяўленчы і арнаментальны) — пашыраны від аздаблення архітэктурных збудаванняў і твораў дэкар. мастацтва. Часам барэльефы ўпрыгожваюць пастаменты помнікаў, стэлы, мемар. дошкі, манеты, медалі, гемы.
На Беларусі вядомы з даўніх часоў. У барэльефе выкананы віслыя пячаткі, каменныя і драўляныя абразкі («Канстанцін і Алена», 12 ст.; «Премудрость созда себе храм. Праздники» Ананія, 15—16 ст.); выявы евангелістаў на Віцебскіх царскіх варотах, у Міхайлаўскім касцёле ў в.Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., М.К.Радзівіла Сіроткі ў надмагіллі (17 ст., фарны касцёл у Нясвіжы). Развіццё барэльефу ў 19 — пач. 20 ст. звязана з імёнамі скульптараў В.Смакоўскага, К.Ельскага, К.Барычэўскага, Р.Слізеня, І.Цэйзіка і інш. Барэльефныя выявы часам уключаюць у мемар. помнікі (Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, 1969, А.Бембель; помнік воінам і партызанам на воз. Нарач у Мядзельскім раёне, 1968, Б.Маркаў, Я.Печкін; стэла з мемар. комплексу Рыленкі, 1973, М.Рыжанкоў; помнік І.Буйніцкаму ў в. Празарокі Глыбоцкага р-на, 1976, І.Міско, і інш.). Барэльефы ствараюць самадзейныя разьбяры па дрэве: І.Лук, А.Пупко, Дз.Сталяроў.
А.К.Лявонава.
т. 2, с. 336
БА́РЭНЦ
(Barents, Barentsz) Вілем (каля 1550, в-аў Тэрсхелінг, Нідэрланды — 20.6.1597),
галандскі мараплавец. У 1594—97 здзейсніў 3 плаванні па Паўн. Ледавітым ак. ў пошуках Паўн.-ўсх. праходу з Атлантычнага ў Ціхі ак. 1-я экспедыцыя дасягнула паўн. ўзбярэжжа Новай Зямлі, 2-я — в-ва Вайгач; у час 3-й (1596—97) паўторна (пасля нарманаў і рус. памораў) адкрыў а-вы Мядзведжы і Шпіцберген. Непраходныя льды прымусілі экспедыцыю зімаваць на паўн. ўзбярэжжы Новай Зямлі. Барэнц склаў карту Новай Зямлі, упершыню правёў гадавы цыкл метэаралагічных і акіянаграфічных назіранняў у моры, якое пазней было названа яго імем. У час зваротнага падарожжа памёр, пахаваны на Новай Зямлі. У гонар Барэнца названы таксама адзін з а-воў Шпіцбергена, пасёлак і порт Барэнцбург на в-ве Зах. Шпіцберген.
т. 2, с. 337
БА́РЭНЦБУРГ
(Barentsburg),
палярны горнапрамысловы пасёлак і порт (свабодны ад лёду з чэрв. да ліст.), на в-ве Зах. Шпіцберген (Свальбард, Нарвегія). Каля 1 тыс. ж. (1992). Паблізу аэрапорт. Цэнтр здабычы каменнага вугалю. Краязнаўчы музей. Названы ў гонар мараплаўца В.Барэнца.
т. 2, с. 337
БАРЭ́Р,
Барэр дэ В’ёзак (Barère de Vieuzac) Бертран (10.9.1755, г. Тарб, Францыя — 13.1.1841), французскі рэвалюцыянер. Адвакат. Дэп. Устаноўчага сходу і Канвента. Спрабаваў прымірыць жырандыстаў з якабінцамі, падтрымліваючы то адных, то другіх. У час якабінскай дыктатуры член К-та грамадскага выратавання. У дні тэрмідарыянскага перавароту садзейнічаў падзенню ўлады М.Рабесп’ера. У гады Рэстаўрацыі ў выгнанні. Аўтар мемуараў.
т. 2, с. 337
БАРЭ́СКАЎ Георгій Канстанцінавіч
(20.4.1907, г. Омск, Расія — 12.8.1984),
савецкі фізіка-хімік. Акад. АН СССР (1966; чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы (1967). Скончыў Адэскі політэхн. ін-т (1928). Працаваў у фіз.-хім. і хім.-тэхнал. ін-тах (1946—58) у Маскве. З 1958 дырэктар Ін-та каталізу Сібірскага аддз. АН СССР (г. Новасібірск). Навук. працы па тэорыі каталізу, матэм. мадэліраванні прамысл. каталітычных працэсаў. Распрацаваў новыя прамысл. каталізатары. Дзярж. прэмія СССР 1942, 1953.
Тв.:
Катализ: Вопр. теории и практики: Избр. тр. Новосибирск, 1987.
т. 2, с. 337
БАРЭ́ТЭР
(англ. barretter),
цеплавая прылада для падтрымання пастаянства сілы току ў ланцугу. Складаецца з запоўненага вадародам шклянога балона, унутры якога знаходзіцца метал. дроцік. Цеплавы рэжым барэтэра выбраны так, што пры павольных зменах напружання на канцах дроціка сіла току ў ім у пэўных межах застаецца пастаяннай. Выкарыстоўваецца ў радыёэлектроннай апаратуры.
т. 2, с. 337
БАРЭ́ЦКІ Іоў
(свецкае Іван Мацвеевіч; ?, с. Бірчы Гарадоцкага р-на Львоўскай вобласці — 12.3.1631),
дзеяч укр. праваслаўнай царквы, асветнік. Выкладчык, у 1604—05 рэктар Львоўскай брацкай школы. З 1610 у Кіеве, удзельнічаў у стварэнні Кіеўскай брацкай школы (1615, пазней акадэмія, першы яе рэктар). У 1620—31 кіеўскі мітрапаліт. Выступаў супраць распаўсюджвання на Украіне каталіцызму і Брэсцкай уніі 1596. Аўтар палемічных антыуніяцкіх твораў «Пратэстацыя» (1621; на польск. мове), «Аполія Апалогіі М.Сматрыцкага» (1628), пасланняў, лістоў, прадмоў, перакладаў. Працы Барэцкага ў 17 ст. былі вядомы на Беларусі, яго дзейнасць мела ўплыў на бел. культуру.
т. 2, с. 337
БАРЭ́ЦКІЯ,
наўгародская баярская сям’я. У 15 ст. ім належала 714 вёсак з 1458 сял. дварамі. Марфа (гл. Марфа Пасадніца), удава пасадніка Ісака Андрэевіча Барэцкага, і яе сын Дзмітрый Ісакавіч у 1471 узначалілі варожую Маскве партыю наўгародскіх баяраў, якая вяла перагаворы з літ. вял. князем Казімірам IV аб пераходзе ў яго падданства. У бітве на р. Шалонь (1471) паміж маскоўскай раццю і наўгародскім апалчэннем на чале з Дзмітрыем Барэцкім наўгародцы пацярпелі паражэнне. Дзмітрый трапіў у палон, яму, як і інш. баярам — прыхільнікам саюзу з ВКЛ, Іван III загадаў адсекчы галаву. Марфа і яе сын Фёдар працягвалі варожую Маскве дзейнасць.
т. 2, с. 337
БАР-КО́ХБА
(сапр. Шымон бен Касіба; ?—135),
кіраўнік паўстання 132—135 супраць рым. панавання ў Іудзеі. Абвясціўшы сябе месіяй і «князем Ізраіля», аднавіў яўр. культ і правіў (у т. л. чаканіў уласную манету) на адваяваных у рымлян землях (б.ч. Палесціны, каля 50 крэпасцяў) з цэнтрам у г. Бетар. Загінуў пры абароне Бетара ад легіёнаў рым. палкаводца Юлія Севера. Пры раскопках на ўзбярэжжы Мёртвага м. на пач. 1950-х г. знойдзена некалькі дакументаў Бар-Кохбы.
т. 2, с. 309