БА́РЭНЦ
(Barents, Barentsz) Вілем (каля 1550, в-аў Тэрсхелінг, Нідэрланды — 20.6.1597),
галандскі мараплавец. У 1594—97 здзейсніў 3 плаванні па Паўн. Ледавітым ак. ў пошуках Паўн.-ўсх. праходу з Атлантычнага ў Ціхі ак. 1-я экспедыцыя дасягнула паўн. ўзбярэжжа Новай Зямлі, 2-я — в-ва Вайгач; у час 3-й (1596—97) паўторна (пасля нарманаў і рус. памораў) адкрыў а-вы Мядзведжы і Шпіцберген. Непраходныя льды прымусілі экспедыцыю зімаваць на паўн. ўзбярэжжы Новай Зямлі. Барэнц склаў карту Новай Зямлі, упершыню правёў гадавы цыкл метэаралагічных і акіянаграфічных назіранняў у моры, якое пазней было названа яго імем. У час зваротнага падарожжа памёр, пахаваны на Новай Зямлі. У гонар Барэнца названы таксама адзін з а-воў Шпіцбергена, пасёлак і порт Барэнцбург на в-ве Зах. Шпіцберген.
т. 2, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)