Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАРЫ́ШНІКАЎ Міхаіл Мікалаевіч

(н. 27.1.1948, Рыга),

артыст балета. Засл. арт. Расіі (1973). Скончыў Ленінградскае маст. вучылішча (1967). З 1967 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя С.М.Кірава. З 1974 у ЗША. Супрацоўнічае з «Амерыканскім тэатрам балета» (у 1980—89 маст. дырэктар і саліст), «Нью-Йоркскім гарадскім балетам», танцаваў у трупах А.Эйлі, П.Тэйлара, Каралеўскім балеце Вялікабрытаніі, «Балеце XX стагоддзя», Марсельскім балеце і інш. З 1992 узначальвае трупу «Танцавальны праект «Белы дуб» (Фларыда, ЗША). Сярод партый: Адам («Стварэнне свету» А.Пятрова), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Альберт («Жызэль» А.Адана), Шчаўкунок («Шчаўкунок» П.Чайкоўскага) і інш. Здымаецца ў тэле- і кінафільмах. Лаўрэат Міжнар. конкурсаў балета (Варна, 1966; Масква, 1969) і прэміі імя В.Ніжынскага (Парыж, 1969).

т. 2, с. 335

БАРЫШЭ́ЎСКІ Уладзімір Рыгоравіч

(н. 1.7.1940, Мінск),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фізіка-матэм. н. (1974), праф. (1977). Чл. Нью-Йоркскай АН (1993). Скончыў БДУ (1962). З 1965 у БДУ, з 1986 дырэктар НДІ ядз. праблем БДУ. Навук. працы па ядз. фізіцы і фізіцы элементарных часціц. Стварыў новую галіну фіз. даследаванняў — ядз. оптыку палярызаваных асяроддзяў, у якой ім зроблены два адкрыцці: ядз. прэцэсіі спіна нейтронаў (1979) і з’явы вярчэння плоскасці палярызацыі гамаквантаў (1988).

Тв.:

Ядерная оптика поляризованных сред. Мн., 1976;

Каналирование, излучение и реакции в кристаллах при высоких энергиях Мн., 1982.

т. 2, с. 336

БА́РЫЮ ГІДРАКСІ́Д,

гл. ў арт. Барыю злучэнні.

т. 2, с. 336

БА́РЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя алучэнні, у састаў якіх уваходзіць барый, пераважна ў ступені акіслення +2. Найб. пашыраны аксід, гідраксід барыю, солі барыю (сульфат, хларыд, карбанат, нітрат і інш.). Бясколерныя крышт. рэчывы, ядавітыя, ГДК амаль усіх барыю злучэнняў 0,5 мг/м³. Сыравінай у вытв-сці барыю злучэнняў з’яўляецца барытавы канцэнтрат (80—95% сульфату барыю), які атрымліваюць флатацыяй барыту.

Барыю аксід BaO, tпл 2017 °C, пры награванні ўзганяецца, шчыльн. 5,7·103 кг/м³. З вадой утварае гідраксід барыю, з кіслотамі, дыяксідам вугляроду — солі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, эмаляў, каталізатараў. Пры награванні ў кіслародзе (500 °C) пераходзіць у пераксід барыю BaO2 — кампанент піратэхн. сумесяў, адбельвальнікаў для тканін і паперы. Барыю гідраксід Ba(OH)2, tпл 408 °C, гіграскапічны, насычаны раствор у вадзе наз. барытавай вадой; моцная аснова. Выкарыстоўваецца як паглынальнік дыяксіду вугляроду, для ачысткі алеяў і тлушчаў, кампанент змазак, аналітычны рэагент на сульфат- і карбанат-іоны. Барыю сульфат BaSO4, tпл 1580 °C, шчыльн. 4,5·103 кг/м³, не раствараецца ў вадзе і разбаўленых кіслотах, паглынае рэнтгенаўскае выпрамяненне. Напаўняльнік гумы і паперы (у тым ліку фотапаперы), кардону, кампанент белых мінер. фарбаў, кантрастнае рэчыва ў рэнтгенаскапічных даследаваннях страўнікава-кішачнага тракту (ГДК 6 мг/м³). Барыю карбанат BaCO3, tпл 1555 °C (у атмасферы CO2 пад ціскам 45 МПа), шчыльн. 4,25·103 кг/м³. Дрэнна раствараецца ў вадзе, рэагуе з разбаўленымі салянай і азотнай кіслотамі. Трапляецца ў прыродзе як мінерал вітэрыт. Выкарыстоўваюць у вытв-сці катодаў у электронна-вакуумных прыстасаваннях, аптычнага шкла, эмаляў, палівы, керамічных матэрыялаў, ферытаў, чырв. цэглы. Барыю хларыд BaCl2, tпл 961 °C, шчыльн. 3,83·103 кг/м³, раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваецца ў гарбарнай прам-сці для ўцяжарвання і асвятлення скуры, для барацьбы са шкоднікамі ў сельскай гаспадарцы, загартоўкі «хуткарэзнай» сталі. Барыю нітрат Ba(NO3)2. Існуе як мінерал нітрабарыт, выкарыстоўваецца ў эмалях і паліве, піратэхніцы. Барыю тытанат BaTiO3сегнетаэлектрык. Барыю храмат BaCrO4 і манганат BaMnO4 — адпаведна жоўты і зялёны пігменты.

Літ.:

Ахметов Т.Г. Химия и технология соединений бария. М., 1974.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 2, с. 336

БАРЭ́Й,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі бог паўночнага ветру. Уяўляўся дужым крылатым мужчынам. У пераносным сэнсе барэй — парывісты, халодны вецер.

т. 2, с. 336

БАРЭ́ЙКА

(канец 13 — 1-я пал. 14 ст.),

легендарны сярэдневяковы рыцар, бел. шляхціц правасл. веры. Паводле сцвярджэнняў гісторыка М.Стрыйкоўскага, пачынальнік роду Хадкевічаў. Першы подзвіг здзейсніў у 1306, калі адолеў воіна-волата з Залатой Арды, якога выставіў ханскі пасол з патрабаваннем выплаціць даніну з зямель ВКЛ пры ўмове, калі ён пераможа. Вял. князь Гедзімін у знак падзякі падараваў Барэйку ў дзяржанне Стакілавічы, Слонім, Збляны, Казылкішкі і Саханава, а яго нашчадкам — Мсцібава. Другі двубой Барэйка выйграў у 1344 у час паходу вял. кн. Альгерда ў Прусію. Пасля 1-й цяжкай бітвы на р. Юрыя ням. рыцар прапанаваў паядынак на ўмове: хто прайграе двубой, таго войска адступае без бітвы і лічыцца пераможаным. Барэйка зноў узяў верх і праславіў рыцарства ВКЛ.

т. 2, с. 336

БАРЭ́ЙКА Аркадзь Аляксандравіч

(26.1.1898, в. Дубраўкі Полацкага р-на Віцебскай вобласці — 12.12.1955),

генерал-маёр (1941), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў курсы «Выстрал» (1922), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Зах., Бранскім, Цэнтр., Бел. і 3-м Бел. франтах, камандзір дывізіі, корпуса. У вер. 1943 байцы корпуса пад яго камандаваннем фарсіравалі Дняпро ў Брагінскім раёне Гомельскай вобл., захапілі і ўтрымлівалі плацдарм. Да 1953 у Сав. Арміі.

т. 2, с. 336

БАРЭ́ЙША Антон Сцяпанавіч

(1858, б. хутар Любопаль Пінскага р-на Брэсцкай вобласці — 1924),

рэвалюцыянер-народнік. У час вучобы ў Беластоцкім рэальным вучылішчы ўваходзіў у нелегальны вучнёўскі гурток, арганізаваны І.Я.Грынявіцкім. У 1877—79 студэнт Пецярбургскага тэхнал. ін-та. У студз.жн. 1880 жыў у Пецярбургу на адной кватэры з Грынявіцкім. Уваходзіў у цэнтр. гурток рабочай арг-цыі «Народнай волі», кіраваў яе раённымі аддзяленнямі за Нарвенскай заставай; вёў рэв. прапаганду на фабрыках і заводах горада. Са снежня 1880 працаваў у нарадавольскай друкарні, якая выпускала «Рабочую газету», з сак. 1881 у друкарні газ. «Народная воля». Улетку 1881 у Маскве ўдзельнічаў у стварэнні рабочай нарадавольскай арг-цыі. 18.12.1881 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць; прыцягнуты да суд. «працэсу 17-ці» (сак.крас. 1883). Засуджаны да ссылкі ў Сібір. Памёр у г. Кірэнск (Іркуцкая вобл.).

т. 2, с. 336

БАРЭ́ЙША Міхась

(Міхаіл Уладзіміравіч; 4.1.1950, в. Новы Лад Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобласці — 13.8.1990),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1981). Працаваў на Полацкім хім. камбінаце, у прэсе. Друкаваўся з 1973. Проза Барэйшы (зб. «Крыніца, чыстая вадзіца», 1988) пра жыццё нашага сучасніка, падзеі Вял. Айч. вайны. Пісаў апавяданні, гумарэскі, нарысы, эсэ.

т. 2, с. 336

БА́РЭЛЬ

(англ. barrel літар. бочка),

адзінка аб’ёму сумяшчальнасці ў сістэме англ. мер. У ЗША 1 барэль нафтавы = 42 галонам = 0,158987 м³ = 158,988 л. 1 барэль сухі = 0,115627 м³ = 115,628 л. У Вялікабрытаніі 1 барэль сухі = 0,16365 м³ = 163,65 л.

т. 2, с. 336