БАРЭ́ЙКА

(канец 13 — 1-я пал. 14 ст.),

легендарны сярэдневяковы рыцар, бел. шляхціц правасл. веры. Паводле сцвярджэнняў гісторыка М.Стрыйкоўскага, пачынальнік роду Хадкевічаў. Першы подзвіг здзейсніў у 1306, калі адолеў воіна-волата з Залатой Арды, якога выставіў ханскі пасол з патрабаваннем выплаціць даніну з зямель ВКЛ пры ўмове, калі ён пераможа. Вял. князь Гедзімін у знак падзякі падараваў Барэйку ў дзяржанне Стакілавічы, Слонім, Збляны, Казылкішкі і Саханава, а яго нашчадкам — Мсцібава. Другі двубой Барэйка выйграў у 1344 у час паходу вял. кн. Альгерда ў Прусію. Пасля 1-й цяжкай бітвы на р. Юрыя ням. рыцар прапанаваў паядынак на ўмове: хто прайграе двубой, таго войска адступае без бітвы і лічыцца пераможаным. Барэйка зноў узяў верх і праславіў рыцарства ВКЛ.

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)