Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАРЫ́С УСЯСЛА́ВІЧ,

гл. Рагвалод Усяславіч.

т. 2, с. 326

БАРЫ́С Ю́Р’ЕВІЧ

(?—2.5.1159),

князь белгародскі, тураўскі. Сын кн. Юрыя Далгарукага. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1146. Падтрымліваў свайго бацьку ў барацьбе з кн. Ізяславам Мсціславічам за кіеўскі прастол. У 1149 атрымаў ва ўладанне Белгарад, але праз год выгнаны адтуль Ізяславам. Удзельнічаў у аблозе Луцка, выгнанні Ізяслава з Кіева (1150). У 1155 пасаджаны на княжанне ў Тураў. Не пазней чым праз 3 гады Тураў заняў кн. Юрый Яраславіч, а Барыс Юр’евіч выехаў у Растова-Суздальскую зямлю, дзе і памёр.

т. 2, с. 326

Барыс Якаў Сяргеевіч

т. 18, кн. 1, с. 345

БАРЫ́С I

(?—2.5.907),

князь Балгарыі [852—889]. Увёў у Балгарыі хрысціянства (864—865), стварыў балг. архіепіскапства (870), дамогся незалежнасці балг. царквы ад Візантыі (880). Пашырыў сваю дзяржаву за кошт макед. і стараж.-сербскіх земляў. У 889 адрокся ад прастола на карысць сына Уладзіміра-Расатэ і пайшоў у манастыр (хрысц. імя Міхаіл). У 893 скінуў Уладзіміра, які хацеў вярнуць язычніцтва, і зрабіў балг. князем сына Сімяона. Пасля смерці кананізаваны.

т. 2, с. 326

БАРЫ́С III

(30.1.1894, Сафія — 28.8.1943),

цар Балгарыі [1918—43]. Сын Фердынанда І Кобургскага. У 1923 ухваліў путч супраць прэм’ер-міністра А.Стамбалійскага. У 1935 адправіў у адстаўку ўрад К.Георгіева і ўсталяваў сваю дыктатуру. У знешняй палітыцы арыентаваўся на Германію. Пры ім Балгарыя стала саюзніцай фаш. Германіі (1941), але захавала дыпламат. адносіны з СССР, не пасылала свае войскі на сав.-герм. фронт, у мясц. канцлагерах пакінута 25 тыс. балг. яўрэяў, што падлягалі дэпартацыі. Раптоўна памёр пасля вяртання з аўдыенцыі ў Гітлера.

т. 2, с. 326

БАРЫ́Т,

цяжкі шпат, мінерал класа сульфатаў (сульфат барыю, BaSO4). Мае ў сабе 65,7% вокіслу барыю (ВаО). Прымесі стронцыю, кальцыю, свінцу. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Звычайна трапляецца ў выглядзе суцэльных буйнакрышт. масаў, можа быць у зярністых, пласціністых або зямлістых агрэгатах. Колер белы або з блакітным, жоўтым ці чырванаватым адценнем. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 4,3—4,5 г/см³. Паводле паходжання гідратэрмальны і гіпергенны. Асн. руда барыю. Выкарыстоўваецца ў растворах пры бурэнні, як напаўняльнік у папяровай, гумавай, керамічнай, лакафарбавай, цэментнай прам-сці, для вытв-сці выбуховых рэчываў, у металургіі, оптыцы і інш.

т. 2, с. 334

БАРЫ́ТА

(Barito),

рака на Пд в-ва Калімантан, у Інданезіі. Даўж. 880 км, пл. бас. каля 100 тыс. км². Пачынаецца на паўн. схілах хр. Мюлер, цячэ з Пн на Пд па забалочанай раўніне, упадае ў Яванскае м. Паўнаводная круглы год. Суднаходная ў сярэднім і ніжнім цячэнні. У дэльце порт Банджармасін.

т. 2, с. 335

БАРЫТАБЕТО́Н,

цяжкі бетон, запаўняльнік у якім барыт ці барытавая руда або іх сумесь з метал. стружкай, чыгунным шротам і інш. Аб’ёмная маса барытабетону 3300—3600 кг/м³, маркі 100, 150 і 200. Выкарыстоўваецца ў канструкцыях ядз. рэактараў для аховы абслуговага персаналу ад радыеактыўнага апрамянення.

т. 2, с. 335

БАРЫТО́Н

(італьян. baritono),

1) мужчынскі голас сярэдняга рэгістру (паміж басам і тэнарам). Дыяпазон A — as​1. Вылучаюць лірычны барытон, больш мяккі і рухомы, бліжэй да драм. тэнара, і драматычны барытон, больш мужны і моцны, бліжэй да баса.

2) Басовы струнны смычковы інструмент сям’і віёлаў з 6—7 асноўнымі і 7—20 (і болей) рэзаніруючымі струнамі (выкарыстоўваліся і для ігры шчыпком).

3) Духавы медны муштучны інструмент з сям’і шырокамензурных вентыльных духавых інструментаў (саксгорнаў і інш.).

4) Абазначэнне разнавіднасцяў у сем’ях духавых інструментаў (напр., саксафон-барытон, барытонавы габой і інш.).

т. 2, с. 335

БАРЫ́ЧАВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Пінскім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на У ад Пінска, 210 км ад Брэста. 320 ж., 121 двор (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. Сувязі.

т. 2, с. 335