БАРЫ́Т,

цяжкі шпат, мінерал класа сульфатаў (сульфат барыю, BaSO4). Мае ў сабе 65,7% вокіслу барыю (ВаО). Прымесі стронцыю, кальцыю, свінцу. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Звычайна трапляецца ў выглядзе суцэльных буйнакрышт. масаў, можа быць у зярністых, пласціністых або зямлістых агрэгатах. Колер белы або з блакітным, жоўтым ці чырванаватым адценнем. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 4,3—4,5 г/см³. Паводле паходжання гідратэрмальны і гіпергенны. Асн. руда барыю. Выкарыстоўваецца ў растворах пры бурэнні, як напаўняльнік у папяровай, гумавай, керамічнай, лакафарбавай, цэментнай прам-сці, для вытв-сці выбуховых рэчываў, у металургіі, оптыцы і інш.

т. 2, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)