Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАЗІФІКА́ЦЫЯ,

асноўны метасаматоз, прыродны працэс абагачэння горных парод марганцам, жалезам, у меншай ступені тытанам, фосфарам, магніем і кальцыем пры збядненні крэменязёмам, натрыем і каліем. Выражаецца ва ўтварэнні фронту базіфікацыі — зон, аблямовак, гнёздаў горных парод, якія маюць больш асноўны састаў, чым зыходныя. Абумоўлены гранітызацыяй у зонах ультраметамарфізму: найбольш рухомыя элементы горных парод выносяцца ў растворах і адкладаюцца ў выглядзе біятытавых, амфіболавых, піраксенавых і інш. монамінеральных парод, зрэдку разам з поліметалічнымі і жал. рудамі. Прадукты базіфікацыі пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі.

І.В.Найдзянкаў.

т. 2, с. 221

БАЗІФІ́ЛЬНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ

(ад грэч. basis аснова + phileō люблю),

арганізмы, якія нармальна развіваюцца на шчолачным субстраце. Напрыклад, урабактэрыі, з вышэйшых раслін — пераважна стэпавыя і пустынныя віды, а таксама белая акацыя, скумпія, лістоўніца еўрапейская, вятроўнік шасціпялёсткавы, ветраніца лясная і інш.

т. 2, с. 221

БАЗНА́НСКАЯ

(Boznaska) Вольга (15.4.1865, Кракаў — 26.10.1940),

польскі жывапісец. Вучылася у Мюнхене (1886—89) у К.Крыгельдорфа і В.Дзюра, з 1898 у Парыжы. Член т-ва польскіх мастакоў «Мастацтва» (з 1898, Кракаў). Нац. т-ва прыгожых мастацтваў (з 1901, Парыж). Аўтар інтымных рэалістычных партрэтаў у духу імпрэсіянізму, якія выкананы ў лёгкай, светлай гаме: «Дзяўчынка з хрызантэмай» (1894), «Партрэт дзвюх дзяўчынак» (1896), «Аўтапартрэт» (1900), партрэты Ф.Ясенскага (1907), Ядвігі Сапегі (1910), Г.Сянкевіча (1913) і інш.

т. 2, с. 221

БАЗО́НЫ,

бозе-часціцы. 1) мікрачасціцы, якія падпарадкоўваюцца Бозе-Эйнштэйна статыстыцы. Да іх адносяцца фатоны, α-часціцы, π-мезоны, ат. ядры з цотным лікам нуклонаў і інш. 2) Элементарныя ўзбуджэнні ў макраскапічнай сістэме, т.зв. квазічасціцы (феноны ў цвёрдым целе, эксітоны ў паўправадніках і малекулярных крышталях). Базоны маюць нулявы або цэлы спін, што адрознівае іх ад ферміёнаў. Характэрная асаблівасць базонаў — адвольная іх колькасць у пэўным квантавым стане, што дае магчымасць растлумачыць з’явы звышправоднасці і звышцякучасці.

т. 2, с. 221

БАЗО́ЎСКІ

(Bazovsk) Мілаш Аляксандр (11.1.1899, г. Турані-над-Вагам, Славакія — 15.12.1968),

славацкі жывапісец і графік. Нар. мастак Славакіі (1964). Вучыўся ў АМ у Будапешце (1918) і Празе (1919—24). Адзін з заснавальнікаў сучаснага славацкага жывапісу. Яго мастацтва блізкае да нар. формаў, нар. творчасці, што звязана з мяккім каларытам, умоўнасцю і спрошчанасцю малюнка, тонкім пачуццёвым лірызмам, тугою, смуткам. Аўтар тэматычных карцін, пейзажаў: «Веснавы струмень» (1927), «Чорныя сенажаці» (1930), «Дзяўчына са збанам» (1931), «Аранжавы конь» (1938), «Чорнае сонца» (1942), «Агасфер (Лудзільшчык)» (1948), «Радасная вёска» (1949), «Птушкі адлятаюць» (1957) і інш.

т. 2, с. 221

БА́ЗУА

(Basua),

пячора ў Лігурыі (вобласць у Паўн. Італіі), дзе знойдзены сляды дзейнасці паляўнічых эпохі мусцье. У 1950 адкрыта паўн. галерэя пячоры даўж. 400 м, якая завяршалася залай. Дзякуючы яе выключнай захаванасці (уваход перагароджвала сталагмітавая пробка) выяўлены 25 адбіткаў ног неандэртальцаў, фігурны сталагміт, які завяршаўся галавой забітага пячорнага мядзведзя і служыў мішэнню для сімвалічнага рытуальнага палявання — кідання злепленых з гліны «шароў».

т. 2, с. 221

«БАЗУ́КА» (англ. bazooka) першы амер. 60-мм ручны процітанкавы рэактыўны гранатамёт (1942). Маса 6,1 кг, маса гранаты 1,5 кг, макс. скорасць палёту гранаты 90 м/с, прыцэльная далёкасць стральбы 200 м, прабіваў браню таўшч. 90 мм. «Базукай» наз. і інш. процітанкавыя гранатамёты.

т. 2, с. 221

БАЗЫЛЕ́НКА Ганна Мартынаўна

(4.4.1908, г.п. Арэхаўск Аршанскага р-на Віцебскай вобласці — 16.1.1980),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1952). Скончыла БДУ (1931). Працавала ў Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі (1933—38), БДУ (1944—70). Аўтар манаграфіі «Пабочныя і ўстаўныя словы, словазлучэнні і сказы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове» (1964), шэрагу навук. артыкулаў па праблемах сучаснай бел. мовы. У 1920-я г. друкавала пад сваім прозвішчам і псеўд. Ганна Арахоўская вершы, апавяданні і аднаактовыя п’есы.

т. 2, с. 222

БА́ЗЫЛЕЎ Мікалай Іванавіч

(н. 10.5.1936, в. Юзафоўка Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1989), праф. (1990). Скончыў БДУ (1963), дзе працаваў з 1966. З 1994 у Бел. дзярж. эканам. ун-це. Асн. кірунак навук. дзейнасці — адносіны ўласнасці і шляхі іх рэфармавання на сучасным этапе. Адзін з аўтараў вучэбных дапаможнікаў па асновах маркетынгу, прадпрымальніцтва і камерцыйнай дзейнасці.

Тв.:

Экономическая теория социализма: Вопр. развития и методологии в переход. период. Мн., 1981;

Обобществление производства и развитие социалистической собственности. Мн., 1983.

т. 2, с. 222

БАЗЫ́ЛІК Цыпрыян

(1535?, г. Серадз, Польшча — пасля 1600),

паэт, перакладчык, кампазітар, кнігавыдавец. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Прыблізна з 1556 адзін з кіраўнікоў капэлы канцлера ВКЛ М.Радзівіла Чорнага. Складаў рэліг. песнапенні (выдадзены асобнымі кніжкамі ў Брэсце ў 1556, 1558, 1559). У 1560—70-я г. ўладальнік і кіраўнік Брэсцкай друкарні. У некаторыя кнігі ўключаў свае вершы. Аўтар паэмы «Надпіс на помніку П.Сецыгнеўскага» (1570). Пераклаў з лац. мовы на польск. і выдаў «Гісторыю жорсткіх ганенняў царквы Божай» (1567, з А.Воланам), творы М.Барлетці пра Г.Скандэрбега (1569), М.Олаха «Пра Атылу, караля угорскага» (Кракаў, 1574; рукапіс бел. перакладу каля 1580) і А.Маджэўскага Фрыча «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» (Лоск, 1577).

т. 2, с. 222