БАЗІФІКА́ЦЫЯ,

асноўны метасаматоз, прыродны працэс абагачэння горных парод марганцам, жалезам, у меншай ступені тытанам, фосфарам, магніем і кальцыем пры збядненні крэменязёмам, натрыем і каліем. Выражаецца ва ўтварэнні фронту базіфікацыі — зон, аблямовак, гнёздаў горных парод, якія маюць больш асноўны састаў, чым зыходныя. Абумоўлены гранітызацыяй у зонах ультраметамарфізму: найбольш рухомыя элементы горных парод выносяцца ў растворах і адкладаюцца ў выглядзе біятытавых, амфіболавых, піраксенавых і інш. монамінеральных парод, зрэдку разам з поліметалічнымі і жал. рудамі. Прадукты базіфікацыі пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі.

І.В.Найдзянкаў.

т. 2, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)