Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАТКО́ЎСКІ Сяргей Барысавіч

(17.7.1917, С.-Пецярбург — 24.10.1995),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1940). З 1946 у Мінску, працаваў у праектных ін-тах, у 1960—65 гал. архітэктар ін-та «Мінскпраект», з 1978 выкладаў у Бел. акадэміі мастацтваў. Асн. работы ў Мінску: рэканструкцыя карпусоў хім. і біля. ф-таў БДУ (1950), крыты плавальны басейн Ін-та фізкультуры (1953); паліграфічны камбінат імя Я.Коласа (1956), жылыя дамы на праспекце Ф.Скарыны (1958, Дзярж. прэмія Беларусі 1968), карпусы гадзіннікавага з-да (1963), павільён ВДНГ Беларусі (1968), рэканструкцыя стадыёна «Дынама» (усе ў сааўт.). Помнік Я.Купалу ў Араў-парку пад Нью-Йоркам (1973, скульпт. А.Анікейчык); бюст касманаўта П.І.Клімука ў Брэсце (1978, скульпт. І.Міско) і інш.

т. 2, с. 349

БАТЛА́ЧЫК,

гл. Лісахвост.

т. 2, с. 349

БАТЛЕ́ЙКА,

бетлейка (ад Betleem — польская назва г. Віфлеем, дзе нарадзіўся Хрыстос), бел. нар. тэатр лялек. Вядома з 16 ст. Узнікненне батлейкі звязана са святам Каляд. Т-ры падобнага тыпу вядомы ў Польшчы (шопка) і на Украіне (вяртэп).

Вытокі батлейкі ў сярэдневяковым містэрыяльным т-ры Зах. Еўропы, адкуль праз Польшчу прынесены езуітамі на Беларусь. Развіваўся ў цеснай сувязі са школьным тэатрам. Фактычна батлейка — «народная асіміляцыя школьнай драмы з яе інтэрмедыямі» (Ф.Аляхновіч). На працягу ўсяго існавання батлейкі разыгрывалася п’еса «Цар Ірад». Паказ складаўся з 2 частак: сур’ёзнай, якая апавядала пра нараджэнне Хрыста і ганенне яго царом Ірадам (т.зв. асн. сюжэт), і камедыйнай — інтэрмедый звычайна вясёлага зместу, з жартаўлівымі дыялогамі ці маналогамі, песнямі, танцамі. Часткі не мелі агульнага сюжэта, паміж сабой спалучаліся механічна, фармальна, фактычна іх аб’ядноўваў своеасаблівы карнавальны настрой, уласцівы Калядам. Біблейскія падзеі ў батлейцы набывалі адвольную нар. трактоўку. Пры адным традыцыйным асн. сюжэце паказы батлейкі ў розных рэгіёнах яе бытавання адрозніваліся менавіта інтэрмедыямі, сярод якіх «Мужык (Мацей) і доктар», «Антон з казой і Антоніха», «Скамарох з мядзведзем», «Вольскі — купец польскі», «Цыган і цыганка» і інш. Папулярныя персанажы інтэрмедый — Мужык, Доктар, Яўрэй, Франт (чужаземец), Цыган, Казак і інш. Для паказаў батлейкі рабілі 2-павярховую скрынку накшталт царквы або хаткі. Батлеечнікі (або «ралёшнікі») вадзілі драўляныя лялькі на шпянях па проразях у падлозе паверхаў. Сцэна кожнага паверха мела 3 аддзелы: вял. цэнтральны, дзе адбывалася дзеянне, і меншыя бакавыя (для ўваходаў і выхадаў).

Батлейка шырока бытавала па ўсёй Беларусі. Разнавіднасцямі яе былі жлоб і яселка. Паказы адбываліся па хатах, у корчмах, на вуліцах гарадоў, мястэчак, вёсак, суправаджаліся музыкай (найчасцей скрыпка і бубен). Асаблівае месца займалі батлейкі, зробленыя па прынцыпе ценявога т-ра (Віцебск, Веліж). У канцы 19 — пач. 20 ст. жанравыя сцэны батлейкі выконваліся не толькі лялькамі, а непасрэдна акцёрамі (жывая батлейка ці батлея). На пач. 20 ст. своеасаблівай з’явай стала батлейка Патупчыка (Докшыцы), дзе апрача традыцыйнага паказу дэманстраваліся і бытавыя сцэны з тагачаснага жыцця. Гэты ж прынцып пакладзены ў аснову дзейнасці Залескага нар. т-ра «Батлейка» (арганізаваны Я.Ліс і А.Лосем у 1983). З канца 1980-х г. робяцца спробы адрадзіць традыц. паказы батлейкі на Каляды. З 1991 яны адбываюцца ў філіяле музея М.Багдановіча «Беларуская хатка» ў Мінску (батлейка з’яўляецца фрагментам экспазіцыі), а прафесійныя т-ры — Дзярж. т-р лялек і Тэатр-студыя кінаакцёра — паставілі батлеечную п’есу «Цар Ірад» (у сваёй інтэрпрэтацыі).

Літ.:

Барышаў Г.І., Саннікаў А.К. Беларускі народны тэатр батлейка. Мн., 1962;

Народны тэатр. Мн., 1983.

Дз.У.Стэльмах.

т. 2, с. 349

БА́ТЛЕР

(Butler) Нікалас М’юрэй (2.4.1862, г. Элізабет, ЗША — 7.12.1947),

амерыканскі дзярж. дзеяч, педагог, пацыфіст. Скончыў Калумбійскі каледж. Д-р філасофіі (1884), праф. (1890). У 1902—45 прэзідэнт Калумбійскага каледжа. Быў саветнікам прэзідэнта ЗША Т.Рузвельта. Адстойваў неабходнасць абмежавання ўзбраення і стварэння міжнар. суда. З 1925 прэзідэнт Фонду міжнар. міру. Падтрымаў пакт Келага—Брыяна (1928), які асуджаў вайну як сродак нац. палітыкі. Нобелеўская прэмія міру 1931 (разам з Дж.Адамс).

т. 2, с. 349

БАТМАГЕНЕ́З

(ад грэч. bathmos ступень + ...генез),

эвалюцыйная канцэпцыя, паводле якой у аснове прагрэс. развіцця жывых арганізмаў ляжыць унутр. імкненне да самаўдасканалення — «сіла росту», або батмізм. Дзеянне гэтага ўнутр. фактару накіроўваецца, на думку аўтара батмагенезу амер. палеантолага Э.Д.Копа (1871), вонкавымі ўплывамі, намаганнямі, што выклікаюцца патрэбнасцю, а таксама неўсвядомленым або свядомым выбарам. Менавіта свядомы выбар на аснове «сілы росту» ўласцівы, паводле батмагенезу, усяму жывому, стварае новыя адаптацыі арганізмаў, а натуральны адбор толькі захоўвае або знішчае іх. Канцэпцыя батмагенезу аўтагенетычная, падобная да вучэння Ж.Б.Ламарка і ляжыць у аснове псіхаламаркізму. Гл. таксама Неаламаркізм.

т. 2, с. 349

БАТНІ́ЧНЫ ЗАЛІ́Ў

(швед. Bottniska viken, фін. Pohjanlahti),

паўночная частка Балтыйскага м., паміж Швецыяй і Фінляндыяй. Злучаецца з адкрытым морам пралівам Сёдра-Кваркен паміж Аландскімі а-вамі і берагам Швецыі. Пл. 117 тыс. км². Даўж. 668 км, шыр. да 240 км. Найб. глыб. 290 м. Шэраг невял. астравоў — шхераў. Зімой замярзае. Прылівы мяшаныя, на Пн сутачныя (да 0,1 м). Гал. парты: Васа, Оўлу, Поры (Фінляндыя), Лулео, Умее (Швецыя).

т. 2, с. 350

БАТО́МЕТР

(ад грэч. bathos глыбіня + ...метр),

прылада для адбору проб вады з пэўнай глыбіні вадаёмаў. З дапамогай батометра вывучаюць фіз.-хім. і сан. ўласцівасці вады і завіслыя ў ёй прымесі. Бываюць імгненнага напаўнення (марскі і рачны батометры) і працяглага напаўнення (батометр-бутэлька, вакуумны батометр). Донныя батометры прыстасаваны да адбору проб наносаў. Некаторыя батометры спалучаны з тэрмометрамі, якія фіксуюць т-ру на глыбіні адобру пробы.

т. 2, с. 350

БАТО́РЫЙ СТАФА́Н,

гл. Стафан Баторый.

т. 2, с. 350

БАТО́РЫН

(сапр. Хаймовіч) Фелікс Барысавіч (н. 5.2.1948, Мінск),

бел. паэт, перакладчык. Піша на бел. і яўр. (ідыш) мовах. Скончыў Мінскі мед. ін-т (1972). Працуе ўрачом. Друкуецца з 1968. Аўтар паэт. зб-каў «Раніца» (1981), «Зялёны тралейбус» (1986), «Я дрэва пасадзіў» (1991). У баладах адлюстраваў гіст. асоб (лагойскі граф Тышкевіч, М.Гусоўскі, В.Вашчыла, С.Налівайка, К.Каліноўскі, А.Вярыга-Дарэўскі, М.Багдановіч і інш.), эпізоды бел. гісторыі. На бел. мову перакладае паэзію і прозу з рус., ням. і ідыш.

т. 2, с. 350

БАТО́РЫНА,

Баторын, возера ў Беларусі, у Мядзельскім раёне Мінскай вобл., у бас. р. Нарач, за 1,5 км на Пд ад г.п. Мядзел. Пл. 6,25 км², даўж. 3,5 км, найб. шыр. 2,4 км, найб. глыб. 5,5 м, даўж. берагавой лініі 15 км. Пл. вадазбору 92,4 км².

Схілы катлавіны выш. 3—6 м, пераважна разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, асабліва заходні, які зліваецца з забалочанай поймай і пераходзіць у балота. Мелкаводдзе пясчана-глеістае. Асн. частка ложа выслана сапрапелямі магутнасцю да 8 м. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. ад 150 да 300 м. На ПдУ невял. ўчасткі сплавіны. Водапрыёмнік балотных водаў (упадаюць 10 меліярац. канаў); злучана пратокай з воз. Мястра. Месца адпачынку і турызму.

т. 2, с. 350