БАТЛЕ́ЙКА,
бетлейка (ад Betleem — польская назва г. Віфлеем, дзе нарадзіўся Хрыстос), бел. нар. тэатр лялек. Вядома з 16 ст. Узнікненне батлейкі звязана са святам Каляд. Т-ры падобнага тыпу вядомы ў Польшчы (шопка) і на Украіне (вяртэп).
Вытокі батлейкі ў сярэдневяковым містэрыяльным т-ры Зах. Еўропы, адкуль праз Польшчу прынесены езуітамі на Беларусь. Развіваўся ў цеснай сувязі са школьным тэатрам. Фактычна батлейка — «народная асіміляцыя школьнай драмы з яе інтэрмедыямі» (Ф.Аляхновіч). На працягу ўсяго існавання батлейкі разыгрывалася п’еса «Цар Ірад». Паказ складаўся з 2 частак: сур’ёзнай, якая апавядала пра нараджэнне Хрыста і ганенне яго царом Ірадам (т.зв. асн. сюжэт), і камедыйнай — інтэрмедый звычайна вясёлага зместу, з жартаўлівымі дыялогамі ці маналогамі, песнямі, танцамі. Часткі не мелі агульнага сюжэта, паміж сабой спалучаліся механічна, фармальна, фактычна іх аб’ядноўваў своеасаблівы карнавальны настрой, уласцівы Калядам. Біблейскія падзеі ў батлейцы набывалі адвольную нар. трактоўку. Пры адным традыцыйным асн. сюжэце паказы батлейкі ў розных рэгіёнах яе бытавання адрозніваліся менавіта інтэрмедыямі, сярод якіх «Мужык (Мацей) і доктар», «Антон з казой і Антоніха», «Скамарох з мядзведзем», «Вольскі — купец польскі», «Цыган і цыганка» і інш. Папулярныя персанажы інтэрмедый — Мужык, Доктар, Яўрэй, Франт (чужаземец), Цыган, Казак і інш. Для паказаў батлейкі рабілі 2-павярховую скрынку накшталт царквы або хаткі. Батлеечнікі (або «ралёшнікі») вадзілі драўляныя лялькі на шпянях па проразях у падлозе паверхаў. Сцэна кожнага паверха мела 3 аддзелы: вял. цэнтральны, дзе адбывалася дзеянне, і меншыя бакавыя (для ўваходаў і выхадаў).
Батлейка шырока бытавала па ўсёй Беларусі. Разнавіднасцямі яе былі жлоб і яселка. Паказы адбываліся па хатах, у корчмах, на вуліцах гарадоў, мястэчак, вёсак, суправаджаліся музыкай (найчасцей скрыпка і бубен). Асаблівае месца займалі батлейкі, зробленыя па прынцыпе ценявога т-ра (Віцебск, Веліж). У канцы 19 — пач. 20 ст. жанравыя сцэны батлейкі выконваліся не толькі лялькамі, а непасрэдна акцёрамі (жывая батлейка ці батлея). На пач. 20 ст. своеасаблівай з’явай стала батлейка Патупчыка (Докшыцы), дзе апрача традыцыйнага паказу дэманстраваліся і бытавыя сцэны з тагачаснага жыцця. Гэты ж прынцып пакладзены ў аснову дзейнасці Залескага нар. т-ра «Батлейка» (арганізаваны Я.Ліс і А.Лосем у 1983). З канца 1980-х г. робяцца спробы адрадзіць традыц. паказы батлейкі на Каляды. З 1991 яны адбываюцца ў філіяле музея М.Багдановіча «Беларуская хатка» ў Мінску (батлейка з’яўляецца фрагментам экспазіцыі), а прафесійныя т-ры — Дзярж. т-р лялек і Тэатр-студыя кінаакцёра — паставілі батлеечную п’есу «Цар Ірад» (у сваёй інтэрпрэтацыі).
Літ.:
Барышаў Г.І., Саннікаў А.К. Беларускі народны тэатр батлейка. Мн., 1962;
Народны тэатр. Мн., 1983.
Дз.У.Стэльмах.
т. 2, с. 349