БАНДА́РЧЫК Васіль Кірылавіч
(н. 1.8.1920, в. Кірава Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. этнограф. Чл.-кар. АН Беларусі (1972), д-р гіст. н. (1965), праф. (1978). Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1952). З 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (у 1969—76 дырэктар). У манаграфіях «Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.» (1964), «Гісторыя беларускай этнаграфіі. Пачатак XX ст.» (1970), «Гісторыя беларускай савецкай этнаграфіі» (1972) даследуе асн. тэндэнцыі, кірункі і навук. плыні ў бел. этнаграфіі. Вывучае сучасныя культ.-побытавыя працэсы, гісторыю матэрыяльнай і духоўнай культуры, вераванні беларусаў, вусна-паэт. творчасць. Адзін з аўтараў кн. «Этнаграфія беларусаў» (1985), у якой разглядаецца этнагенез і этнічная гісторыя беларусаў.
т. 2, с. 277
БАНДА́РЧЫК Таццяна Андрэеўна
(12.11.1902, в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобласці — 24.7.1974),
бел. актрыса. Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). У 1920 на настаўніцкіх курсах у Бабруйску арганізавала драм. гурток «Крыніца», дзе паставіла п’есу Я.Купалы «Паўлінка» і выканала гал. ролю. Працавала ў т-рах: Бел. дзярж. (цяпер імя Я.Купалы, да 1921), Бел. імя Я.Коласа (1926—48), драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе (1949—56), Бабруйскім вандроўным (1956—67). Майстар эпізоду. Яе мастацтву былі ўласцівыя яркая характарнасць, акрэсленасць малюнка. Найб. каларытныя характары стварыла ў бел. драматургіі: Паланея («Прымакі» Я.Купалы), бабка Наста («Вайна вайне» Я.Коласа), Сцепаніда («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Маці («Ірынка» К.Чорнага), Жабрачка («Над Бярозай-ракой» П.Глебкі), Аўдоцця Захараўна («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Аўдоцця, Акуліна («Любоў, Надзея, Вера» і «Дзіўны дом» П.Васілеўскага).
т. 2, с. 277
БАНДА́РЫНА Зінаіда Аляксандраўна
(11.10.1909, г. Гродна — 16.4.1959),
бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі бел. пед. тэхнікум (1927), Ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1933). Настаўнічала ў бел. школе ў сібірскім пас. Медзякова (1927—28). Працавала ў бел. перыяд. друку. У 1948—50 заг. філіяла музея Я.Купалы ў Вязынцы. Друкавалася з 1926. Аўтар зб. вершаў «Веснацвет» (1931), зб. апавяданняў для дзяцей «Лясныя госці» (1960), аповесцяў «Шуміць тайга» (1928), «Дыпломная работа» (1953), «Галіна Ільіна» (1959, апошнія дзве на рус. мове). Аповесць «Ой, рана на Івана...» (1956) пра дзіцячыя і юнацкія гады Я.Купалы.
т. 2, с. 277
БАНДАРЫ́ХІНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі бронзы (канец 12 — канец 8 ст. да нашай эры) на ПнУ Украіны (бас. рэк Северскі Данец, Ворскла, Сула, Псёл, Сейм). Назва ад паселішча ва ўрочышчы Бандарыха, непадалёку ад г. Ізюм Харкаўскай вобласці. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на адкрытых і ўмацаваных паселішчах у зямлянках і наземных жытлах. Пахавальны абрад — найчасцей трупаспаленне з наступным пахаваннем рэшткаў у грунтавых ямах. Кераміка арнаментаваная верт. расчосамі, гарыз. радамі ямак рознай формы. Прылады вырабляліся з каменю (свідраваныя сякеры, зерняцёркі), косці (праколкі, прасліцы) і бронзы (кельты, нажы, кінжалы). На думку большасці даследчыкаў, плямёны, якія пакінулі Бандарыхінскую культуру, былі фіна-угорскія.
т. 2, с. 277
БАНДАРЭ́НКА Андрэй Васілевіч
(н. 17.7.1955, г. Вільня),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1981, клас Дз.Смольскага). З 1985 выкладчык Гродзенскага муз. вучылішча, з 1992 маст. кіраўнік «Гродзенскай капэлы». Найб. дасягненні ў галіне опернай і духоўнай музыкі. Сярод твораў: опера «Князь Наваградскі» (паст. 1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1994), кантата «Аповесць пра разбурэнне Разані Батыем» (1981), араторыя «Думкі рускія» (1985), харавыя канцэрты «Пахвала вялікаму князю Уладзіміру Святаслававічу» (1987), «Вячэрняя малітва» (1993); сімф. паэма «Антыфон» (1980); Музыка для габоя, аргана, струнных і ўдарных інструментаў (1984), сімфонія для струннага арк. (1986), Канцэрт-паэма для скрыпкі, віяланчэлі, фп. і камернага арк. (1988), 3 хары на вершы А.С.Пушкіна; Літургія Іаана Златавуста (1995), хары на кананічныя тэксты.
Р.М.Аладава.
т. 2, с. 277
БАНДАРЭ́НКА Валерый Мікалаевіч
(н. 1.1.1946, в. Малая Сазанка Амурскай вобл., Расія),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1988). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя А.Луначарскага ў Маскве (1967). З 1975 у Рускім драм. т-ры Беларусі. Увасобленыя ім вобразы вызначаюцца паглыбленым псіхалагізмам, адметнай выканаўчай манерай: Гужа («Знак бяды» паводле В.Быкава), Азазэла («Майстры» А.Дударава паводле М.Булгакава), Косач («Вяртанне ў Хатынь» паводле А.Адамовіча), Салёны («Тры сястры» А.Чэхава), Клаўдзій, Макдуф («Гамлет», «Макбет» У.Шэкспіра), Мэкі-Нож («Трохграшовая опера» Б.Брэхта), Крыспэн («Адзіны нашчадак» Ж.Ф.Рэньяра) і інш. Здымаецца ў кіно.
т. 2, с. 277
БАНДАРЭ́НКА Зінаіда Аляксандраўна
(н. 28.4.1939, Мінск),
дыктар бел. тэлебачання. Нар. арт. Беларусі (1985). Скончыла БДУ (1968). З 1959 дыктар Гомельскай абл. студыі тэлебачання, з 1962 працуе на Бел. рэсп. студыі тэлебачання (з 1976 кіраўнік групы дыктараў). Яе творчую дзейнасць вызначаюць артыстызм, абаяльнасць, нац. характар.
т. 2, с. 277
БАНДАРЭ́НКА Максім Мінавіч
(1902, б. Хутар Кіжын Бабруйскага пав. — 17.2.1943),
адзін з кіраўнікоў патрыят. падполля на тэр. Брэсцкай вобласці ў Вял. Айч. вайну. У 1928—41 старшыня калгасаў, дырэктар МТС у Парыцкім, Койданаўскім, Целяханскім р-нах. З вер. 1941 у партызанах, з канца 1942 сакратар Ганцавіцкага падп. РК КП(б)Б. Загінуў у баі.
т. 2, с. 277