БАНДА́РЧЫК (Таццяна Андрэеўна) (12.11.1902, в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобласці — 24.7.1974),

бел. актрыса. Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). У 1920 на настаўніцкіх курсах у Бабруйску арганізавала драм. гурток «Крыніца», дзе паставіла п’есу Я.​Купалы «Паўлінка» і выканала гал. ролю. Працавала ў т-рах: Бел. дзярж. (цяпер імя Я.​Купалы, да 1921), Бел. імя Я.​Коласа (1926—48), драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе (1949—56), Бабруйскім вандроўным (1956—67). Майстар эпізоду. Яе мастацтву былі ўласцівыя яркая характарнасць, акрэсленасць малюнка. Найб. каларытныя характары стварыла ў бел. драматургіі: Паланея («Прымакі» Я.​Купалы), бабка Наста («Вайна вайне» Я.​Коласа), Сцепаніда («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Маці («Ірынка» К.​Чорнага), Жабрачка («Над Бярозай-ракой» П.​Глебкі), Аўдоцця Захараўна («Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Аўдоцця, Акуліна («Любоў, Надзея, Вера» і «Дзіўны дом» П.​Васілеўскага).

т. 2, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)