Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАКІХА́НАЎ Абас-Кулі-ага

(літ. псеўд. Гудсі; 21.6.1794, с. Аміраджаны каля Баку — 1847),

азербайджанскі вучоны і пісьменнік. З сям’і бакінскіх ханаў. У кн. «Райскі кветнік» (апубл. 1926) гісторыя Азербайджана ад старажытнасці да пач. 19 ст. Аўтар навук. прац па педагогіцы, філасофіі, мове фарсі, астраноміі і геаграфіі, паэт. і празаічных твораў. Адзін з пачынальнікаў новых жанраў у азерб. л-ры (навелы, рэаліст. бытавой паэмы).

т. 2, с. 230

БАКЛАЖА́Н

(Solanum melongena),

шматгадовая агароднінная расліна сям. паслёнавых. Дзікарослы вядомы ў Індыі, дзе ўведзены ў культуру да нашай эры У Еўропе разводзілі пераважна як лек. расліну, з 18 ст. спажываюць у ежу. Вырошчваюць у тропіках і субтропіках; на Беларусі найбольш у паўд. раёнах Брэсцкай і Гомельскай абласцей.

Выш. да 1 м. Лісце простае, авальнае, зялёнае з фіялетавым адценнем. Кветкі фіялетавыя, пазушныя, адзіночныя або ў гронках. Плады — ягады, грушападобныя, круглыя або цыліндрычныя, фіялетавыя, жоўтыя з карычневымі палосамі, зялёныя, белыя; маюць цукры, бялкі, дубільныя рэчывы, вітаміны C, B1, PP. Цепла- і вільгацелюбівая расліна. У культуры аднагадовая, вырошчваецца расадай. У адкрыты грунт высаджваюць у канцы мая — пач. Чэрвеня.

т. 2, с. 230

БАКЛА́НАЎ Міхаіл Іванавіч

(12.2.1914, с. Іванаўка Валнавахскага р-на Данецкай вобл., Украіна — 23.1.1990),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969).Вучыўся ў Харкаўскім інж.-буд. ін-це (1936—41). З 1944 працаваў у ін-це «Белдзяржпраект». Асн. работы: рэканструкцыя будынка Дзярж. рус. драм. тэатра Беларусі (1950), арх.-буд. тэхнікум (1954), Дзярж. маст. музей Беларусі, жылыя дамы па вул. К.Маркса (1954), на рагу вуліц Захарава і Першамайскай (1958), будынкі Бел. аграрнага тэхн. ун-та (1960, 1979), мед. ін-та (1966), корпус ф-та радыёфізікі БДУ (1966, у сааўт.) у Мінску; гал. корпус турысцкай базы (1968) і комплекс дома адпачынку «Сосны» (1975) на воз. Нарач (Мядзельскі р-н).

т. 2, с. 230

БАКЛА́НАЎ Рыгор Якаўлевіч

(н. 11.9.1923, г. Варонеж),

рускі пісьменнік. Скончыў Літаратурны ін-т імя М.Горкага (1951). Гал. рэдактар час. «Знамя» (з 1986). Першая аповесць «У Снегірах» (1954). Вядомасць прынеслі аповесці пра Вял. Айч. вайну «Дзевяць дзён» («На поўдзень ад галоўнага ўдару», 1958), «Пядзя зямлі» (1959), «Мёртвыя сораму не маюць» (1961), «Ліпень 41 года» (1964; аднайм. раман 1965), «Карпухін» (1966), «Тэмп вечнай пагоні» («Месяц у Амерыцы», 1972), «Навекі — дзевятнаццацігадовыя» (1979, Дзярж. прэмія СССР 1982), «Меншы сярод братоў» (1981). Аўтар рамана «Сябры» (1975), нарысаў, кінасцэнарыяў. Паглыблены псіхалагізм, замкнутасць сферы развіцця дзеяння, кантрастнасць дэталяў — характэрныя рысы маст. манеры пісьменніка.

т. 2, с. 230

БАКЛА́НЫ

(Phalacrocoracidae),

птушкі сямейства бакланавых атр. весланогіх, 2 роды, 30 відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках. Жывуць на марскіх узбярэжжах, астравах, вял. унутр. вадаёмах. На Беларусі вельмі рэдка трапляецца як залётны від баклан вялікі (Phalacrocorax carbo).

Даўж. 55—92 см, маса да 3 кг. Апярэнне дарослых чорнае. Крылы адносна кароткія, хвост доўгі, шорсткі. Пальцы злучаны плавальнай перапонкай. Добра плаваюць і ныраюць на вял. глыбіню. Гняздуюцца калоніямі. Гнёзды будуюць на скалах, дрэвах, заломах чароту, на роўных берагах. Нясуць 2—4 яйцы. Кормяцца рыбай і ракападобнымі. Шкодзяць рыбнай гаспадарцы. У некаторых раёнах Японіі і Кітая шмат стагоддзяў бакланаў выкарыстоўваюць для лоўлі рыбы. Некаторыя занесены ў Чырв. кнігі МСАП і б. СССР.

т. 2, с. 230

БАКО́ЛАД

(Bacolod),

горад і порт на Філіпінах, на ПнЗ в-ва Неграс, на беразе прал. Гімарас. Адм. ц. правінцыі Зах. Неграс. 364 тыс. ж. (1990). Аэрапорт. Цэнтр вытв-сці і экспарту цукру. Ун-т.

т. 2, с. 231

БАКО́Р

[ад назвы мінералаў ба(дэлеіт) і кар(унд)],

вогнетрывалы матэрыял з вял. колькасцю аксіду цырконію (33—45%) і гліназёму (50%). Шчыльн. (3,6—3,8) · 103 кг/м³, устойлівы да тэмператур 1700 °C і дзеяння агрэсіўных расплаваў (шкламасы). Выкарыстоўваецца для муравання шклаварных печаў.

т. 2, с. 231

БАКСЁР,

нямецкі бульдог, парода службовых сабак. Выведзены ў Германіі ў канцы 19 ст. скрыжаваннем англ. бульдогаў і ням. булен-бейсераў. Пашыраны ва ўсім свеце.

Канстытуцыя моцная, шыракацелая. Выш. ў карку 58—68 см. Масць рыжая, тыгравая, зрэдку белая, рабая, плямістая. Морда чорная або цёмная, вакол вачэй цёмныя кругі («акуляры»). Шэрсць кароткая, прамая, шорсткая. Хвост купіруюць у маладым узросце. Тып паводзін ураўнаважана-рухомы. Добра дрэсіруецца. Характэрны алюр — галоп.

т. 2, с. 231

БАКСЁРСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ,

гл. Іхэтуаньскае паўстанне.

т. 2, с. 231

БАКСІ́Т

(ад назвы мясцовасці Бо на Пд Францыі, дзе ўпершыню быў знойдзены),

алюмініевая руда, якая складаецца пераважна з гідратаў вокіслаў алюмінію, вокіслаў жалеза (бёміту, гібсіту, гідрагётыту, дыяспару і інш.) і гліністых мінералаў. Агрэгаты шчыльныя (камяністыя), порыстыя, зямлістыя, глінападобныя. Колер белы, шэры, жоўты, чырвоны, чорны. Бляск цьмяны да зямлістага. Цв. 1—3. Шчыльн. 1800—3200 кг/м³. Паходжанне латэрытнае (рэшткавае, ва ўмовах трапічнага і субтрапічнага клімату) і асадкавае. Гал. руда для атрымання алюмінію, выкарыстоўваецца на выраб фарбаў, штучных абразіваў, вогнетрывалых матэрыялаў і інш. Асн. радовішчы ў Аўстраліі, Сурынаме, Гаяне, Бразіліі, Гвінеі, Францыі, Венгрыі, Расіі, ЗША, на Ямайцы.

т. 2, с. 231