БАКСІ́Т

(ад назвы мясцовасці Бо на Пд Францыі, дзе ўпершыню быў знойдзены),

алюмініевая руда, якая складаецца пераважна з гідратаў вокіслаў алюмінію, вокіслаў жалеза (бёміту, гібсіту, гідрагётыту, дыяспару і інш.) і гліністых мінералаў. Агрэгаты шчыльныя (камяністыя), порыстыя, зямлістыя, глінападобныя. Колер белы, шэры, жоўты, чырвоны, чорны. Бляск цьмяны да зямлістага. Цв. 1—3. Шчыльн. 1800—3200 кг/м³. Паходжанне латэрытнае (рэшткавае, ва ўмовах трапічнага і субтрапічнага клімату) і асадкавае. Гал. руда для атрымання алюмінію, выкарыстоўваецца на выраб фарбаў, штучных абразіваў, вогнетрывалых матэрыялаў і інш. Асн. радовішчы ў Аўстраліі, Сурынаме, Гаяне, Бразіліі, Гвінеі, Францыі, Венгрыі, Расіі, ЗША, на Ямайцы.

т. 2, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)