БА́ЗІСНАЯ ЦАНА́,
1) база для вызначэння індэкса цэн у міжнар. гандлі (экспартных і імпартных) у цэлым і па асобных групах тавараў. Гэтыя звесткі друкуюцца ў міжнар. і нац. знешнегандл. статыстыцы, перыяд. выданнях ААН.
2) У рыначнай эканоміцы — цана тавару з пэўнымі фіксаванымі параметрамі (якасць, памер, хім. састаў), якая служыць базай цэн на дадзеную прадукцыю. Пры змене кан’юнктуры рынку базісная цана звычайна захоўвае пэўную стабільнасць, мяняюцца надбаўкі і скідкі да яе, што вядзе да ўстанаўлення рэальнага ўзроўню (росту ці зніжэння) цэн.
т. 2, с. 221
БА́ЗІС ГЕАДЭЗІ́ЧНЫ,
лінія, даўжыня якой (прыкладна 8—15 км) вымяраецца на мясцовасці з вял. дакладнасцю. Базіс геадэзічны з дапамогай базіснай сеткі служыць у трыянгуляцыі для вызначэння даўжыні зыходнага боку трохвугольніка.
т. 2, с. 220
БА́ЗІС ДЭНУДА́ЦЫІ,
дэнудацыйны ўзровень, ніжні ўзровень паверхні, да якога перамяшчаюцца (скочваюцца або змываюцца) прадукты разбурэння (выветрывання) горных парод. Звычайна адпавядае падэшве горнага схілу, дзе адбываецца акумуляцыя матэрыялу, які зносіцца зверху, і ўтвараюцца (пры стромкіх схілах) дэлювіяльныя шлейфы (гл. Дэлювій).
т. 2, с. 221
БА́ЗІС ЭРО́ЗІІ,
праверхня, на ўзроўні якой вадацёк (рака, ручай) траціць сілу і не можа далей паглыбляць сваё рэчышча. Агульны (або галоўны) базіс эрозіі — узровень Сусветнага ак.; мясцовыя (або часовыя) базісы эрозіі — праточныя азёры, месцы ўпадзення прытокаў у гал. раку, выхады цвёрдых парод, якія запавольваюць глыбінную эрозію ракі. Змена вышыні базісу эрозіі (ваганні ўзроўню мора, векавыя рухі зямной кары і інш.) суправаджаецца ўразаннем даліны або запаўненнем яе рачнымі адкладамі.
т. 2, с. 221
БАЗІФІКА́ЦЫЯ,
асноўны метасаматоз, прыродны працэс абагачэння горных парод марганцам, жалезам, у меншай ступені тытанам, фосфарам, магніем і кальцыем пры збядненні крэменязёмам, натрыем і каліем. Выражаецца ва ўтварэнні фронту базіфікацыі — зон, аблямовак, гнёздаў горных парод, якія маюць больш асноўны састаў, чым зыходныя. Абумоўлены гранітызацыяй у зонах ультраметамарфізму: найбольш рухомыя элементы горных парод выносяцца ў растворах і адкладаюцца ў выглядзе біятытавых, амфіболавых, піраксенавых і інш. монамінеральных парод, зрэдку разам з поліметалічнымі і жал. рудамі. Прадукты базіфікацыі пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі.
І.В.Найдзянкаў.
т. 2, с. 221
БАЗІФІ́ЛЬНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ
(ад грэч. basis аснова + phileō люблю),
арганізмы, якія нармальна развіваюцца на шчолачным субстраце. Напрыклад, урабактэрыі, з вышэйшых раслін — пераважна стэпавыя і пустынныя віды, а таксама белая акацыя, скумпія, лістоўніца еўрапейская, вятроўнік шасціпялёсткавы, ветраніца лясная і інш.
т. 2, с. 221
БАЗНА́НСКАЯ
(Boznańska) Вольга (15.4.1865, Кракаў — 26.10.1940),
польскі жывапісец. Вучылася у Мюнхене (1886—89) у К.Крыгельдорфа і В.Дзюра, з 1898 у Парыжы. Член т-ва польскіх мастакоў «Мастацтва» (з 1898, Кракаў). Нац. т-ва прыгожых мастацтваў (з 1901, Парыж). Аўтар інтымных рэалістычных партрэтаў у духу імпрэсіянізму, якія выкананы ў лёгкай, светлай гаме: «Дзяўчынка з хрызантэмай» (1894), «Партрэт дзвюх дзяўчынак» (1896), «Аўтапартрэт» (1900), партрэты Ф.Ясенскага (1907), Ядвігі Сапегі (1910), Г.Сянкевіча (1913) і інш.
т. 2, с. 221
БАЗО́НЫ,
бозе-часціцы. 1) мікрачасціцы, якія падпарадкоўваюцца Бозе-Эйнштэйна статыстыцы. Да іх адносяцца фатоны, α-часціцы, π-мезоны, ат. ядры з цотным лікам нуклонаў і інш. 2) Элементарныя ўзбуджэнні ў макраскапічнай сістэме, т.зв. квазічасціцы (феноны ў цвёрдым целе, эксітоны ў паўправадніках і малекулярных крышталях). Базоны маюць нулявы або цэлы спін, што адрознівае іх ад ферміёнаў. Характэрная асаблівасць базонаў — адвольная іх колькасць у пэўным квантавым стане, што дае магчымасць растлумачыць з’явы звышправоднасці і звышцякучасці.
т. 2, с. 221
БАЗО́ЎСКІ
(Bazovský) Мілаш Аляксандр (11.1.1899, г. Турані-над-Вагам, Славакія — 15.12.1968),
славацкі жывапісец і графік. Нар. мастак Славакіі (1964). Вучыўся ў АМ у Будапешце (1918) і Празе (1919—24). Адзін з заснавальнікаў сучаснага славацкага жывапісу. Яго мастацтва блізкае да нар. формаў, нар. творчасці, што звязана з мяккім каларытам, умоўнасцю і спрошчанасцю малюнка, тонкім пачуццёвым лірызмам, тугою, смуткам. Аўтар тэматычных карцін, пейзажаў: «Веснавы струмень» (1927), «Чорныя сенажаці» (1930), «Дзяўчына са збанам» (1931), «Аранжавы конь» (1938), «Чорнае сонца» (1942), «Агасфер (Лудзільшчык)» (1948), «Радасная вёска» (1949), «Птушкі адлятаюць» (1957) і інш.
т. 2, с. 221
БА́ЗУА
(Basua),
пячора ў Лігурыі (вобласць у Паўн. Італіі), дзе знойдзены сляды дзейнасці паляўнічых эпохі мусцье. У 1950 адкрыта паўн. галерэя пячоры даўж. 400 м, якая завяршалася залай. Дзякуючы яе выключнай захаванасці (уваход перагароджвала сталагмітавая пробка) выяўлены 25 адбіткаў ног неандэртальцаў, фігурны сталагміт, які завяршаўся галавой забітага пячорнага мядзведзя і служыў мішэнню для сімвалічнага рытуальнага палявання — кідання злепленых з гліны «шароў».
т. 2, с. 221