Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БАБІ́ДСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1848—52,

антышахскія і антыкаланіяльныя нар. паўстанні ў Іране пад кіраўніцтвам бабідаў (прыхільнікаў Баба). Былі рэакцыяй на адсутнасць наспелых у краіне сац.-эканам. рэформаў і ўмяшанне Англіі, Расіі і інш. дзяржаў ва ўнутр. справы Ірана. 1-е паўстанне адбылося ў вер. 1848 — маі 1849 у Мазендэране. Каля 2 тыс. паўстанцаў, гал. чынам сялян і рамеснікаў, пабудавалі на беразе р. Талар (на ПдУ ад г. Барфаруш) крэпасць. На чале з муламі Махамедам Алі Барфарушскім і Хасейнам Башруе яны спрабавалі адмяніць прыватную ўласнасць, абвясціць усю маёмасць агульным набыткам, ажыццявіць роўнасць людзей (харчаваліся з агульнага катла). Задушана шахскімі ўладамі. 2-е паўстанне праходзіла ў г. Зенджан (май—снеж. 1850) пад аналагічнымі лозунгамі. Паўстанцы абвясцілі пра заснаванне новага вечнага царства са справядлівымі парадкамі. Вераломна задушана ўладамі. 3-е паўстанне ў чэрв. 1850 у г. Нейрыз пратрымалася ўсяго некалькі дзён. Пасля яго задушэння бабідскі рух страціў масавы характар. У жн. 1852 бабіды здзейснілі няўдалы замах на жыццё шаха Наср-эд-дзіна. Уцалелыя ад шахскіх рэпрэсій бабіды ўцяклі ў Ірак і інш. краіны.

т. 2, с. 180

БАБІ́Й (Зіновій Іосіфавіч) (27.1.1935, в. Падсадкі Пустамытаўскага р-на Львоўскай вобласці — 28.7.1984),

бел. спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. Беларусі (1964). Вучыўся ў Кіеўскай (1957—59), скончыў Бел. кансерваторыю (1981). З 1954 саліст ансамбля Прыкарпацкай ваен. акругі, з 1957 у Кіеўскім, з 1960 у Львоўскім т-рах оперы і балета. У 1963—77 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Яго творчай індывідуальнасці найб. адпавядалі партыі героіка-драм. і трагедыйнага плана. Лепшая роля — Атэла ў аднайм. оперы Дж.​Вердзі. Сярод інш. партый: Сяргей («Алеся» Я.​Цікоцкага), Манрыка, Радамес, Герцаг («Трубадур», «Аіда», «Рыгалета» Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Каварадосі («Тоска» Дж.​Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Арэст («Арэстэя» С.​Танеева). Канцэртны рэпертуар спевака ўключаў 18 сольных праграм з твораў розных эпох і стыляў, у т. л. творы бел. кампазітараў, неапалітанскія песні.

Літ.:

Жураўлёў Дз.М. Зіновій Бабій // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978.

З.І.Бабій.
З.Бабій у ролі Германа.

т. 2, с. 180

БАБІ́НА,

1) у тэкстыльнай прамысловасці від пакоўкі нітак (ніткі намотваюцца на шпулю без фланцаў).

2) У электратэхніцы — прылада ў рухавіках унутр. згарання з батарэйнай сістэмай запальвання (іншая назва — індукцыйная шпуля, шпуля запальвання).

3) У выліч. тэхніцы, гука- і кінатэхніцы шпуля для намотвання магн. стужкі або кінаплёнкі.

т. 2, с. 181

БАБІ́НАВІЦКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, гл. Зелянское возера.

т. 2, с. 181

БАБІ́НАВІЦКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы з в. Бабінавічы Лёзненскага р-на Віцебскай вобласці. Промысел узнік у старажытнасці, найб. развіцця дасягнуў у 19 — 1-й пал. 20 ст. Выраблялі чырвонагліняную непаліваную, чорназадымленую і гартаваную кераміку. З пач. 20 ст. набылі пашырэнне вырабы, аздобленыя размалёўкай светла-жоўтым ангобам у выглядзе завіткоў, кропак, парасткаў, паліваныя ўсярэдзіне і звонку бясколернай палівай. Акрамя гасп. посуду (збанкі, гаршкі, спарышы, міскі, слоікі) майстры А.​Траяноўскі, М.​Шчадзінскі, А.​Рыжкоў і інш. выраблялі утылітарна-дэкаратыўны (цукарніцы, цукерачніцы, маслёнкі) і фігурны посуд у выглядзе жывёл, а таксама цацкі, скарбонкі, попельніцы з лепкай. У наш час выраб традыц. асартыменту посуду і цацак працягваецца.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Бабінавіцкая кераміка. Посуд. 1970-я г.

т. 2, с. 181

Бабінавіцкі

т. 18, кн. 1, с. 340

БАБІ́НАВІЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў 1777—96 і 1802—40 у Магілёўскай губ. Цэнтр — г. Бабінавічы. Утвораны 21.6.1777 з Дубровенскага пав. Пл. 301,6 тыс. дзесяцін, нас. 55,1 тыс. чал. (1782). 12.12.1796 пры стварэнні Беларускай губ. павет скасаваны, яго тэр. ўключана ў Аршанскі і Віцебскі пав., 27.2.1802 адноўлены. У 1831 у павеце жылі 50,7 тыс. чал. Канчаткова Бабінавіцкі павет скасаваны 23.2.1840, тэр. ўвайшла ў Аршанскі пав.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 2, с. 181

БАБІ́НАВІЧЫ,

два паселішчы эпохі неаліту (4—3-е тыс. да нашай эры) каля в. Бабінавічы Лёзненскага р-на Віцебскай вобласці. Раскопкамі выяўлены рэшткі посуду, блізкага да керамікі верхня-волжскай культуры, кераміка нёманскай культуры, крамянёвыя прылады (наканечнікі стрэл, разцы, нажы і інш.). Стаянкі неаліту на У Бел. Падзвіння і ў прылеглых раёнах Верхняга Падняпроўя з-за іх гіст. агульнасці атрымалі назву «помнікі бабінавіцкага тыпу».

т. 2, с. 181

БАБІ́НАВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці. Цэнтр сельсавета. За 30 км на ПдЗ ад Лёзна, 52 км ад Віцебска. 754 ж., 317 двароў (1995).

Заснавана не пазней як у 16 ст. У канцы 16—17 ст. мястэчка, дзярж. маёмасць, цэнтр Бабінавіцкага староства ў Віцебскім ваяв. У 1777—96 і 1802—40 цэнтр Бабінавіцкага павета, Бабінавічы мелі статус павятовага горада. У 1781 горад атрымаў герб. У 1897 у Бабінавічах 1157 ж., царкоўнапрыходская школа, пошта, тэлеграф, прыходская царква, касцёл св. Тройцы. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 страцілі статус горада і сталі вёскай. З 1924 цэнтр сельсавета ў Высачанскім, з 1931 — у Лёзненскім р-нах.

Птушкафабрыка. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Вайсковыя могілкі сав. воінаў і партызанаў. Каля вёскі археал. помнік Бабінавічы.

т. 2, с. 181

БА́БІНА КА́ША,

у беларусаў абрадавая страва на радзінах. Каша з прасяных, ячных або грэцкіх круп на малацэ, з яйкамі, мёдам, цукрам, маслам, якую варыла бабка-павітуха. Бабіну кашу падавалі пад канец святочнага абеду, калі пачынаўся «торг» за яе. Пасля «торгу» гаршчок з бабінай кашай заставаўся ў самага шчодрага (звычайна гэта быў кум) госця. Ён разбіваў гаршчок на шчасце нованароджанаму і частаваў усіх кашай на чарапку. У наш час на радзінах замест бабінай кашы па традыцыі ў гаршку падаюць цукеркі, пячэнне і інш.

Т.​І.​Кухаронак.

т. 2, с. 181