БАБІ́НАВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці. Цэнтр сельсавета. За 30 км на ПдЗ ад Лёзна, 52 км ад Віцебска. 754 ж., 317 двароў (1995).

Заснавана не пазней як у 16 ст. У канцы 16—17 ст. мястэчка, дзярж. маёмасць, цэнтр Бабінавіцкага староства ў Віцебскім ваяв. У 1777—96 і 1802—40 цэнтр Бабінавіцкага павета, Бабінавічы мелі статус павятовага горада. У 1781 горад атрымаў герб. У 1897 у Бабінавічах 1157 ж., царкоўнапрыходская школа, пошта, тэлеграф, прыходская царква, касцёл св. Тройцы. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 страцілі статус горада і сталі вёскай. З 1924 цэнтр сельсавета ў Высачанскім, з 1931 — у Лёзненскім р-нах.

Птушкафабрыка. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Вайсковыя могілкі сав. воінаў і партызанаў. Каля вёскі археал. помнік Бабінавічы.

т. 2, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)