Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАНКАПРА́ДЫ (Hepialidae),

сямейства насякомых падатр. раўнакрылых матылёў. Каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найб. шматлікія ў тропіках. Жывуць на лугах, палях, у лясах, хмызняках. Актыўныя на змярканні. На Беларусі 9 відаў. Найб. трапляюцца Т.: хмелевы (Hepialus humuli), верасовы (Phymatopus hecta).

Размах крылаў да 24 см. Характэрна аднолькавае жылкаванне пярэдніх і задніх крылаў. Вусікі кароткія. Вусені маюць 5 пар брушных ножак; жывуць у глебе, некат. віды — у сцёблах травяністых раслін, у ствалах і каранях дрэў.

С.​Л.​Максімава.

Танкапрад хмелевы: 1 — самец; 2 — самка; 3 — вусень.

т. 15, с. 425

ТАНКАРУ́ННЫЯ АВЕ́ЧКІ,

пароды авечак з аднароднай тонкай воўнай з пухавых валокнаў. Руно шпатэлепадобнае. Т.а. характарызуюцца высокай воўнавай прадукцыйнасцю, воўна вызначаецца правільнай пакручастасцю і вял. колькасцю тлушчапоту. Пароды Т.а. з воўнай найлепшай якасці — мерыносы. Паводле кірунку прадукцыйнасці падзяляюцца на воўнавыя, воўнава-мясныя і мяса-воўнавыя пароды. Воўнавыя Т.а. (азербайджанскі горны мерынос, грозненская парода, стаўрапольская парода, сальская) сярэдніх памераў, маса 45—55 кг, настрыг воўны 4,5—7 кг. Воўнава-мясныя Т.а. (асканійская парода, савецкі мерынос, алтайская, забайкальская, каўказская, кіргізская пароды) больш буйныя, маса 55—60 кг, настрыг воўны 4,5—6 кг. Для мяса-воўнавых парод (прэкас, валгаградская, вяцкая, дагестанская горная, казахскі архарамерынос, краснаярская) характэрны буйны рост і добра вызначаныя мясныя формы, маса 60—65 кг, настрыг воўны 4,5—5,5 кг.

т. 15, с. 425

ТАНКАСЦЕ́ННЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

будаўнічыя канструкцыі, таўшчыня якіх значна меншая за іншыя памеры (пралёт, папярочнае сячэнне). Спалучаюць лёгкасць з высокай трываласцю. Да Т.к. адносяцца абалонкі, купалы, скляпенні, складкі і інш.

Робяцца з металаў, жалезабетону, слаістых пластыкаў і інш. матэрыялаў. Выкарыстоўваюцца пры буд-ве прамысл. і грамадскіх будынкаў (выставачных павільёнаў, канцэртных залаў, спарт. збудаванняў), інж. збудаванняў (бункераў, сіласасховішчаў, рэзервуараў і да т.п.). Для разліку Т.к. выкарыстоўваюць тэорыі ўстойлівасці, пругкасці і пластычнасці. На Беларусі з Т.к. пабудаваны купал Камароўскага рынку ў Мінску і інш.

І.​І.​Леановіч.

т. 15, с. 425

ТА́НКЕР (англ. tanker ад tank бак, рэзервуар),

грузавое наліўное судна для перавозкі вадкіх і паўвадкіх грузаў (сырой нафты і нафтапрадуктаў, кіслот, звадкаваных газаў, алею, спірту і інш.).

Аднапалубнае, з кармавым размяшчэннем машыннага аддзялення, грузавая частка падзелена папярочнымі і падоўжнымі пераборкамі на грузавыя адсекі — танкі. Частка танкаў запаўняецца вадой для забеспячэння патрэбнай пасадкі і астойлівасці судна ў парожнім рэйсе. Звычайна Т. маюць двайное дно і двайныя барты ў танкавай частцы. Аснашчаюцца помпамі для выдалення грузу, проціпажарнымі ўстаноўкамі. Грузападымальнасць марскіх Т. да 400—550 тыс. т (супертанкеры), рачных да 5 тыс. т.

Танкер «ЭССО Германія»: 1 — грабны вінт; 2 — машынная надбудова; 3 — памяшканні для каманды; 4 — сігнальная мачта з радарам; 5 — вогнетушыльная пушка (гармата) і трубаправоды; 6 — пражэктарная мачта; 7 — загрузачныя лініі; 8 — пярэдняя сігнальная мачта.

т. 15, с. 425

ТАНКЕ́ТКА,

баявая гусенічная браніраваная машына, узброеная 1—2 кулямётамі. Браніраванне супрацькулявое (да 10 мм), скорасць да 45 км/гадз, экіпаж 1—2 чал. У Сав. Арміі была на ўзбраенні ў пач. 1930-х г. Прызначалася пераважна для разведкі і сувязі.

Танкетка Т-27 (СССР).

т. 15, с. 425

ТАНКІ́НСКІ ЗАЛІ́Ў,

другая назва заліва Бакбо.

т. 15, с. 425

ТАНКО́ВІЧ Віктар Сцяпанавіч (н. 16.4.1934, в. Карытніца Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1963), праф. (1993). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1956). З 1956 у Ін-це эканомікі АН Беларусі, з 1963 у Бел. эканам. ун-це. Навук. працы па праблемах эканам. механізму гаспадарання ў АПК, рэфармавання с.-г. прадпрыемстваў і іх адаптацыі да рынку.

Тв.:

Совершенствование хозрасчета в колхозах и совхозах БССР. Мн., 1974;

Хозяйственный расчет в колхозах и совхозах. Мн., 1982;

Хозяйственный расчет в системе агропромышленного комплекса. Мн., 1989;

Научные основы импортозамещения: На примере импортозамещения продукции АПК. Мн., 1999 (у сааўт.);

Экономика предприятий и отраслей АПК. Мн., 2001 (у сааўт.).

т. 15, с. 426

ТАНЛЕСА́П, Сап,

возера ў Камбоджы, на Камбаджыйскай раўніне; самае вял. на п-ве Індакітай. Пл. мяняецца ад 2,5—3 тыс. км² зімой да 10 тыс. км² летам, глыб. адпаведна ад 1—2 м да 10—14 м. Берагі нізкія. забалочаныя. Злучана р. Танлесап з р. Меконг і часткова рэгулюе яе сцёк. Выкарыстоўваецца для арашэння рысавых палёў, рыбалоўства. Прыбярэжная зона густа населена; характэрна забудова на па́лях. Каля Т. — стараж. комплекс Ангкор.

т. 15, с. 426

ТАНСЫКБА́ЕЎ Урал (14.1.1904, Ташкент — 18.4.1974),

узбекскі мастак. Нар. маст. СССР (1963). Правадз. чл. АМ СССР (1958). Скончыў Пензенскае маст. вучылішча (1929). Творам уласцівы эпічная манументальнасць кампазіцыі, танальнае вырашэнне колеравага ладу, рэалістычнасць. Пісаў пераважна пейзажы: «Качэўе» (1931), «Родны край» (1951), «Раніца Кайраккумскай ГЭС» (1957), «На Чарвакскай будоўлі» (1970), цыкл «Родны Узбекістан» (1971—72). Аформіў першы казахскі балет «Калкаман і Мамыр» В.​Веліканава, выканаў пано ў павільёне Узбекістана на ВДНГ у Маскве (1952—54). Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1973.

Літ.:

Такташ Р. У.​Тансыкбаев: Альбом репродукций. Ташкент. 1980.

У.Тансыкбаеў. Качэўе. 1931.

т. 15, с. 426

ТА́НТА,

горад у Егіпце, у дэльце р. Ніл. Адм. ц. мухафазы Гарбія. Каля 400 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Прам-сць: бавоўнаачышчальная, шэрсцепрадзільная, алейная. Саматужна-рамесніцкая вытв-сць нац. адзення.

т. 15, с. 426