Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАРЫЁНЫ,

цяжкія (у параўнанні з электронамі) элементарныя часціцы з напаўцэлым спінам і масай, не меншай за масу пратона; удзельнічаюць ва ўсіх вядомых фундаментальных узаемадзеяннях. Належаць да адронаў і складаюцца з 3 кваркаў, што і вызначае іх квантавыя лікі (дзіўнасць, чароўнасць, прыгажосць і інш.). Да барыёнаў адносяцца нуклоны, гіпероны і некаторыя рэзанансы.

Адзіны стабільны барыён — пратон, усе астатнія нестабільныя і паслядоўным распадам ператвараюцца ў пратон і лёгкія часціцы. Гэты эксперым. факт прывёў да ўвядзення ў 1938 новага квантавага ліку — барыённага зараду і ўстанаўлення закону яго захавання. Дакладнасць, з якой выконваецца закон захавання барыённага зараду, характарызуе ўстойлівасць пратона, эксперым. час жыцця якога перавышае 10​32 гадоў, што ў сваю чаргу забяспечвае стабяільнасць Сусвету.

А.І.Болсун.

т. 2, с. 325

БА́РЫЙ

(лац. Barium),

Ba, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, шчолачназямельны метал, ат. н. 56, ат. м. 137,33. Прыродны барый складаецца з 7 стабільных ізатопаў. Адкрыты ў 1774 як аксід барыю швед. хімікам К.Шэеле. Серабрыста-белы мяккі метал, tпл 727 °C, шчыльн. 3,78·103 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны; на паветры акісляецца, з к-тамі ўтварае солі, пры награванні загараецца. У зямной кары змяшчаецца 5·10-2% па масе, існуе як мінерал барыт (асн. крыніца атрымання барыю і яго злучэнняў), вітэрыт і інш. Выкарыстоўваецца ў вакуумнай тэхніцы як паглынальнік, прысадка для антыфрыкцыйных сплаваў, чорных і каляровых металаў; у друкарскіх і падшыпнікавых сплавах.

т. 2, с. 326

БАРЫКА́ДА

(фанц. barricade),

штучная загарода (пераважна з бярвёнаў, мяшкоў з пяском, камянёў і інш.), якая ствараецца ўпоперак вуліц, дарог, каля мастоў і інш. для абароны ад наступлення праціўніка. Вядома са стараж. часоў.

т. 2, с. 326

БАРЫ́КІН Емяльян Ігнатавіч

(2.8.1902, в. Тросная Камарыцкага р-на Бранскай вобл., Расія — 25.3.1951),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў саўпартшколу (1939). З 1937 на парт. рабоце. У 1941 сакратар Гомельскага гаркома КП(б)Б, удзельнічаў у арганізацыі абароны горада ад ням. фашыстаў. У жн. 1941 — ліст. 1943 сакратар Гомельскага падп. гаркома КП(б)Б. Адзін з арганізатараў партыз. атрада «Бальшавік», з ліст. 1942 нач. штаба Гомельскага партыз. злучэння. З 1944 сакратар Гомельскага гаркома, Баранавіцкага абкома КП(б)Б. Дэп. Вярх. Савета БССР з 1947.

т. 2, с. 326

БАРЫ́ЛКА,

бандарны выраб у беларусаў; двухдонная бочачка на 5—10 л. Прызначалася, як і біклага, для пераносу вады на поле, сенажаць, лесасеку. Звычайна рабілася з дубовых клёпак, сцягнутых па краях некалькімі парамі абручоў, пасярэдзіне клёпак былі 1—2 адтуліны, якія затыкаліся коркамі.

т. 2, с. 326

«БАРЫМА́К»,

гл. Барысаўская макаронная фабрыка.

т. 2, с. 326

«БА́РЫНЯ»,

«Барынька», беларускі нар. танец. Муз. памер 2/4 Тэмп жвавы. Запазычаны ў рускіх у 19 ст. (разам з прыпеўкамі), увабраў характэрныя рысы мясц. танц. традыцый. Вядомы як сольны імправізацыйны танец, дзе выканаўца паказвае сваю віртуознасць і спрыт пры падахвочванні гледачоў. Выконваецца і ў мяшаным складзе.

Л.К.Алексютовіч.

т. 2, с. 326

БАРЫ́РАВАННЕ,

насычэнне борам паверхні вырабаў са сталі і сплаваў на аснове нікелю, кобальту і тугаплаўкіх металаў. Павышае іх цвёрдасць, цепла- і зносаўстойлівасць (асабліва абразіўную і каразійную). Праводзіцца дыфузійным ці электралітычным спосабам у боразмяшчальных парашковых сумесях, у расплавах соляў бору (часцей бураксу). Барыраванне пры т-ры 900—1100 °C на працягу 5—6 гадз утварае барыраваны слой таўшчынёй 0,1—0,3 мм. Пры т-ры, большай за 1174 °C, на паверхні стальных вырабаў утвараецца слой барыдкай эўтэктыкі. Барыраванне выкарыстоўваецца для вырабу ўтулак буравых помпаў, штампаў, матрыц, прэс-формаў і інш.

т. 2, с. 326

БАРЫ́САВА Тамара Цімафееўна

(н. 30.10.1920, г. Каменка Пензенскай вобл., Расія),

бел. тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1969). Скончыла БДУ (1955). У 1961—76 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. З 1957 выступае ў перыяд. друку з рэцэнзіямі і артыкуламі па пытаннях драматургіі і т-ра. Даследуе дзейнасць бел. тэатр. калектываў па ўвасабленні на сцэне класічнай і сучаснай зарубежнай драматургіі.

Тв.:

Шекспир на белорусской сцене. Мн., 1964;

Мальер на беларускай сцэне. Мн., 1972.

А.А.Лабовіч.

т. 2, с. 326

БАРЫ́САВА Юлія Канстанцінаўна

(н. 17.3.1925, Масква),

руская актрыса. Нар. арт. Расіі (1962), нар. арт. СССР (1969). Герой Сац. Працы (1985). Пасля заканчэння Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1949) у Маскоўскім акад. т-ры імя Я.Вахтантава. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Сярод лепшых роляў: Настасся Піліпаўна («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, і ў кіно), Прынцэса Турандот (аднайм. п’еса К.Гоцы), Ліка Мізінава («Насмешлівае маё шчасце» Л.Малюгіна). За выкананне роляў Валі («Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава), Паўліны Казанец («Кухарка замужам» А.Сафронава) і Маўры Пакрытчанка («Праўда і крыўда» М.Стэльмаха) Дзярж. прэмія Расіі імя К.Станіслаўскага 1966.

т. 2, с. 327