БАРХАТКО́ВА Алена Мікалаеўна
(н. 24.5.1965, г. Слуцк),
бел. жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча імя А.Глебава (1984). Яе пейзажам і нацюрмортам уласцівы мяккасць і лірызм светаадчування, своеасаблівасць і непаўторнасць колеравага бачання, маст. почырку. Сярод работ: «Сакавік» (1985), «Яблыкі», «Пасля дажджу» (абедзве 1992), «Бэз», «Зімовы сад» і «Пачатак лета» (усе 1993), «Нацюрморт з рабінай», «Кастрычнік», «Капліца ў Падневічах» (усе 1994), «Ранняя вясна», «Май цвіце», «Сонечны нацюрморт», «Вячэрнія промні», «Гарачы жнівень», «Сакавік», «Манастырскі сад», «Палявыя кветкі», «Апошні прамень» (усе 1995) і інш.
Г.А.Фатыхава.
т. 2, с. 322
БАРХАТКО́Ў Антон Стафанавіч
(н. 17.1.1917, в. Шчаглоўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. жывапісец. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча памяці 1905 г. (1940; пед. М.Крымаў і П.Пятровічаў), вучыўся ў Маскоўскім маст. ін-це імя В.Сурыкава (1944—48, пед. С.Герасімаў, П.Пакаржэўскі, Д.Мачальскі), працаваў у майстэрні В.Бялыніцкага-Бірулі (1945—47). Бархаткоў — майстар рэаліст. жывапісу. У пейзажных і тэматычных палотнах адчуваецца ўплыў мастацтва перадзвіжнікаў. У работах — яркасць уражання ад прыроды, маляўнічае бачанне свету, жыццесцвярджальная гама фарбаў — простая філасофія быцця. Працуе ў жанры лірычнага пейзажа, партрэта і тэматычнай карціны. Асн. творы: «Раніца на беразе ракі» (1943), «Партрэт В.К.Бялыніцкага-Бірулі» (1946), «Вясна на Нёмане», «Поўдзень на сенажаці» (абодва 1960), «Статак» (1962), «Вечар на Бярэзіне» (1969), «Бэз» (1970), «Дарога ў Вязынку» (1972), «Перад Новым годам. Снежань» (1976), «Стажок», «Позняя восень» (абодва 1978), «Зямля беларуская» (1980), «Возера» (1983), «Апошні прамень» (1985), «Залатая восень» (1986), «Восеньскі нацюрморт» (1992), «Восень. Лісце плыве» (1993), «Канец сакавіка. Алея» (1994) і інш.
Літ.:
А.С.Бархаткоў: [Альбом]. Мн., 1983;
Дробаў Л.М. Антон Бархаткоў. Мн., 1988.
Г.А.Фатыхава.
т. 2, с. 322
БАРХАТКО́Ў Вітольд Антонавіч
(н. 30.3.1948, Масква),
бел. мастак. Скончыў Бел. дзярж. тэатр.-маст. ін-т (1976). Сын А.С.Бархаткова. Піша пейзажы, партрэты, нацюрморты. Галоўнае ў творчасці — колеравая гама, эмацыянальнасць. Раннія работы напісаны ў імпрэсіяністычнай манеры, што адбілася і на далейшай творчасці. Сярод работ: «Каля возера» (1963), «Вёска» (1968), «Восень», «Партрэт дзяўчыны» (абодва 1971), «Вясновы дзень» (1972), «Нацюрморт з рыбай» (1974), «Новы дом» (1976), «Бэз» (1982), «Князь Ігар на рускай зямлі» (1985), «Вязынка» (1987), «На Бярэзіне» (1989), «Арлекіна» (1992), «Саванна» (1994) і інш. З 1990 жыве ў ЗША.
Г.А.Фатыхава.
т. 2, с. 323
БАРХАТКО́Ў Ігар Антонавіч
(н. 5.1.1958, Мінск),
бел. жывапісец. Сын А.С.Бархаткова. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1984). У 1984—87 вучыўся ў Творчых акад. майстэрнях у М.Савіцкага. Творы вызначаюцца грамадзянскасцю, філасафічнасцю і глыбінёй пачуццяў. Асн. жанры — пейзаж і карціна, у якіх гал. месца займае духоўны аспект нашай мінуўшчыны («Царква ў Халмах», 1981; «Вясна на Нёмане», 1979; «Старая лесвіца», 1982; «Інтэр’ер Дома-музея Якуба Коласа ў Смольні», 1981; «Бацька і сын», 1984; «Аплакванне», 1985; «Памяці Юрыя Смірнова», 1986; «Сакавік. Закінутая вёска», «Юнацтва Скарыны», абодва 1990; «Святар», «І буду Вам бацькам, і Вы будзеце маімі Сынамі...», «Іверская Маці Божая», усе 1991; «Забыты крыж», «Вечар», «Лістапад», усе 1992); нізка твораў з в. Млева, 1990-я г.
Г.А.Фатыхава.
т. 2, с. 323
БАРХІ́Н Рыгор Барысавіч
(19.3.1880, г. Перм, Расія — 11.4.1969),
рускі архітэктар. Засл. дз. нав. і тэхн. (1960). Вучыўся ў Пецярб. АМ (1901—08). З 1909 педагог, у 1930—37 праф. Маскоўскага арх. ін-та. У 1908—11 працаваў памочнікам Р.Клейна (інтэр’еры Музея выяўл. мастацтва і Барадзінскі мост у Маскве). Асн. работы: з-ды сернай і азотнай кіслот каля Ніжняга Ноўгарада (1915—16), санаторый у г. Сакі ў Крыме (1929), дом газ. «Известия» (Масква, 1925—27) у формах канструктывізму, праект аднаўлення Севастопаля (1943—46).
т. 2, с. 323
БАРЧ
(Bartsch) Ігнат (27.7.1697, г. Клодзка, Польшча — 5.7.1753),
сталяр і разьбяр па дрэве. У 1725—28 працаваў у Брэсцкім езуіцкім калегіуме. З 1731 жыў у Вільні. Працаваў пры касцёле св. Яна, рабіў для яго мэблю. Удзельнічаў у аздабленні інтэр’ера, тэатр. залы, б-кі і інш. памяшканняў Віленскай езуіцкай акадэміі.
т. 2, с. 324
БАРШЧ Міхаіл Восіпавіч
(29.1.1904, Масква — 8.11.1976),
рускі і бел. архітэктар і педагог. Праф. (1947). Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т (1926). У 1948—52 працаваў на Беларусі. Адзін з аўтараў планіроўкі і забудовы плошчаў Перамогі і Якуба Коласа, жылых дамоў на праспекце Ф.Скарыны (1949—56, Мінск; Дзярж. прэмія Беларусі 1968). Сярод інш. работ: жылыя дамы ў Маскве і Новасібірску (1930—50), помнік К.Э.Цыялкоўскаму ў Калузе (1958), манументы ў Маскве ў гонар дасягненняў сав. народа ў асваенні касм. прасторы (1964) і ў Жэневе ў гонар дасягненняў чалавецтва ў асваенні космасу (1971, усе ў сааўт.).
т. 2, с. 324
БАРШЧО́ВАЧНЫ ХРЫБЕ́Т,
у Забайкаллі, у Чыцінскай вобласці Расійскай Федэрацыі, на правабярэжжы р. Шылка. Даўж. каля 450 км. Выш. да 1498 м. Складзены пераважна з гранітаў. Грэбень плоскі, слаба расчлянёны, схілы спадзістыя. На схілах лістоўнічныя лясы з участкамі піжмавых стэпаў і лугоў, вышэй — зараснікі кедравага сланіку. Здабыча золата.
т. 2, с. 324
БАРШЧО́ЎКА,
вёска ў Беларусі, у Добрушскім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 41 км на ПдУ ад г. Добруш, 41 км ад Гомеля, 11 км ад чыг. ст. Церахоўка. 889 ж., 356 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання.
т. 2, с. 324
БАРШЧО́ЎКА,
вёска ў Беларусі, у Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 25 км на У ад Рэчыцы, 25 км ад Гомеля, 4 км ад чыг. ст. Якімаўка, на аўтадарозе Гомель—Калінкавічы. 750 ж., 320 двароў (1995). Малое прадпрыемства «Дэльта» (па праходцы свідравін). Сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.
т. 2, с. 324