БАРХАТКО́Ў Антон Стафанавіч

(н. 17.1.1917, в. Шчаглоўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. жывапісец. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча памяці 1905 г. (1940; пед. М.Крымаў і П.Пятровічаў), вучыўся ў Маскоўскім маст. ін-це імя В.Сурыкава (1944—48, пед. С.Герасімаў, П.Пакаржэўскі, Д.Мачальскі), працаваў у майстэрні В.Бялыніцкага-Бірулі (1945—47). Бархаткоў — майстар рэаліст. жывапісу. У пейзажных і тэматычных палотнах адчуваецца ўплыў мастацтва перадзвіжнікаў. У работах — яркасць уражання ад прыроды, маляўнічае бачанне свету, жыццесцвярджальная гама фарбаў — простая філасофія быцця. Працуе ў жанры лірычнага пейзажа, партрэта і тэматычнай карціны. Асн. творы: «Раніца на беразе ракі» (1943), «Партрэт В.К.Бялыніцкага-Бірулі» (1946), «Вясна на Нёмане», «Поўдзень на сенажаці» (абодва 1960), «Статак» (1962), «Вечар на Бярэзіне» (1969), «Бэз» (1970), «Дарога ў Вязынку» (1972), «Перад Новым годам. Снежань» (1976), «Стажок», «Позняя восень» (абодва 1978), «Зямля беларуская» (1980), «Возера» (1983), «Апошні прамень» (1985), «Залатая восень» (1986), «Восеньскі нацюрморт» (1992), «Восень. Лісце плыве» (1993), «Канец сакавіка. Алея» (1994) і інш.

Літ.:

А.С.Бархаткоў: [Альбом]. Мн., 1983;

Дробаў Л.М. Антон Бархаткоў. Мн., 1988.

Г.А.Фатыхава.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)