Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАРТАШЭ́ВІЧ Генадзь Георгіевіч

(12.9.1934, Мінск — 8.10.1993),

бел. парт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1963), Мінскую ВПШ (1977). Працаваў дыктарам на Бел. рэсп. радыё, інж.-тэхнолагам, нач. тэхн. бюро, нам. заг. аддзела тэхн. кантролю на з-дзе імя Кастр. рэвалюцыі. З 1967 на парт. і сав. рабоце: сакратар Маладзечанскага, 1-ы сакратар Мінскага гаркомаў КПБ, старшыня Мінскага гарвыканкома. З 1983 2-і сакратар ЦК КПБ. У 1987—91 надзвычайны і паўнамоцны пасол СССР у Карэйскай Нар.-Дэмакр. Рэспубліцы. З 1993 пасол па асобых даручэннях Мін-ва замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Чл. ЦК і Бюро ЦК КПБ у 1983—87, чл. ЦК КПСС у 1986—91. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1975—80, 1985—90, Вярх. Савета СССР у 1979—89.

т. 2, с. 320

БАРТАШЭ́ВІЧ

(Bartoszewicz) Юльян (17.1.1821, г. Бяла-Падляска, Польшча — 5.11.1870),

польскі гісторык, літаратуразнавец. Чл. Віленскай археал. камісіі. У 1838—42 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це, пазнаёміўся з Я.Баршчэўскім і памагаў яму ў рэдагаванні альманаха «Niezabudka» («Незабудка»). У 1840—60-я г. рэдагаваў газ. «Dziennik Warszawski» («Варшаўскі веснік»), «Kronika wiadomości krajowych і zagranicznych» («Хроніка мясцовых і замежных паведамленняў»), у якіх змяшчаў і карэспандэнцыі з Беларусі. Аўтар прац «Каралевічы-біскупы» (1851), «Арцыбіскупы і прымасы» (1858—68), «Польскія гетманы» (1860—66), «Першапачатковая гісторыя Польшчы» (т. 1—4, 1878—79). У «Гісторыі польскай літаратуры» (т. 1—2, 2-е выд., 1877) даў звесткі і пра стараж. бел. л-ру. На бел. матэрыяле часткова заснаваны яго працы «Выдатныя польскія дзеячы XVIII ст.» (т. 1—3, 1853—56) і «Гістарычныя і літаратурныя даследаванні» (т. 1—3, 1880—81).

А.В.Мальдзіс.

т. 2, с. 320

БАРТКЕ́ВІЧ Вінцэнт

(1776, маёнтак Палессе, Пастаўскі р-н Віцебскай вобласці — пасля 1837),

удзельнік паўстанняў 1794 і 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. У 1794 у арміі Т.Касцюшкі абараняў Варшаву. Напярэдадні паўстання 1830—31 завілейскі (свянцянскі) павятовы віцэ-маршалак шляхты. У крас. 1831 узначаліў паўстанцкія ўзбр. сілы Завілейскага пав., на чале іх удзельнічаў у баях за Вільню. Пасля паражэння адступіў са Свянцян у Дзісенскі пав. і далучыўся да дзісенскіх паўстанцаў. Адзін з кіраўнікоў паходу паўстанцаў Завілейскага, Вілейскага і Дзісенскага пав. з сумежжа Беларусі і Літвы ў Жэмайцію, дзе далучыўся да корпуса ген. А.Гелгуда. У студз. 1832 арыштаваны царскімі ўладамі і сасланы ў Волагду. З 1837 жыў пад наглядам паліцыі ў Смаленскай губ.

т. 2, с. 320

БАРТКЕ́ВІЧ Леанід Леанідавіч

(н. 25.5.1949, Мінск),

бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1979). У 1970—80 саліст-вакаліст ансамбля «Песняры» (найб. адказныя сола ў работах «Гусляр» І.Лучанка і «Песня пра долю» У.Мулявіна). У 1983—89 саліст Бел. тэлебачання і радыё. Запісаў з ансамблем і сола шмат бел. нар. песень на магнітную стужку і грампласцінкі (некат. ў дуэце з Данчыкам). З 1989 у ЗША.

т. 2, с. 320

БАРТКЕ́ВІЧ Уладзімір Сяргеевіч

(н. 21.10.1937, в. Паперня Мінскага р-на),

бел. вучоны-эпідэміёлаг. Д-р мед. н. (1987). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1963 у Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі. Даследуе прыродна-ачаговыя вірусныя інфекцыі, асаблівасці фактарыяльна-эпідэмічнага працэсу пры тэхнагеннай радыяцыі, выкарыстанне матэм. мадэліравання пры вывучэнні вірусных інфекцый.

т. 2, с. 320

БАРТНО́ЎСКІ Дзмітрый Піліпавіч

(1.11.1902, в. Цярэшкавічы Гомельскага р-на — 11.3.1970),

генерал-лейтэнант авіяцыі (1944). Скончыў Гомельскі тэхнікум шляхоў зносін (1922), Ваен. акадэмію Генштаба (1951). У ВМФ з 1922. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну нач. штаба ВПС ВМФ, удзельнік арганізацыі абароны Севастопаля, Ленінграда, Запаляр’я, вызвалення Севастопаля, Прыбалтыкі. З 1945 нач. штаба і камандуючы ВПС флоту, з 1952 нач. Вышэйшых афіцэрскіх курсаў. У 1954—61 у апараце Мін-ва абароны СССР.

т. 2, с. 320

БАРТНЯ́НСКІ Дзмітрый Сцяпанавіч

(1751, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 10.10.1825),

рускі кампазітар і дырыжор. З 1758 у Пецярбургскай прыдворнай пеўчай капэле, з 1796 яе кіраўнік, ператварыў капэлу ў цэнтр нац. харавой культуры. У 1769—79 вучыўся ў Італіі. Кампазіцыі вучыўся ў Б.Галупі. Майстар харавога пісьма а капэла. Асн. дасягненні ў галіне хар. духоўнай музыкі (т. 1—10, 1881—82). Стварыў новы тып рус. хар. канцэрта, дзе выкарыстаў дасягненні ў галіне оперы і інстр. музыкі. Пісаў і свецкія хары (напр., кантата «Спявак у стане рускіх воінаў» на сл. В.Жукоўскага, 1812). Аўтар опер «Крэонт» (1776), «Алкід» (1778), «Сокал» (1786), «Сын-сапернік, ці Новая Стратоніка» (1787), камерна-інстр. твораў, харавых цыклічных канцэртаў, санат для клавіра, рамансаў і інш.

Літ.:

Рыцарева М. Композитор Д. Бортнянский: Жизнь и творчество. Л., 1979.

т. 2, с. 321

БАРТО́ Агнія Львоўна

(17.2.1906, Масква — 1.4.1981),

руская пісьменніца. Пісала пераважна для дзяцей. Зб. вершаў «Браткі» (1928), «Хлопчык наадварот» (1934), «Лялькі» (1936), «Снягір» (1939), «Вершы дзецям» (1949; Дзярж. прэмія СССР 1950), «Я расту» (1968), «За кветкамі ў зімовы лес» (1970; Ленінская прэмія 1972) і інш. Яе вершы адметныя мяккім гумарам, яснасцю мовы. Аўтар сцэнарыяў кінафільмаў «Падкідыш» (1939), «Алёша Пціцын выпрацоўвае характар» (1958), празаічных твораў «Знайсці чалавека» (1969, пра пошукі сем’яў дзяцей, што згубіліся ў Вял. Айч. вайну), «Запіскі дзіцячага паэта» (1976). На бел. мову вершы Барто перакладалі Э.Агняцвет, В.Вітка, А.Вольскі, К.Шавель і інш.

т. 2, с. 321

БАРТО́СІК Іван

(Іосіф) Станіслававіч (н. 1.11.1933, г. Бярозаўка Лідскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. майстар маст. шклавырабаў, шліфоўшчык-алмазчык. З 1949 працуе на шклозаводзе «Нёман». Распрацаваў уласныя прыёмы ў тэхніцы алмазнай грані, шліфаваў у ёй малюнкі на унікальных творах з хрусталёвага шкла. Сярод уласных твораў: камплекты святочнага посуду (1966), «Дэсертны» (1968), «Ваза» (1970), «Гранат» (1978), прыборы «Хрусталёвае свята» (1967), «Стройны» (1980), блюда пад гародніну (1972), сервіз (1977), ваза пад гародніну ў стылі «рэтра» (1982) і інш.

Літ.:

Яницкая М.М. Художественное стекло Советской Белоруссии. Мн., 1989. С. 186.

М.М.Яніцкая.

т. 2, с. 321

БАРТУ́

(Barthou) Жан Луі (25.8.1862, г. Аларон-Сент-Мары, Францыя — 9.10.1934),

французскі дзярж. дзеяч. Адвакат. У 1889—1922 дэпутат парламента. З 1894 неаднаразова займаў міністэрскія пасады. У 1913 прэм’ер-міністр. Узначальваў франц. дэлегацыю на Генуэзскай канферэнцыі 1922. У 1922—26 старшыня Рэпарацыйнай камісіі, патрабаваў ад Германіі выканання пастаноў Версальскага мірнага дагавора 1919. Пасля ўсталявання фаш. дыктатуры ў Германіі (1933) актыўны прыхільнік франка-сав. супрацоўніцтва. Ініцыятар стварэння «Усходняга пакта». Загінуў у Марселі разам з югасл. каралём Аляксандрам І у выніку тэрарыст. акта.

т. 2, с. 321