БАРТАШЭ́ВІЧ

(Bartoszewicz) Юльян (17.1.1821, г. Бяла-Падляска, Польшча — 5.11.1870),

польскі гісторык, літаратуразнавец. Чл. Віленскай археал. камісіі. У 1838—42 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це, пазнаёміўся з Я.Баршчэўскім і памагаў яму ў рэдагаванні альманаха «Niezabudka» («Незабудка»). У 1840—60-я г. рэдагаваў газ. «Dziennik Warszawski» («Варшаўскі веснік»), «Kronika wiadomości krajowych і zagranicznych» («Хроніка мясцовых і замежных паведамленняў»), у якіх змяшчаў і карэспандэнцыі з Беларусі. Аўтар прац «Каралевічы-біскупы» (1851), «Арцыбіскупы і прымасы» (1858—68), «Польскія гетманы» (1860—66), «Першапачатковая гісторыя Польшчы» (т. 1—4, 1878—79). У «Гісторыі польскай літаратуры» (т. 1—2, 2-е выд., 1877) даў звесткі і пра стараж. бел. л-ру. На бел. матэрыяле часткова заснаваны яго працы «Выдатныя польскія дзеячы XVIII ст.» (т. 1—3, 1853—56) і «Гістарычныя і літаратурныя даследаванні» (т. 1—3, 1880—81).

А.В.Мальдзіс.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)