Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ МО́ВЫ імя Ф.​Скарыны (ТБМ),

бел. добраахвотная грамадская арганізацыя. Засн. ў 1989 у Мінску. Арганізатары-заснавальнікі: Саюз пісьменнікаў Беларусі, мін-вы адукацыі, культуры Рэспублікі Беларусь, ін-ты мовазнаўства і літаратуры Нац. АН Беларусі, Дзярж. к-т Рэспублікі Беларусь па друку, Бел. фонд культуры, т-ва «Радзіма», Бел. т-ва дружбы і культ. сувязі з замежнымі краінамі, Нац. тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь. Старшыні т-ва: Н.​С.​Гілевіч, з 1997 Г.​М.​Бураўкін, з 1999 А.​А.​Трусаў. Вышэйшы кіруючы орган — з’езд, які склікаецца 1 раз у 2 гады, кіруючы орган паміж з’ездамі — Рэсп. рада ТБМ, выканаўчы орган — Сакратарыят. Рэвізійная камісія кантралюе дзейнасць выбарных органаў і структурных падраздзяленняў т-ва. Мэты т-ва: аднаўленне ў грамадстве стаўлення да роднай мовы як да нац. святыні, пашырэнне яе ўжытку ва ўсіх сферах жыцця рэспублікі, усебаковае развіццё і захаванне яе чысціні і самабытнасці. Пры т-ве дзейнічае 8 камісій: адукацыйная, арганізацыйная, выдавецкая, па культуры мовы і ўдасканаленні правапісу, па сувязях з замежнымі краінамі, па тапаніміцы і гіст. сімволіцы, тэрміналагічная і інш. Працуе ініцыятыўная група па стварэнні Бел. нац. ун-та, бел. бацькоўскі к-т, кніжны і відэаклуб. Мае б-ку стараж. бел. кнігі (больш за 600 асобнікаў рэдкіх бел. кніг). За час існавання т-вам выдадзена больш за 20 кніг мастацкай, навуковай, навукова-папулярнай, асветніцкай л-ры, у т. л. тэрміналагічныя слоўнікі па фізіцы, вышэйшай матэматыцы, зоапаразіталогіі, батаніцы, бел. вайсковы слоўнік і інш. З сак. 1990 выдае штотыднёвую газ. «Наша слова». У 1990 прымала ўдзел у падрыхтоўцы Закона «Аб мовах у Беларускай ССР», арганізацыі кантролю за выкананнем гэтага закона, у стварэнні «Дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Рэспубліцы Беларусь» (1991). ТБМ правяло рэсп. канферэнцыі: «Шляхі станаўлення нацыянальнай беларускай школы» (1990), «Інтэлігенцыя і нацыянальна-культурнае адраджэнне Беларусі» (1991), «Беларуская мова і нацыянальна-дзяржаўны суверэнітэт Беларусі», «Шляхі ўдасканалення правапісу беларускай літаратурнай мовы» (1992), сумесна з Мін-вам адукацыі па праблемах бел. тэрміналогіі (1994, 1995), «Закон аб мовах — вынікі і перспектывы», «Беларуская тапаніміка. Гісторыя і сучаснасць» (2000). Падтрымлівае беларускамоўныя класы і школы, прапагандуе родную мову і культуру. Удзельнічала ў перапісе насельніцтва Беларусі (1999). Ім перададзена бязвыплатна каля 10 тыс. асобнікаў кніг для рэгіянальных суполак ТБМ, а таксама для вясковых, школьных і раённых б-к. Структуры т-ва працуюць у кожным раёне Мінска, ва ўсіх буйных гарадах і 64 раёнах Беларусі, а таксама ў Вільні, Рызе, Іркуцку, Маскве, С.-Пецярбургу, Севастопалі, існуе суполка ў Германіі. На 1.1.2001 у ТБМ больш як 5500 актыўных членаў і каля 10 000 прыхільнікаў. Мае сваю афіцыйную сімволіку.

А.​А.​Трусаў.

т. 15, с. 371

ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ ШКО́ЛЫ (ТБШ),

культурна-асветная арг-цыя ў Зах. Беларусі ў 1921—36. Створана на аснове рашэння Цэнтр. бел. школьнай рады ў Вільні, статут зацверджаны 1.7.1921. Да яго далучылася ТБШ у Радашковічах, заснаванае Б.​А.​Тарашкевічам 7.12.1921. Акрамя Тарашкевіча, кіраўнікамі і актыўнымі дзеячамі ТБШ у розны час былі Р.​К.​Астроўскі, Ф.​І.​Валынец, Я.​Е.​Гаўрылік, І.​М.​Грэцкі, І.​С.​Дварчанін, П.​П.​Кізевіч, П.​С.​Крынчык, А.​І.​Луцкевіч, М.​М.​Марцінчык, П.​В.​Мятла, А.​С.​Неканда-Трэпка, С.​К.​Паўловіч, М.​І.​Пяткевіч, С.​А.​Рак-Міхайлоўскі, А.​В.​Станкевіч, Ф.​І.​Стацкевіч, А.​М.​Уласаў, Я.​Шнаркевіч і інш. Паводле статута 1926 вышэйшым органам ТБШ быў з’езд, паміж з’ездамі — Гал. ўправа, якая мела Наглядную раду, акр. і пав. ўправы. Друкаваныя органы — «Бюлетэнь ТБШ», час. «Летапіс ТБШ» (гл. «Беларускі летапіс»), газ. «Шлях». Гал. мэта т-ва — «распаўсюджваць і дапамагаць асвеце сярод беларусаў, пашыраць беларускія школы і беларускую асвету наогул». ТБШ выступала супраць паланізацыі, сац. прыгнёту, праводзіла шырокую дзейнасць па адкрыцці бел. школ, павышала агульнаадук. і культ. ўзровень насельніцтва, яго нац. свядомасць; наладжвала курсы для настаўнікаў, аказвала матэрыяльную і навуч.метадычную дапамогу Віленскай, Радашковіцкай, Навагрудскай, Клецкай і інш. бел. гімназіям і пач. школам, нелегальна накіроўвала моладзь на вучобу за мяжу, у т. л. ў БССР. З утварэннем Беларускага пасольскага клуба адстойвала нац. правы на парламенцкім узроўні. Для павышэння эфектыўнасці навучання і выхавання, абароны нац. адукацыі правяло ў 1923 у Вільні з’езд педагогаў бел. гімназій. Удзельнічала ў падрыхтоўцы падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў, арганізавала кнігавыдавецкую дзейнасць (з 1921 у Вільні працавала Выдавецтва Таварыства беларускай школы). З 1926 ТБШ атрымала магчымасць легальнай працы ў Віленскім, Навагрудскім, Палескім і Беластоцкім ваяв. Частка дзеячаў ТБШ з-за непрызнання рэв.-дэмакр. поглядаў стварыла ў 1926 альтэрнатыўную культ.-асв. арг-цыю — Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (БІГіК). У канцы 1927 у Зах. Беларусі дзейнічала 12 акр. упраў ТБШ — у Баранавічах, Беластоку, Вілейцы, Гродне, Глыбокім, Косаве, Лідзе, Міры, Навагрудку, Свіслачы, Слоніме; у Вільні яе функцыі выконвала праўленне цэнтр. гар. гуртка. Першы з’езд ТБШ (28—29.12.1927, Вільня) пастанавіў дамагацца адкрыцця дзярж. бел. школ, бел. гімназій, настаўніцкіх курсаў і семінарый, стварэння бел. аддзелаў пры Віленскім і Палескім школьных папячыцельствах, заснавання кафедры беларусазнаўства ў Віленскім ун-це імя С.​Баторыя і інш. Да сярэдзіны 1928 колькасць гурткоў дасягнула 430 (14—15 тыс. чал.), у сярэдзіне 1930 — больш за 500 (каля 30 тыс. чал.). Т-ва выкрывала антыбел. сутнасць школьнага заканадаўства Польшчы. арганізавала масавыя кампаніі падачы заяў аб адкрыцці бел. школ. У выніку ў 1927/28 навуч. г. адкрыта 78 бел. і польска-бел. школ, выпускнікам Віленскай бел. гімназіі дадзена права здаваць экзамены на атэстат сталасці, наладжваліся метадычныя канферэнцыі і інш. Для правядзення асв. работы сярод насельніцтва ТБШ стварала гурткі самаадукацыі, б-кі, хаты-чытальні, клубы, нар. дамы, арганізоўвала драм. і харавыя калектывы, наладжвала іх выступленні. Т-ва выказвала рашучы пратэст супраць закрыцця бел. гімназій і школ, выступала за дэмакратызацыю нар. адукацыі. Легальны характар ТБШ шырока выкарыстоўвала КПЗБ. Пасля забароны польскімі ўладамі ў жн. 1928 Гал. управы (да жн. 1929) адбылася палярызацыя поглядаў у кіраўніцтве ТБШ наконт характару яго дзейнасці. Дзеячы КПЗБ і клуба «Змаганне» выступалі за палітызацыю работы т-ва, прадстаўнікі нац.-дэмакр. інтэлігенцыі настойвалі абмежавацца толькі асв. працай, што ўспрымалася як згодніцтва. На нелегальным з’ездзе ТБШ у Вільні 19.5.1929 былі прыняты рэзалюцыі (агульнапалітычная, пратэст супраць праследаванняў з боку польскіх улад), а таксама выключаны з т-ва Астроўскі, Луцкевіч, Неканда-Трэпка, Шнаркевіч, А.​Коўш і інш. Польскія ўлады перашкаджалі дзейнасці ТБШ, забаранялі акр. і пав. з’езды, управы, гурткі, клубы, б-кі, арыштоўвалі і судзілі кіраўнікоў, актывістаў; закрылі бел. гімназіі ў Радашковічах (1929), Клецку (1931), Навагрудку (1934), шэраг бел. пачатковых школ. У 1928 — ліп. 1930 забаронена дзейнасць 6 акр. упраў і больш як 300 гурткоў. 1—4.2.1933 у Вільні адбыўся суд над Гал. управай ТБШ. Абвінавачанне ў падрыхтоўцы «камуністычнай змовы» не было пацверджана — Стацкевіч, Р.​Шырма, Пяткевіч былі апраўданы, М.​Церах і Ю.​Саковіч атрымалі па 3, Я.​І.​Скурко (М.​Танк) — 2 гады турэмнага зняволення. Забаронена польск. ўладамі 2.12.1936.

Літ.:

Мятла П. Аб таварыстве беларускай школы і яго барацьбе. Мн., 1932;

Полуян В.А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978;

Народная адукацыя і педагагічная навука ў Беларусі (1917—1945). Мн., 1993: Вабішчэвіч А. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Бел. гіст., часоп. 1994. № 2;

Яго ж. Таварыства беларускай школы (1921—1936 гг.) // Там жа. 1997. № 1;

Ягож. Таварыства беларускай школы: першыя гады існавання // Спадчына. 1996. № 5;

Ладысеў У. Выпрабаванні часам і жыццём: (Да 75-годдзя ўтварэння і дзейнасці Кампартыі Зах. Беларусі) // Бел. гіст. часоп. 1998. № 4.

А.​М.​Вабішчэвіч.

т. 15, с. 372

ТАВАРЫ́СТВА БЫЛЫ́Х ПАЛІТКАТАРЖА́Н І ССЫЛЬНАНАСЯЛЕ́НЦАЎ Існавала ў СССР у 1921—35. Створана па ініцыятыве Ф.​Э.​Дзяржынскага, Я.​Э.​Рудзутака, Е.​М.​Яраслаўскага і інш. Аказвала матэрыяльную дапамогу б. паліткатаржанам і ссыльнапасяленцам, арганізоўвала іх выступленні, успаміны, і даклады, лекцыі. Важным кірункамі дзейнасці т-ва былі збор, вывучэнне і выданне гіст.-дакумент. матэрыялаў. У 1921—23 аддзяленні т-ва ўзніклі ў Віцебску, Гомелі, Мінску. Бел. аддзяленне да 1928 правяло 3 канферэнцыі. Навукова-даследчую працу члены т-ва вялі; ў секцыях: па гісторыі дзекабрызму, рэвалюцыі 1905—07, нарадавольцаў і інш. Яны абмяркоўвалі даклады і мемуары, рыхтавалі да друку зб-кі дакументаў, манаграфіі. Т-ва выдавала час. «Каторга и ссылка», біябібліягр. слоўнік «Дзеячы рэвалюцыйнага руху ў Расіі» (1927—34), «Бюллетень Центрального совета Всесоюзного общества бывших политка-торжан и ссыльнопоселенцев» (1929—33), у якіх ёсць біягр. артыкулы і звесткі пра дзеячаў, чый лёс звязаны з Беларуссю. Супрацоўнічала з Гістпартам, Ін-там Маркса—Энгельса—Леніна пры ЦК ВКП(б) і іх філіяламі на месцах, з Таварыствам старых бальшавікоў. Т-ва спыніла дзейнасць у 1935 ва ўмовах разгортвання ў СССР паліт. рэпрэсій.

У.​М.​Міхнюк.

т. 15, с. 372

ТАВАРЫ́СТВА ВАЕ́ННЫХ СЯБРО́Ў,

гл. «Ваенныя сябры».

т. 15, с. 372

ТАВАРЫ́СТВА ВЫВУЧЭ́ННЯ МАГІЛЁЎСКАЙ ГУБЕ́РНІ,

гісторыка-краязнаўчае таварыства ў Магілёве ў 1902—16. Засн. па ініцыятыве Е.Р.Раманава як «Таварыства вывучэння Беларускага краю». Мела статут (зацверджаны ў сак. 1905). У сувязі з утварэннем гіст.-краязнаўчых т-ваў у Віцебску, Мінску і інш. гарадах у 1913 рэарганізавана ў Т.в.М.г. Члены: Раманаў, І.​А.​Сербаў, А.​П.​Сапуноў, М.​М.​Турбін. Вывучала гісторыю, этнаграфію і прыроду Беларусі, пераважна Магілёўскай губ. Выдала працу Раманава «Першакрыніцы для гісторыі Магілёўскага краю» (вып. 1, 1916), у якую ўвайшлі «Баркалабаўскі летапіс» і «Падарожныя заметкі стольніка П.​А.​Талстога аб Магілёўскай губерні (1697—1699)». Падрыхтавала да выдання 4-ы выпуск зб. «Магілёўская даўніна» і інш. У 1-ю сусв. вайну эвакуіравана ў Адэсу, дзе спыніла дзейнасць.

Літ.:

Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі: Пачатак XX ст. Мн., 1970.

т. 15, с. 372

ТАВАРЫ́СТВА ГО́МЕЛЬСКІХ УРАЧО́Ў,

гл. Гомельскае таварыства ўрачоў.

т. 15, с. 373

ТАВАРЫ́СТВА ЗААХВО́ЧВАННЯ МАСТАЦТВАЎ.

Існавала ў 1821—1929 у Пецярбургу (да 1875 наз. Т-ва заахвочвання мастакоў). Засн. мецэнатамі І.​Гагарыным, П.​Кікіным, А.​Дзмітрыевым-Мамонавым і інш. Т-ва арганізоўвала выстаўкі, конкурсы, набывала творы, накіроўвала мастакоў за мяжу для ўдасканальвання адукацыі (К.​Брулоў, А.​Іванаў і інш.), узнагароджвала іх медалямі. З 1857 мела рысавальную школу. Выдавала час. «Искусство и художественная промышленность» і серыю «Мастацкія каштоўнасці Расіі».

т. 15, с. 373

ТАВАРЫ́СТВА З’ЯДНА́НЫХ СЛАВЯ́Н,

тайная рэв. арганізацыя. створаная ў пач. 1823 у г. Наваград-Валынскі на аснове б. Т-ва сяброў прыроды братамі А.І. і П.І.Барысавымі і паліт. ссыльным Ю.​К.​Люблінскім. Уваходзілі афіцэры, дробныя чыноўнікі, службоўцы, усяго больш за 50 чл. Выступала праціўнікам прыгоннага права, саслоўнага ладу і самадзяржаўя; дамагчыся «дэмакратычнага праўлення» збіралася шляхам узбр. паўстання з удзелам народа. Члены т-ва вялі агітацыю сярод салдат, планавалі ствараць вясковыя вучылішчы, каб уплываць на паліт. актыўнасць сялян. Гал. мэта т-ва — аб’яднанне ўсіх слав. і некат. суседніх народаў (Расія, Польшча, Багемія, Маравія, Венгрыя з Трансільваніяй, Сербія, Малдавія, Валахія, Далмацыя) у адну федэратыўную рэспубліку. У вер. 1825 т-ва па прапанове С.І.Мураўёва-Апостала і М.П.Бястужава-Руміна аб’ядналася з Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў на аснове яго праграмы. Не менш чым 12 «славян» запісаліся ў атрад царазабойцаў. 26 членаў т-ва ў 1826 асуджаны Вярх. крымінальным судом па справе дзекабрыстаў.

Літ.:

Нечкина М.В. Общество соединенных славян. М.; Л., 1927;

Яе ж. Движение декабристов. Т. 2. М., 1955;

Швед В.В. Беларускія старонкі гісторыі дзекабрыстаў. Мн., 1998.

В.​В.​Швед.

т. 15, с. 373

ТАВАРЫ́СТВА З АБМЕЖАВА́НАЙ АДКА́ЗНАСЦЮ,

таварыства, заснаванае дзвюма і больш асобамі, статутны фонд якога падзелены на долі, вызначаныя ўстаноўчымі дакументамі. Удзельнікі такога т-ва не адказваюць па яго абавязацельствах, але нясуць рызыку страт, звязаных з дзейнасцю т-ва ў межах вартасці ўнесеных імі ўкладаў. Удзельнікі т-ва, якія ўнеслі ўклады не поўнасцю, нясуць салідарную адказнасць па яго абавязацельствах у межах вартасці нявыплачанай часткі ўкладу кожнага з удзельнікаў. Фірменнае найменне такога т-ва павінна ўтрымліваць у яго назве словы «з абмежаванай адказнасцю». Прававое становішча такога т-ва, правы і абавязкі яго ўдзельнікаў вызначаюцца нормамі заканадаўства, выкладзенымі ў Цывільным кодэксе Рэспублікі Беларусь. Устаноўчымі дакументамі т-ва з’яўляюцца ўстаноўчы дагавор, падпісаны яго заснавальнікамі, і зацверджаны імі статут.

Г.​А.​Маслыка.

т. 15, с. 373

ТАВАРЫ́СТВА МАСТАКО́Ў-СТАНКАВІ́СТАЎ (ОСТ, Общество станковистов). Існавала ў 1925—31 у Маскве. Засн. групай выпускнікоў Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрняў пад кіраўніцтвам Д.​Штэрнберга. Члены т-ва (П.​Вільямс, Б.​Волкаў, А.​Ганчароў, А.​Дайнека, А.​Лабас, Ю.​Піменаў, А.​Тышлер і інш.) сцвярджалі станковыя формы мастацтва, ставілі за мэту адлюстроўваць у іх тыповыя з’явы сав. рэчаіснасці. Іх творам, прысвечаным пераважна індустрыялізацыі, жыццю сав. горада, спорту, уласцівы гранічная лаканічнасць формы, дынаміка кампазіцыі, графічная дакладнасць малюнка. Вядучыя мастакі ОСТ адыгралі пэўную ролю ў развіцці станковага і манум. жывапісу, кніжнай графікі, плаката, сцэнаграфіі. Т-ва арганізавала 4 выстаўкі ў 1925—28.

Літ.:

Костин В. ОСТ (Общество станковистов). Л., 1976.

т. 15, с. 373