БАЦЬКО́ЎСТВА
(у праве),
засведчаны ў органах ЗАЦСа факт паходжання дзіцяці ад пэўнага мужчыны. Пры нараджэнні дзіцяці ў маці, якая знаходзіцца ў шлюбе, дзейнічае прэзумпцыя, што бацькам з’яўляецца яе муж. У гэтым выпадку звесткі пра бацьку ў запіс аб нараджэнні дзіцяці ўносяцца на падставе пасведчання аб шлюбе. Калі шлюб не быў зарэгістраваны, запіс пра бацьку робіцца па сумеснай заяве бацькі і маці. У выпадку адмовы бацькі прызнаць сваім дзіця, якое нарадзілася па-за шлюбам, спрэчкі аб устанаўленні бацькоўства вырашае суд. Пры нараджэнні дзіцяці незамужняй жанчынай звесткі пра фактычнага бацьку ў запіс акта аб нараджэнні не ўносяцца, калі бацька адмовіцца прызнаць дзіця сваім і няма рашэння суда аб устанаўленні бацькоўства. У такіх выпадках запіс пра бацьку дзіцяці робіцца на прозвішча маці, а імя і імя па бацьку запісваецца па яе ўказанні.
т. 2, с. 362
БАЦЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Клічаўскім раёне Магілёўскай вобл., на р. Ольса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПдЗ ад г.п. Клічаў, 106 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Нясета. 1034 ж., 432 двары (1995). У Бацэвічах Клічаўская райсельгасхімія. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.
Вядомы з 1560 як сяло ў Свіслацкай вол. ВКЛ. У 1743 сяло ў Аршанскім пав. У 19 ст. цэнтр воласці Бабруйскага пав. У 1844 — 283 ж., 51 двор, цэнтр маёнтка, у 1865 былі нар. вучылішча, царква, 2 млыны, праводзіўся кірмаш. У 1892 заснаваны бровар і тартак, у 1915 адкрыта земская бальніца. У 1940 — 1214 ж., 312 двароў. З ліп. 1941 да 28.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. У 1970 — 1315 ж., 408 двароў.
т. 2, с. 362
БАЦЮ́НЯ Аляксандр Рыгоравіч
(2.7.1898, в. Курганы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобласці — 21.3.1976),
генерал-палкоўнік (1958). Скончыў Вышэйшыя стралк.-тактычныя курсы (1921), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). У арміі з 1916. Удзельнік грамадз. вайны на Зах. фронце, баёў каля воз. Хасан у 1938. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Паўд.-Зах., Варонежскім, 1-м Укр. франтах; нач. штаба корпуса, арміі. Удзельнік вызвалення Украіны, Чэхаславакіі. Да 1961 у Сав. Арміі.
т. 2, с. 363
БА́ЦЮШКАЎ Канстанцін Мікалаевіч
(29.5.1787, г. Волагда, Расія — 19.7.1855),
рускі паэт; прадстаўнік анакрэантычнага кірунку ў рус. лірыцы. Адукацыю атрымаў у прыватных пансіёнах у Пецярбургу. Быў на чыноўніцкай і ваеннай службе, пазней — у рус. дыпламат. місіі ў Італіі. Удзельнік літ. гуртка «Арзамас». У вершах «Вясёлы час», «Вакханка», «Мае Пенаты» і інш. услаўляў радасць быцця, сяброўства, каханне, духоўную свабоду асобы. У аснове элегій «На руінах замка ў Швецыі», «Пераход праз Рэйн» уражанні вайны 1812. Ідэйны і душэўны крызіс абумовіў змрочна-меланхалічны тон лірыкі, узмацненне рэліг. настрояў, матывы нераздзеленага кахання, абвастрыў тэму трагічнага лёсу паэта (элегіі «Да сябра», «Надзея», «Мой геній», «Разлука», «Паміраючы Тас» і інш.). У вершаванай казцы «Вандроўнік і дамасед» (1815) стварыў карціну дысгармоніі жыцця. Аўтар цыклаў анталагічных вершаў, нарысаў і артыкулаў пра л-ру і мастацтва. У 1917 выйшаў зб. «Спробы ў вершах і прозе» (ч. 1—2).
Тв.:
Соч. Т. 1—2. М., 1989.
Літ.:
Фридман Н.В. Проза Батюшкова. М., 1965;
Яго ж. Поэзия Батюшкова. М., 1971;
Коровин В.И. «И жил так точно, как писал...» (К.Н.Батюшков: К 200-летию со дня рождения). М., 1987;
Кошелев В.А. Константин Батюшков: Странствия и страсти. М., 1987.
т. 2, с. 363
БА́ЦЮШКАЎ Пампей Мікалаевіч
(26.6.1811, маёнтак Данілаўскае Валагодскай губ. — 1.4.1892),
рускі гісторык, дзярж. і грамадскі дзеяч, выдавец.
Брат паэта К.М.Бацюшкава. Скончыў афіцэрскае вучылішча ў Пецярбургу (1831), да 1840 служыў у арміі. З 1850 віцэ-губернатар у Коўне. У 1856—67 віцэ-дырэктар дэпартамента духоўных спраў іншаземных веравызнанняў. У 1868—69 папячыцель Віленскай навуч. акругі. З 1869 член савета міністра нар. асветы. Паводле паліт. поглядаў славянафіл. Адзін з праваднікоў палітыкі русіфікацыі на Беларусі, Украіне і ў Літве. Выдаў «Атлас народанасельніцтва Заходнярускага краю паводле веравызнанняў» (1863), серыю альбомаў «Помнікі рускай даўніны ў заходніх губернях імперыі» (вып. 1—8, 1868—85), манаграфіі прафесараў Кіеўскай духоўнай акадэміі М.І.Пятрова, М.І.Гарадзецкага і І.І.Малышэўскага «Холмская Русь» (1887), «Валынь» (1888), «Беларусь і Літва» (1890).
т. 2, с. 363