БА́ЦЮШКАЎ Пампей Мікалаевіч
(26.6.1811, маёнтак Данілаўскае Валагодскай губ. — 1.4.1892),
рускі гісторык, дзярж. і грамадскі дзеяч, выдавец.
Брат паэта К.М.Бацюшкава. Скончыў афіцэрскае вучылішча ў Пецярбургу (1831), да 1840 служыў у арміі. З 1850 віцэ-губернатар у Коўне. У 1856—67 віцэ-дырэктар дэпартамента духоўных спраў іншаземных веравызнанняў. У 1868—69 папячыцель Віленскай навуч. акругі. З 1869 член савета міністра нар. асветы. Паводле паліт. поглядаў славянафіл. Адзін з праваднікоў палітыкі русіфікацыі на Беларусі, Украіне і ў Літве. Выдаў «Атлас народанасельніцтва Заходнярускага краю паводле веравызнанняў» (1863), серыю альбомаў «Помнікі рускай даўніны ў заходніх губернях імперыі» (вып. 1—8, 1868—85), манаграфіі прафесараў Кіеўскай духоўнай акадэміі М.І.Пятрова, М.І.Гарадзецкага і І.І.Малышэўскага «Холмская Русь» (1887), «Валынь» (1888), «Беларусь і Літва» (1890).
т. 2, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)