Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАСЕ́ЦКІ Іван Ігнатавіч

(н. 2.1.1945, в. Люціна Валожынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны-юрыст. Д-р юрыд. н. (1991), праф. (1992). Засл. юрыст Беларусі (1995). Скончыў БДУ (1974). У 1969—77 працаваў у органах унутр. спраў, з 1988 нам. нач. Акадэміі міліцыі МУС Рэспублікі Беларусь. Даследуе праблемы крымін. права і працэсу, крыміналістыкі і аператыўна-вышуковай дзейнасці. Аўтар падручнікаў і дапаможнікаў гэтай тэматыкі.

т. 2, с. 340

БАСЕ́Я,

гістарычная воласць, у верхнім цячэнні р. Басі, на стыку сучасных Горацкага і Шклоўскага р-наў Магілёўскай вобласці. Упершыню згадваецца каля 1136 у грамаце смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча, які атрымліваў з Басеі даніну ў памеры 15 грыўняў і вызначаў з яе дзесяціну на карысць смаленскага епіскапа. Цэнтр воласці ў 12—13 ст. знаходзіўся, верагодна, у сучасным урочышчы Пагост каля в. Новае Вільянава Шклоўскага р-на. У складзе ВКЛ разам з суседняй Горскай воласцю належала кн. Друцкім. У 1-й пал. 16 ст. адна частка Басеі належала кн. В.Ю.Друцкаму-Талачынскаму, другая — кн. С.Ямантовічу-Падбярэзскаму. Пазней у выніку падзелаў частка Басеі ўвайшла ў Шклоўскае і Капыскае графствы, паўд. ўскраіна — у Магілёўскую эканомію. Астатняя частка ператварылася ў самаст. маёнткі Сялец і Якаўлевічы Аршанскага пав.

В.Л.Насевіч.

т. 2, с. 340

БАСЁ,

гл. Мацуе Басё.

т. 2, с. 340

БАСІЛАШВІ́ЛІ Алег Валяр’янавіч

(н. 26.9.1934, Масква),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Школу-студыю МХАТ (1956). З 1959 працуе ў Вял. драм. т-ры імя Г.А.Таўстаногава (С.-Пецярбург). Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Лыняеў («Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Вайніцкі, Прозараў («Дзядзя Ваня», «Тры сястры» А.Чэхава), князь Серпухаўскі («Гісторыя каня» паводле аповесці Д.Талстога «Халстамер») і інш. З 1957 здымаецца ў кіно: «Жывы труп», «Службовы раман» (Дзярж. прэмія Расіі (1979), «Асенні марафон», «Вакзал для дваіх», «Прадказанне», «За беднага гусара закіньце слоўца» (тэлевізійны) і інш.

т. 2, с. 340

БАСІЛЕ́Й,

басілеўс (грэч. basileus), у Старажытнай Грэцыі правіцель невял. паселішча, правадыр племя ці саюзу плямёнаў; пазней 2-і архонт. У Спарце і пасля ў эліністычных дзяржавах — цар. У сярэднія вякі афіц. тытул візант. Імператараў.

т. 2, с. 340

БА́СІН Мэер Вэлькавіч

(1890, г. Чэрыкаў — 20.9.1918),

рэвалюцыянер. Скончыў рамеснае вучылішча ў Магілёве (1909). З 1911 працаваў у Баку. З 1912 чл. РСДРП. Чл. праўлення прафсаюза рабочых нафтавай прам-сці Баку. У 1917 дэп. Бакінскага Савета, чл. Бакінскага гар. к-та РСДРП(б), адзін з кіраўнікоў стачкі бакінскіх рабочых. З крас. 1918 заг. рабочай секцыі Бакінскага савета нар. гаспадаркі. Расстраляны англійскімі інтэрвентамі і эсэраўскім урадам у ліку бакінскіх камісараў.

т. 2, с. 340

БАСІ́НСКІ Ігар Мікалаевіч

(н. 11.4.1963, г. Гродна),

бел. спартсмен (стралковы спорт). Засл. майстар спорту (1986). Скончыў Мінскае агульнавайск. вучылішча (1986). Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў (1988), неаднаразовы чэмпіён свету і Еўропы ў асабістым і камандным заліку ў стральбе з малакалібернага пісталета, тройчы ўстанаўліваў сусв. Рэкорды.

т. 2, с. 340

БАСКА́К

(цюрк.),

у сярэднія вякі прадстаўнік мангольскага хана, які кіраваў захопленай тэрыторыяй і меў шырокія паўнамоцтвы. На Русі з’явіліся ў сярэдзіне 13 ст., збіралі даніну, вялі ўлік насельніцтва, кантралявалі дзейнасць мясц. улады. Баскакі мелі ваен. атрады, якія душылі выступленні заваяванага насельніцтва супраць мангола-татарскага панавання.

т. 2, с. 340

БА́СКАЎ КРАІ́НА

(баскскае Эўскады, ісп. Vascongadas),

Басконія, аўтаномная вобласць на Пн Іспаніі, у Кантабрыйскіх гарах, каля ўзбярэжжа Біскайскага зал. Пл. 7,3 тыс. км². Нас. 2,2 млн. чал. (1989), пераважна баскі, а таксама іспанцы. Уключае правінцыі Алава, Біская, Гіпускаа. Адм. ц.г. Віторыя.

Рэльеф горны і ўзгорысты. Ёсць радовішчы жал., свінцовых і цынкавых рудаў. Клімат умераны, марскі. Лясы шыракалістыя (бук, дуб, каштан). Цяжкая і здабыўная прам-сць. Развіты металургія (выплаўка чыгуну, сталі, каляровых металаў, вытв-сць пракату), металаапрацоўка і машынабудаванне (судна- і станкабудаванне, вытв-сць чыгуначнага і электраабсталявання, пад’ёмнікаў, узбраення). Ёсць хім. (вытв-сць кіслотаў, угнаенняў, пластмасаў, коксахімія), папяровая, цэм., харч. прам-сць. Гал. прамысл. цэнтры — Більбао і Сан-Себасцьян. У прыморскіх раёнах развіта жывёлагадоўля, на Пд — земляробства. Вінаградарства і вінаробства. Рыбалоўны промысел. Прыморскія курорты з цэнтрам у г. Сан-Себасцьян.

У 1 ст. да нашай эры — сярэдзіне 5 ст. нашай эры тэрыторыя, заселеная продкамі баскаў (прыкладна сучасная ісп. прав. Навара), намінальна знаходзілася пад уладай рымлян і атрымала ад іх назву Васконія. Пад націскам вестготаў каля 580 частка баскаў перасялілася ў Франкскую дзяржаву, дзе ўтварыла герцагства Гасконь. У час барацьбы супраць маўраў (гл. Рэканкіста) узнікла некалькі баскскіх графстваў, цэнтральным з якіх стала Навара (з 10 ст. каралеўства). У 11—15 ст. уладанні баскаў падпарадкаваліся Навары і Кастыліі, у канцы 15 — пач. 16 ст. ўвайшлі ў адзіную ісп. дзяржаву і да 1876 захоўвалі некаторую аўтаномію (гл. Фуэрас). Пасля перамогі ў Іспаніі Нар. фронту ў 1936 створаны аўт. раён, названы Краінай Баскаў (у 1939 з падзеннем рэспублікі і ўсталяваннем дыктатуры Ф.Франка страціў сваё самакіраванне). З 1960-х г. у Іспаніі ўзмацніўся рух баскаў за аўтаномію, у т. л. тэрарыстычная дзейнасць падп. арг-цыі ЭТА (засн. ў 1959), у выніку якой у 1968—сярэдзіне 1995 загінулі каля 850 чал. Пасля падзення рэжыму Франка ў адпаведнасці з новай ісп. канстытуцыяй 1978 Баскаў краіна атрымала часовую, а са студз. 1980 пастаянную аўтаномію.

У.Я.Калаткоў (гісторыя).

т. 2, с. 340

БАСКЕ́Т

(франц. bosquet ад італьян. baschetto лясок, гаёк),

дэкаратыўная група дрэў або кустоў, густа пасаджаных вакол невял. замкнёнага ўчастка геам. формы і падстрыжаных у выглядзе высокіх роўных сценак (шпалер). Ствараюцца ў парках, бат. садах, дэндрарыях. У зялёных сценках баскету часам выразаюць спец. нішы для скульптур або малых арх. формаў. У еўрап. садова-паркавым мастацтве пашыраны з 16—18 ст. На Беларусі вядомы ў парках 18 ст. (Дубайскі парк, у в. Вялікае Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.). Элементы баскету выкарыстоўваюцца ў сучасным садова-паркавым мастацтве.

т. 2, с. 340