БАСЕ́Я,
гістарычная воласць, у верхнім цячэнні р. Басі, на стыку сучасных Горацкага і Шклоўскага р-наў Магілёўскай вобласці. Упершыню згадваецца каля 1136 у грамаце смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча, які атрымліваў з Басеі даніну ў памеры 15 грыўняў і вызначаў з яе дзесяціну на карысць смаленскага епіскапа. Цэнтр воласці ў 12—13 ст. знаходзіўся, верагодна, у сучасным урочышчы Пагост каля в. Новае Вільянава Шклоўскага р-на. У складзе ВКЛ разам з суседняй Горскай воласцю належала кн. Друцкім. У 1-й пал. 16 ст. адна частка Басеі належала кн. В.Ю.Друцкаму-Талачынскаму, другая — кн. С.Ямантовічу-Падбярэзскаму. Пазней у выніку падзелаў частка Басеі ўвайшла ў Шклоўскае і Капыскае графствы, паўд. ўскраіна — у Магілёўскую эканомію. Астатняя частка ператварылася ў самаст. маёнткі Сялец і Якаўлевічы Аршанскага пав.
В.Л.Насевіч.
т. 2, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)