Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАРАВІ́К Марыя Якаўлеўна

(н. 22.2.1946, в. Праабражэнка Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1978). Працуе ў Падсвільскай дзіцячай бібліятэцы. Друкуецца з 1965. У вершах гуманіст. пафас, задушэўнасць і даверлівасць інтанацый, трывожны клопат пра лёс народа і роднай прыроды (зб-кі «Поле долі», 1985; «Вір пяшчоты і журбы», 1995).

т. 2, с. 286

БАРАВІ́К Рыгор Іванавіч

(н. 28.1.1939, в. Сахноўцы Стараканстанцінаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна),

бел. рэжысёр. Канд. мастацтвазнаўства. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Працаваў у Брэсцкім абл. драм. (з 1966) і Бел. рэсп. юнага гледача (з 1971, у 1974—78 гал. рэжысёр) тэатрах, з 1985 у маладзёжным т-ры Беларусі. З 1993 у Бел. ун-це культуры. Пастаноўкі Баравіка адметныя сучаснасцю гучання, спалучэннем псіхалагізму з яркай відовішчнасцю: «Звычайная гісторыя» паводле І.Ганчарова (1967), «Трыбунал» А.Макаёнка (1971), «Чатыры кроплі» В.Розава (1975), «Чайка» А.Чэхава (1977), «Гэтыя незразумелыя старыя людзі» паводле С.Алексіевіч (1986), «Непаразуменне» А.Камю (1989), «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1993), «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча (1995). Выступае ў перыяд. друку па праблемах т-ва і бел. драматургіі.

т. 2, с. 286

БАРАВІ́К Фёдар Васілевіч

(1.1.1923, в. Кашалі Пухавіцкага р-на Мінскай вобласці — 19.1.1991),

бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1953). Праф. (1971). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1979). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1950). З 1953 у БДУ. У 1959—61 нам. дырэктара Бел. ін-та нар. гаспадаркі, у 1961—69 у Мінскім пед. ін-це. З 1969 рэктар Бел. ін-та нар. гаспадаркі. Навук. даследаванні па праблемах палітэканоміі і эфектыўнасці грамадскай вытв-сці.

т. 2, с. 286

БАРАВІКІ́,

вёска ў Беларусі, у Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 12 км на ПдУ ад Светлагорска, 98 км ад Гомеля, 15 км ад чыг. ст. Светлагорск-на-Бярэзіне. 1027 ж., 461 двор (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

т. 2, с. 287

БАРАВІКО́ВА Раіса Андрэеўна

(н. 11.5.1947, в. Пешкі Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1971). Працавала на кінастудыі «Беларусьфільм», у рэдакцыях рэсп. газет, з 1991 у час. «Алеся». Друкуецца з 1960. У зб-ках паэзіі «Рамонкавы бераг» (1974), «Слухаю сэрца» (1978), «Такое кароткае лета» (1981), «Адгукнуся голасам жалейкі» (1984), «Каханне» (1987, Літ. прэмія імя А.Куляшова 1988), «Пад небам першага спаткання» (1990), «Люстэрка для самотнай» (1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1993) дамінуе тэма кахання, прага высокага духоўнага ідэалу, роздум пра час, абавязак перад сваім народам, долю жанчыны, пошук чалавечага шчасця. Эпізоды бел. гісторыі адлюстраваны ў вострасюжэтнай драм. паэме «Барбара Радзівіл» (1992). Аповесць «Кватарантка» (1980) пра моладзь, пошукі свайго месца ў жыцці. Аўтар кн. казак і апавяданняў для дзяцей, п’ес «Барбара Радзівіл» (паст. 1994 т-рам-лабараторыяй бел. драматургіі «Вольная сцэна»), «Пятля часу» (1996).

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 287

БАРАВІКО́ЎСКІ Леў Іванавіч

(22.2.1806, с. Мялюшкі Палтаўскай вобл., Украіна — 26.12.1889),

украінскі паэт, фалькларыст. Аўтар песень, вершаў, балад, дум і баек (зб. «Байкі ды прыгаворкі Ляўка Баравікоўскага», 1852). У вершах закранаў этычныя, бытавыя, радзей сац. праблемы. Самая вядомая рамант. балада Баравікоўскага — «Маруся» (1829), напісаная па матывах твора В.Жукоўскага «Святлана». Этнограф, збіральнік нар. песень, прымавак, павер’яў, склаў слоўнік укр. мовы.

т. 2, с. 287

БАРАВІКО́ЎСКІ Уладзімір Лукіч

(4.8.1757, г. Міргарад, Украіна — 18.4.1825),

рускі і ўкр. жывапісец-партрэтыст. Акадэмік (з 1795), саветнік (з 1802) Пецярбургскай АМ. Вучыўся ў аўстр. мастака І.Б.Лампі. У партрэтах 1790-х г. яскрава выявіліся ідэі сентыменталізму (партрэт Кацярыны II). Імкнуўся ствараць натуральныя вобразы асоб, здольных на тонкія перажыванні, паэт. мары і элегічныя настроі (партрэты А.А.Менеласа, В.В.Капніста, К.М.Арсеньевай, М.І.Лапухіной, А.Г. І В.Г.Гагарыных). У мужчынскіх партрэтах імкнуўся ўвасобіць ідэал паважаных дзярж. дзеячаў (Д.П.Трашчынскага, Ф.А.Бароўскага, А.Ф.Бястужава і інш.). Пасля 1800 у яго творчасці з’яўляюцца рысы класіцызму (партрэты А.І.Безбародка з дочкамі, А.А. і М.І.Далгарукіх, А.Л.Ж. дэ Сталь і інш.). Баравікоўскаму належаць парадныя партрэты (Муртаза-Кулі-Хана, А.Б.Куракіна і інш.) і рэдкія ў тагачасным мастацтве вобразы сялян («Хрысціння», «Зіма ў вобразе селяніна»). У 1793—94 стварыў абразы для Іосіфаўскага сабора ў Магілёве.

Літ.:

Алексеева Т.В. В.Л. Боровиковский и русская культура на рубеже 18—19 вв. М., 1975.

т. 2, с. 287

БАРАВІ́К-РАМА́НАЎ Віктар Андрэй Станіслававіч

(н. 18.3.1920, С.-Пецярбург),

расійскі фізік-эксперыментатар. Акад. АН СССР (1972, чл.-кар. з 1966). Скончыў Маскоўскі дзярж. ун-т (1947). З 1956 у Ін-це фіз. праблем АН СССР, адначасова ў Маскоўскім фізіка-тэхн. ін-це. Навук. працы па фізіцы магнітных з’яў. Адкрыў п’езамагнетызм, шэраг новых антыферамагнетыкаў, распрацаваў метады назірання спінавых хваляў.

Літ.:

Дзялошинский И.Е. и др. А.С.Боровик-Романов: (К шестидесятилетию со дня рождения) // Успехи физ. наук. 1980. Вып. 3.

т. 2, с. 287

БАРАВІ́ЦА,

вёска ў Беларусі, у Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці. Цэнтр сельсавета і акц. т-ва «Бераснёўскае». За 10 км на ПнУ ад г.п. Кіраўск, 77 км ад Магілёва, 35 км ад чыг. ст. Бярэзіна, на шашы Магілёў—Бабруйск. 790 ж., 229 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. Сувязі.

т. 2, с. 287

БАРАВО́Е,

вёска ў Беларусі, у Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на ПдЗ ад г. Дзяржынск, 47 км ад Мінска, 11 км ад чыг. ст. Койданава. 420 ж., 147 двароў (1995).

Вядома з 16 ст. ў складзе Старынкаўскай вол. Мінскага пав. ВКЛ, уласнасць Радзівілаў. У 1756 пабудавана царква. У 19 ст. ў складзе Койданаўскай вол. У 1867 адкрыта пач. школа. З 1924 цэнтр сельсавета Койданаўскага р-на, з 1932 — нац. польскага сельсавета, з 1936 — бел. сельсавета Дзяржынскага р-на. У Вял. Айч. вайну ў Баравым дзейнічала падп. група Дзяржынскага антыфаш. к-та. У 1970 — 288 ж., 99 двароў. У Баравым сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — капліца-пахавальня (пач. 20 ст.).

т. 2, с. 287