БАРАВІКО́ВА Раіса Андрэеўна

(н. 11.5.1947, в. Пешкі Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1971). Працавала на кінастудыі «Беларусьфільм», у рэдакцыях рэсп. газет, з 1991 у час. «Алеся». Друкуецца з 1960. У зб-ках паэзіі «Рамонкавы бераг» (1974), «Слухаю сэрца» (1978), «Такое кароткае лета» (1981), «Адгукнуся голасам жалейкі» (1984), «Каханне» (1987, Літ. прэмія імя А.Куляшова 1988), «Пад небам першага спаткання» (1990), «Люстэрка для самотнай» (1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1993) дамінуе тэма кахання, прага высокага духоўнага ідэалу, роздум пра час, абавязак перад сваім народам, долю жанчыны, пошук чалавечага шчасця. Эпізоды бел. гісторыі адлюстраваны ў вострасюжэтнай драм. паэме «Барбара Радзівіл» (1992). Аповесць «Кватарантка» (1980) пра моладзь, пошукі свайго месца ў жыцці. Аўтар кн. казак і апавяданняў для дзяцей, п’ес «Барбара Радзівіл» (паст. 1994 т-рам-лабараторыяй бел. драматургіі «Вольная сцэна»), «Пятля часу» (1996).

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)