Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАДУЭ́Н I

(Baudouin; 7.9.1930, Брусель — 31.7.1993),

кароль Бельгіі [1951—93], з Саксен-Кабургскай дынастыі. Стаў каралём пасля адрачэння свайго бацькі Леапольда III; яго пераемнік Альберт II.

т. 2, с. 214

БАДХЫ́ЗСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Марыйскай вобласці Туркменістана, у міжрэччы Тэджэна і Мургаба. Большая ч. на схіле ўзвышша Бадхыз — узгоркавым плато, якое з Пд абмежавана лагчынай Ерайландуз (20 км) з астанцавымі «сопкамі», саланчакамі, салёнымі азёрамі і інш. Засн. ў 1941 для аховы і вывучэння прыродных комплексаў пустыні Каракум і аднаўлення колькасці кулана. Пл. 88 тыс. га.

Расліннасць субтрапічная паўсаванная, разам з фісташнікамі стварае своеасаблівы ландшафт (з больш як 500 відаў вышэйшых раслін 10% эндэмікаў: цюльпан кушкінскі, кузінія бадхызская і інш.). Эфемеры і эфемероіды. У фауне 37 відаў паўзуноў, каля 250 птушак і 40 млекакормячых, у тым ліку кулан звычайны, джэйран, ліс, карсак, варан і інш. Выяўлены раней невядомы навуцы від гекона.

т. 2, с. 214

БАДЭЛЕ́ІТ,

мінерал падкласа простых аксідаў, двухвокіс цырконію (ZrO2). Мае ў сабе 96,5—99% ZrO2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі каротка- або доўгапрызматычныя, таблітчастыя. Колер жоўты, зялёны, карычневы, чорны. Бляск тлусты, шкляны. Цв. 6,5. Крохкі. Шчыльн. 5,4—6 г/см³. Трапляецца ў карбанатных і ультраасноўных шчолачных пародах, алмазаносных і інш. россыпах. Сыравіна для керамічнай прам-сці, вытв-сці абразіваў, ферасплаваў і атрымання метал. Цырконію.

т. 2, с. 214

БА́ДЭН

(Baden),

гістарычная вобласць на ПдЗ Германіі. З 11 ст. ням. маркграфства. У 1535 падзялілася на маркграфствы Бадэн-Бадэн (каталіцкае) і Бадэн-Дурлах (пратэстанцкае). У 1771 яны зноў аб’яднаны. У 1806—1918 вял. герцагства са сталіцай у Карлсруэ. Закон аб выбарах, канстытуцыя Бадэна 1818 былі ўзорам ранняга герм. канстытуцыяналізму. У час Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў Бадэне адбыліся паўстанні, у тым ліку Бадэнска-Пфальцкае паўстанне 1849. У аўстра-прускай вайне 1866 Бадэн удзельнічаў на баку Аўстрыі, у 1870 уступіў у Паўн.-Германскі саюз, з 1871 у складзе Германскай імперыі. З 1919 рэспубліка ў складзе Веймарскай рэспублікі, пасля 1933 зямля фаш. Германіі. У 1945 Бадэн акупіравалі амер. (Пн) і франц. (Пд) саюзныя войскі. Пасля рэферэндуму 6.12.1951 Бадэн увайшоў у зямлю ФРГ Бадэн-Вюртэмберг.

т. 2, с. 215

БА́ДЭН

(Baden),

Бадэн-бай-Він, горад у Аўстрыі, у перадгор’ях Венскага Лесу, зямля Ніжняя Аўстрыя. Засн. Стараж. рымлянамі. Каля 24 тыс. ж. (1991). Вінаробства. Бальнеалагічны курорт. Міжнар. вядомасць набыў у канцы 18—19 ст., калі стаў месцам адпачынку і летняй рэзідэнцыяй аўстр. двара. 15 крыніц тэрмальных (да 36 °C) серных мінер. водаў для лячэння захворванняў сардэчна-сасудзістай, перыферычнай нерв., апорна-рухальнай і інш. сістэм. Санаторыі, гасцініцы, пансіянаты, НДІ рэўматалогіі і бальнеалогіі. Буйнейшы ў Ніжняй Аўстрыі цэнтр турызму. Музеі. Гатычныя касцёлы. Замкі 12 і 13 ст. (перабудаваныя). Старадаўнія камяніцы, у т. л. «Дом Моцарта».

т. 2, с. 215

БА́ДЭН

(Baden),

горад на Пн Швейцарыі, у кантоне Аргаў, на р. Лімат. Засн. Стараж. рымлянамі. Каля 67 тыс. ж. (1990). Эл.-тэхн., лёгкая прам-сць. Бальнеалагічны курорт. Арх. помнікі 15—18 ст.

т. 2, с. 215

БАДЭ́Н

(Bodin) Жан (1530, г. Анжэ, Францыя — 1596),

французскі мысліцель, сацыёлаг, прававед. Вывучаў права ў Тулузе. У працы «Метад лёгкага вывучэння гісторыі» (1566) разглядаў грамадства як суму кроўна-гасп. саюзаў. У творы «Шэсць кніг пра рэспубліку» (1576), адмаўляючы боскае паходжанне ўлады, абгрунтоўваў ідэю спадчыннай манархіі. Прычынай паліт. пераваротаў лічыў маёмасную няроўнасць. У кн. «Дыялог сямі чалавек» (1593) абараняў дэістычную ідэю прыроднага паходжання рэлігіі.

т. 2, с. 215

БА́ДЭНВАЙЛЕР

(Badenweiler),

бальнеакліматычны курорт у ФРГ. На ПдЗ ад г. Фрайбург-ім-Брайсгаў, каля гор Шварцвальд. Мяккі клімат і крыніцы цёплых мінер. водаў (выкарыстоўваліся яшчэ рымлянамі) лечаць хваробы органаў дыхання, суставаў, перыферычнай нерв. сістэмы. Лячэбныя ўстановы, парк, муз. і тэатр. залы, помнікі архітэктуры.

т. 2, с. 215

БА́ДЭНСКАЯ КУЛЬТУ́РА

(Baden),

археалагічная культура плямёнаў позняга энеаліту (3-е тыс. да нашай эры) на тэр. Аўстрыі, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, часткова Румыніі, Германіі, Зах. Украіны. Назва ад знаходак у пячоры каля г. Бадэн (Аўстрыя). Насельніцтва займалася паляваннем і жывёлагадоўляй, жыло на ўмацаваных паселішчах. Пахавальны абрад — адзіночныя і калектыўныя трупапалажэнні, радзей трупаспаленні на грунтавых могільніках. Характэрны каменныя паліраваныя сякеры, упрыгожанні з ракавін, трапляюцца медныя рэчы (сякеры-молаты, упрыгожанні з дроту). Кераміка цёмнага колеру, з высокімі ручкамі, вушкамі, часам упрыгожаная канелюрамі. У час Бадэнскай культуры ў Еўропе прыручаны конь, з’явіліся павозкі з суцэльнымі дыскападобнымі коламі.

т. 2, с. 216

БА́ДЭНСКАЯ ШКО́ЛА,

фрайбургская школа, гейдэльбергская школа, кірунак у неакантыянстве канца 19 — пач. 20 ст. Мела значны ўплыў у Германіі. Гал. прадстаўнікі В.Віндэльбанд, Г.Рыкерт, Р.Кронер, Э.Ласк, Г.Мюнстэрберг і інш. Паводле вучэння прадстаўнікоў гэтай школы, у свеце неабходнасці і ўсеагульных абсалютных каштоўнасцяў існуе надіндывідуальная абстрактная дасканалая свядомасць, вышэйшая ступень існавання якой ідэал. Але ідэалы не заўсёды здзяйсняюцца. Адсюль і кантаўская супярэчнасць паміж быццём і неабходнасцю, павіннасцю. Асн. ідэя Бадэнскай школы ў тым, што філасофія — гэта навука пра ідэальныя нормы і абсалютныя каштоўнасці, а эмпірычныя навукі вывучаюць тое, што існуе заўсёды, устанаўліваюць агульныя заканамернасці з’яў прыроды; у адрозненне ад гэтых навук гіст. навука — ідэаграфічная (апісвае і ацэньвае грамадскія з’явы).

Літ.:

Ситковский Е. Неокантианство // Из истории философии XIX века: Сб. ст. М., 1933;

Григорьян Б. Неокантианство: Критич. очерк. М., 1962.

В.П.Пешкаў.

т. 2, с. 216