БА́ДЭН
(Baden),
гістарычная вобласць на ПдЗ Германіі. З 11 ст. ням. маркграфства. У 1535 падзялілася на маркграфствы Бадэн-Бадэн (каталіцкае) і Бадэн-Дурлах (пратэстанцкае). У 1771 яны зноў аб’яднаны. У 1806—1918 вял. герцагства са сталіцай у Карлсруэ. Закон аб выбарах, канстытуцыя Бадэна 1818 былі ўзорам ранняга герм. канстытуцыяналізму. У час Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў Бадэне адбыліся паўстанні, у тым ліку Бадэнска-Пфальцкае паўстанне 1849. У аўстра-прускай вайне 1866 Бадэн удзельнічаў на баку Аўстрыі, у 1870 уступіў у Паўн.-Германскі саюз, з 1871 у складзе Германскай імперыі. З 1919 рэспубліка ў складзе Веймарскай рэспублікі, пасля 1933 зямля фаш. Германіі. У 1945 Бадэн акупіравалі амер. (Пн) і франц. (Пд) саюзныя войскі. Пасля рэферэндуму 6.12.1951 Бадэн увайшоў у зямлю ФРГ Бадэн-Вюртэмберг.
т. 2, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)