Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАРО́НІКІ,

гарадзішча (5 ст. да нашай эры — 4—5 ст. нашай эры) днепра-дзвінскай культуры каля в. Баронікі Віцебскага р-на. Пляцоўка авальная, памерам 74 х 42 м; умацавана валам. Культурны пласт 0,2—0,9 м. Выяўлены рэшткі жытлаў слупавой канструкцыі, жал. нож, сякера скіфскага тыпу, каменныя клінападобныя сякеры, бронзавыя скроневыя кольцы і падвеска, ляпная гладкасценная кераміка. У 6—8 ст. гарадзішча, верагодна, выкарыстоўвалася як сховішча.

т. 2, с. 316

БАРО́НЬКІ,

вёска ў Беларусі, у Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на Пд ад Касцюковічаў, 185 ад Магілёва, 12 км ад чыг. ст. Бялынкавічы. 523 ж., 204 двары (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

У 19 ст. вёска ў Клімавіцкім пав. Працавала царкоўнапрыходская школа, з 1909 — нар. вучылішча. З крас. 1919 Баронькі ў Гомельскай губ. РСФСР, з сак. 1924 зноў у складзе БССР. З 17.7.1924 у Бялынкавіцкім раёне, з 20.8.1924 цэнтр сельсавета. З 4.8.1927 у Касцюковіцкім раёне. У жн. 1941—вер. 1943 вёска акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1970 было 627 ж., 180 двароў.

т. 2, с. 316

БАРО́ЎКА,

паселішча ранняга этапу грэнскай культуры (12—10 тыс. г. да нашай эры) каля в. Бароўка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобласці. Культурны пласт 0,3 м. Уздоўж броўкі тэрасы выяўлены ў выглядзе скопішчаў расшчэплены крэмень: адшчэпы, пласціны, нуклеусы і вырабленыя рэчы (наканечнікі стрэл, скрабкі, праколкі, разцы, вастрыі), што сведчыць пра існаванне на паселішчы месцаў пач. апрацоўкі крэменю.

т. 2, с. 316

БАРО́ЎСКІ Анатоль Мікалаевіч

(н. 12.5.1942, в. Крушнікі Мазырскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Мазырскі пед. ін-т (1967). Друкуецца з 1963. Аўтар зб-каў апавяданняў і аповесцяў «Каліна пад акном» (1987), «Азірніся ў каханні» (1994), дзе ўздымае вострыя маральна-этычныя праблемы. Герой аповесці «Бронік-афганец» (нап. 1990) вяртаецца з афганскай вайны ў чарнобыльскую зону, змагаецца з раўнадушшам чыноўнікаў, каб дамагчыся праўды, памагчы людзям. Барацьба лесніка за захаванне прыроды для нашчадкаў — тэма аповесці «Княжабор» (нап. 1991). Аўтар кніг нарысаў «Надзейная змена» (1980), «Цвітуць над Прыпяццю сады» (1987, з Ю.Герасіменкам, на рус. мове).

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 316

БАРО́ЎСКІ Ісаак Юльевіч

(18.11.1921, Віцебск — 5.3.1991),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1941). Працаваў у жанры партрэта і пейзажа. Творы адметныя сакавітым колерам, пластычнасцю кампазіцыі. Сярод работ: партрэты Ц.Ц.Тарасава, Ц.А.Каваленкі, В.Л.Парахневіча, прафесара І.Л.Саснавіка, мастака Г.Ф.Шутава, партыз. камандзіра Д.Ф.Райцава, даяркі Г.Е.Нікалаевай, «Медсястра» (усе 1967—70), старшыні калгаса М.І.Каца (1975); «Маладая калгасніца» (1978), урача-псіхіятра В.А.Анішчанкі (1981), настаўніцы М.К.Ждан (1991); пейзажы «Пасля навальніцы», «Куток Віцебска», «Ралля», «Ля возера», «Восень»; нацюрморты «Астры», «Хлеб» (усе 1991); кампазіцыя «Пэн Ю.» (1988——89) і інш.

М.Л.Цыбульскі.

т. 2, с. 316

БАРО́ЎСКІ Каспар

(1785, Гродзеншчына — 1854),

бел. жывапісец. У 1801—07 вучыўся ў Ф.Смуглевіча. У 1811—12 працаваў настаўнікам малявання ў Мінскай гімназіі, з 1813 — у Беластоку. У 1835 напісаў абразы для касцёла ў в. Вял. Эйсманты (Свіслацкі р-н). Аўтар шматлікіх бытавых замалёвак, у тым ліку «Гарадская харчэўня», «Цыганы» і інш.

т. 2, с. 316

БАРО́ЎСКІ

(Borowski) Леан (27.6.1784, Піншчына — 4.4.1846),

польскі літаратуразнавец. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Паставах. У 1807—11 выкладчык паэтыкі і рыторыкі ў Свіслацкай гімназіі. З 1811 у Вільні, у 1821—32 праф. Віленскага ун-та. Аўтар працы «Заўвагі аб паэзіі і рыторыцы ў сэнсе іх падобнасці і розніцы» (1820), у якой асудзіў мёртвыя каноны класіцызму і крайнасці рамантызму. Заклік Бароўскага выкарыстоўваць у паэзіі нар. песні і паданні знайшоў водгук у творчасці А.Міцкевіча, Я.Чачота і інш. прадстаўнікоў «віленскай рамантычнай школы». Перакладаў на польск. мову творы Мальера, Дж.Мільтана, Дж.Байрана. Як член т-ва шубраўцаў друкаваўся ў іх газеце «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны»).

А.В.Мальдзіс.

т. 2, с. 316

БАРО́-ХАРО́,

хрыбет на Пн Цянь-Шаня, у межах Зах. Кітая і Усх. Казахстана. Даўж. з З на У каля 250 км. Выш. да 4359 км. Складзены з крышт. і метамарфічных парод. Характэрны альпійскія формы рэльефу. Па схілах горны стэп (да 1800 м), хвойныя лясы, альпійскія лугі. Ледавікі.

т. 2, с. 317

БА́РС,

леапард (Panthera pardus), драпежная млекакормячая жывёла сям. каціных. Пашыраны ў Афрыцы (няма толькі ў Сахары), у Малой, Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд. Азіі. Жыве ў глухіх трапічных, субтрапічных і мяшаных лясах, на горных схілах і раўнінах, у саваннах, зарасніках па берагах рэк.

Даўж. цела да 180 см, хваста да 110 см, маса звычайна 32—40, зрэдку да 100 кг. Самкі меншыя за самцоў. Цела выцягнутае, ногі кароткія. Поўсць густая, пушыстая. Афарбоўка жоўтая або рыжая з чорнымі плямамі. Нараджае 1—3 дзіцянят. Корміцца пераважна капытнымі, а таксама птушкамі і грызунамі. Ахоўваецца. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

т. 2, с. 317

БА́РСАВА

(сапр. Уладзімірава) Валерыя Уладзіміраўна (13.6.1892, г. Астрахань, Расія — 13.12.1967),

руская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1937). Праф. (1952). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1919). З 1917 спявала ў Оперным т-ры Зіміна (выступала з Ф.Шаляпіным). У 1920—48 салістка Вял. т-ра ў Маскве. Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.Глінкі), Шамаханская царыца («Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 2, с. 317