БАРО́ЎСКІ

(Borowski) Леан (27.6.1784, Піншчына — 4.4.1846),

польскі літаратуразнавец. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Паставах. У 1807—11 выкладчык паэтыкі і рыторыкі ў Свіслацкай гімназіі. З 1811 у Вільні, у 1821—32 праф. Віленскага ун-та. Аўтар працы «Заўвагі аб паэзіі і рыторыцы ў сэнсе іх падобнасці і розніцы» (1820), у якой асудзіў мёртвыя каноны класіцызму і крайнасці рамантызму. Заклік Бароўскага выкарыстоўваць у паэзіі нар. песні і паданні знайшоў водгук у творчасці А.Міцкевіча, Я.Чачота і інш. прадстаўнікоў «віленскай рамантычнай школы». Перакладаў на польск. мову творы Мальера, Дж.Мільтана, Дж.Байрана. Як член т-ва шубраўцаў друкаваўся ў іх газеце «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны»).

А.В.Мальдзіс.

т. 2, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)