Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАРКО́ЎСКІ Сцяпан Андрэевіч

(10.4.1905, г. Слуцк — 11.6.1966),

бел. этнограф, літ. крытык. Скончыў БДУ (1926). Працаваў у Інбелкульце, Ін-це гісторыі АН Беларусі (1926—36). У 1936 рэпрэсіраваны. Працаваў у лагерах Краснаярскага краю, Сярэдняй Азіі, Казахстана. Рэабілітаваны ў 1955. У 1956—66 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Друкаваўся з 1925. Аўтар артыкулаў па гісторыі, фальклоры, этнаграфіі, краязнаўстве, бел. л-ры, даследавання «Першае мая на Беларусі» (1927, 3-е выд. 1932). Складальнік альбома бел. нар. набіванак, кн. твораў В.Маракова, В.Каваля, А.Дудара, М.Нікановіча.

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 309

БАРКО́ЎСКІ Яўген Віктаравіч

(н. 18.5.1946, г. Мінск),

бел. біяхімік. Д-р біял. н. (1987), праф. (1989). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1969), дзе і працуе. Навук. працы па малекулярных механізмах рэгуляцыі метабалічнага стану імунакампетэнтных клетак, тэарэт. канфармацыйным аналізе бялкоў.

Тв.:

Практикум по биофизической химии. Мн., 1991 (у сааўт.).

т. 2, с. 309

Баркоўскі Віталь Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 344

БАРКО́ЎШЧЫНА,

Малая Даўгоўшчына, возера ў Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 8 км на Пд ад г.п. Ушачы. Пл. 0,16 км², даўж. 760 м, найб. шыр. 300 м, найб. глыб. 21,8 м, даўж. берагавой лініі 2,3 км. Пл. вадазбору 11,4 км².

Схілы катлавіны выш. 20—30 м, на Пд і Пн не выражаны, на З абразійны ўступ выш. 2—3,5 м. Берагі нізкія, на ПнЗ і З сплавіна шыр. 5—10 м, усх. бераг пясчаны, паўд. забалочаны. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбакаводдзе выслана глеем. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. ад 10 да 250 м. Злучана ручаём з воз. Доўжына. Уваходзіць у курортную зону Ушачы.

т. 2, с. 309

БАРКУЛА́БАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,

Баркулабаўская хроніка, Баркалабаўскі летапіс, помнік бел. летапісання пач. 17 ст. Захаваўся ў адзіным спісе, які зберагаецца ў Дзярж. гіст. музеі ў Маскве. Складзены ў мяст. Баркулабава (цяпер в. Баркалабава Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.), як мяркуюць, мясц. святаром Ф.Філіповічам. Ахоплівае перыяд 1545—1608, сістэматычнае апісанне падзей пачынаецца з 1564 — ад заснавання Баркалабам Корсакам вёскі і замка. Змяшчае занатоўкі пра мяст. Баркулабава і яго ваколіцы, дзярж. і прыватныя дакументы, нар. легенды і паданні. Шмат звестак пра жыццё, побыт, звычаі сялян, міграцыю насельніцтва, цэны на с.-г. прадукцыю, стыхійныя бедствы. Расказвае пра грамадска-паліт. і рэліг. жыццё Беларусі і Расіі канца 16 — пач. 17 ст. Аўтар асвятляў падзеі з патрыят. пазіцый чалавека, блізкага да нар. нізоў. Напісаны жывой вобразнай і каларытнай бел. мовай.

В.А.Чамярыцкі.

т. 2, с. 309

БАРКУ́Н,

буркун (Melilotus), род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы; інтрадукаваны ў Паўн. Амерыку, Аўстралію. На Беларусі 3 дзікарослыя віды — баркун белы (Melilotus albus), жоўты, або лекавы (Melilotus officinalis), і волжскі (Melilotus wolgicus) — рэдкая занесеная расліна. Растуць на парушаных месцах уздоўж дарог, каля жылля, на сметніках, па далінах рэк.

Двух-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1,5—2 м. Лісце трайчастае, з дробных пілаватазубчастых лісточкаў. Кветкі дробныя, паніклыя, розных колераў (часцей белыя, бэзавыя, жоўтыя), у пазушных гронках. Плод — невялікі яйцападобны сціснуты струк. Кармавыя, лек., меданосныя, сідэратныя і араматычныя (маюць духмянае рэчыва кумарын) расліны. Выкарыстоўваюцца ў лікёра-гарэлачнай і харч. прам-сці, у медыцыне і сельскай гаспадарцы.

т. 2, с. 310

БАРКУ́Н Міхаіл Аляксеевіч

(н. 20.3.1948, Мінск),

бел. вучоны ў галіне электрасувязі. Канд. тэхн. н. (1982). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1972), дзе і працаваў. З 1993 рэктар Вышэйшага каледжа сувязі. Навук. працы па тэорыі кіравання ў тэхніцы звышвысокіх ваганняў, сістэмах і сетках электрасувязі, лічбавых сістэмах камутацыі. Аўтар вучэбных дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Цифровые автоматические телефонные станции. Мн., 1990.

т. 2, с. 310

БА́РЛАЎ

(Barlow) Петэр (13.10.1776, Норвіч, графства Норфалк, Вялікабрытанія — 5.3.1862),

англійскі матэматык і фізік. Чл. Лонданскага Каралеўскага т-ва (1823), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1826). Адукацыю атрымаў самастойна. З 1801 выкладаў у Каралеўскай ваен. акадэміі ў Вулвічы. Навук. работы па матэматыцы, эл.-магнетызме і оптыцы. Распрацаваў ахраматычныя лінзы, сканструяваў першую мадэль эл. рухавіка, склаў «Барлаў табліцы» (1814), якія рэгулярна перавыдаваліся да 1947.

Тв.:

Таблицы квадратов, кубов, квадратных корней, кубических корней и обратных величин всех целых чисел до 15 000. М., 1975.

т. 2, с. 310

БА́РЛАХ

(Barlach) Эрнст (2.1.1870, г. Ведэль, Германія — 24.10.1938),

нямецкі скульптар, графік, пісьменнік. Вучыўся ў Гамбургскай школе маст. рамёстваў (1888—91), у Дрэздэнскай АМ (з 1891), у Парыжы (1895—96). У 1906 быў у Расіі, на Украіне, з 1910 працаваў у Гюстраве. Пластычную мову ням. готыкі Барлах пераасэнсаваў у духу экспрэсіянізму. Яго творам уласцівае спалучэнне гранічнай кампактнасці формы з рэзкімі пластычнымі кантрастамі, што часта надае ім абвостраную эмацыянальную напружанасць («Мсціўца», 1923). Скульптуры Барлаха прасякнуты глыбокім спачуваннем да пакут чалавека, вылучаюцца антымілітарысцкім пафасам: «Паранены», «Апалчэнец», «Малады салдат», «Загінулы», «Маці», «Бацька», «Сустрэча». Аўтар ілюстрацый да ўласнай драмы «Бедны кузен» (1918), да «Фауста» І.В.Гётэ (1923) і інш.

Я.Ф.Шунейка.

т. 2, с. 310

БА́РМА,

рускі дойлід 16 ст. У 1555—60 з І.Поснікам (паводле некаторых меркаванняў, Барма і Поснік — адна і тая ж асоба) стварыў у Маскве на Краснай плошчы унікальны помнік архітэктуры — Пакроўскі сабор (гл. Васіля Блажэннага храм).

Літ.:

Брунов Н.И. Мастера древнерусского зодчества. М., 1953.

т. 2, с. 310