БАРКУ́Н,

буркун (Melilotus), род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы; інтрадукаваны ў Паўн. Амерыку, Аўстралію. На Беларусі 3 дзікарослыя віды — баркун белы (Melilotus albus), жоўты, або лекавы (Melilotus officinalis), і волжскі (Melilotus wolgicus) — рэдкая занесеная расліна. Растуць на парушаных месцах уздоўж дарог, каля жылля, на сметніках, па далінах рэк.

Двух-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1,5—2 м. Лісце трайчастае, з дробных пілаватазубчастых лісточкаў. Кветкі дробныя, паніклыя, розных колераў (часцей белыя, бэзавыя, жоўтыя), у пазушных гронках. Плод — невялікі яйцападобны сціснуты струк. Кармавыя, лек., меданосныя, сідэратныя і араматычныя (маюць духмянае рэчыва кумарын) расліны. Выкарыстоўваюцца ў лікёра-гарэлачнай і харч. прам-сці, у медыцыне і сельскай гаспадарцы.

т. 2, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)