Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАНА́ЛЬНАСЦЬ,

1) у мове вышыня; галоснага гука, характэрная для яго параўнання з іншым.

2) У музыцы дакладнае вышыннае размяшчэнне гукаў ладу. Назва пэўнай Т. складаецца з абазначэнняў тонікі і ладу (ля мажор A-dur, скарочана A; фа-дыез мінор ці fis-moll; скарочана fis). У сучаснай гука-.вой сістэме тонікай можа служыць кожны з 12 гукаў актавы, адпаведна кожны лад можа быць рэалізаваны ў 12 Т.

т. 15, с. 416

ТА́НАНА (Tanana),

рака на Алясцы, у ЗША, левы прыток р. Юкан. Даўж. 960 км, пл. бас. 115 тыс. км². Вытокі ў гарах Урангеля. У верхнім цячэнні парожыстая, ніжэй утварае шмат рукавоў і старыц. Ледастаў з кастр. да мая. Леняе разводдзе. Сярэдні расход вады 970 м³/с. Суднаходная на 360 км ал вусця. На правым прытоку Т. (р. Чэна) — г. Фэрбанкс.

т. 15, с. 416

ТАНАНА́ЕЎ Іван Уладзіміравіч (4.6.1904, с. Сярповае Маршанскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 28.2.1993),

расійскі хімік. Акад. Рас. АН (1958, чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1925), дзе і працаваў. З 1935 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі АН СССР, адначасова ў 1939—68 выкладаў у маскоўскіх ВНУ (з 1940 праф.). У 1965—88 гал. рэдактар час. «Неорганические материалы». Навук. працы па неарган. і аналіт. хіміі, фіз.-хім. аналізе. Прапанаваў метад вывучэння гетэрагенных сістэм з маларастваральнымі кампанентамі (1967—69, метад астаткавых канцэнтрацый Т.). Распрацаваў метады атрымання звышчыстых крэмнію, германію, ферацыянідны метад атрымання рубідыю і цэзію з раствораў калійных солей. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951, 1971.

Тв.:

Химия германия. М., 1967 (разам з М.​Я.​Шпіртам);

Химия ферроцианидов. М., 1971 (у сааўт.);

Особенности кристаллохимии соединений редкоземельных элементов. М., 1984 (разам з Г.​А.​Бандуркіным, Б.​П.​Джурын-1 скім).

Літ.:

И.​В.​Тананаев. М., 1979.

І.У.Тананаеў.

т. 15, с. 416

ТАНАНАРЫ́ВЕ (Tananarive),

горад, сталіца Мадагаскара, гл. Антананарыву.

т. 15, с. 416

Танана Людміла Аляксандраўна

т. 18, кн. 1, с. 461

ТАНАТАЛО́ГІЯ (ад грэч. thanatos смерць + ...логія),

раздзел медыцыны, які вывучае дынаміку і механізмы працэсу памірання, прычыны і прыкметы смерці. Развіваецца з 20 ст. Адрозніваюць агульную і спец. Т. (суд.-мед.). У шырокім сэнсе ахоплівае рэліг., філас., псіхал. аспекты смерці. Удасканальвае метадычныя прыёмы вызначэння стадый тэрмінальнага стану і часу надыходу клінічнай і біял. смерці.

т. 15, с. 416

ТАНАТАЦЭНО́З (ад грэч. thanatos смерць + ...цэноз),

комплекс мёртвых жывёл, раслін або рэшткаў, што жылі на канкрэтным месцы ці прынесеныя вадой, ветрам з інш. месцаў. Узнікненню іх садзейнічала агульная прычына, напр., стыхійнае бедства (паводкі, лясныя пажары, смерчы і інш.). Ужываюць як сінонім некрацэнозу. З’яўляецца асновай утварэння рэшткаў раслін, жывёл на пачатку стадыі пахавання (тафацэнозу). Можа разбурацца і знікаць пад уплывам гіпергенезу. Вывучае Т. палеанталогія.

т. 15, с. 416

ТА́НГА (ісп. tango),

старадаўні іспанскі нар. танец, блізкі да цыганскіх танцаў т.зв. стылю фламенка. Муз. памер ​2/4. Тэмп павольны. Мелодыя кубінскага паходжання. У 20 ст. ў змененым выглядзе атрымаў пашырэнне ў Амерыцы (пад назвай «аргенцінскае Т.») і Еўропе як салонны і эстр. парны танец. У яго харэаграфіі зліліся рысы ісп. і аргенцінскіх танцаў. Асн. рух (слізготны крок з раптоўнымі секунднымі прыпынкамі і рэзкай зменай становішча корпуса) свабодна вар’іруецца танцоўшчыкамі. На Беларусі Т. — папулярны бальны танец, уваходзіць у конкурсы па спарт. танцах, рэпертуар прафес. выканальніцкіх пар і самадз. студый бальнага танца.

Літ.:

Вега К. Аргентинское танго: Пер. с исп. // Музыка стран Латинской Америки. М., 1983.

Ю.​М.​Чурко.

т. 15, с. 417

ТА́НГА (Tanga),

горад на ПнУ Танзаніі. Адм. цэнтр аднайм. вобласці. Каля 200 тыс. ж. (2001). Марскі порт, пач. пункт чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: харчасмакавая, тэкст., металургічная, цэм., хім., дрэваапрацоўчая. Цэнтр асн. раёна ў краіне па вырошчванні сізалю і арахісу.

т. 15, с. 417

ТАНГА́Ж (франц. tangage кілявая гайданка),

вуглавы рух судна (або лятальнага апарата), пры якім яго падоўжная вось змяняе свой напрамак адносна гарыз. плоскасці. Характарызуецца вуглом і скорасцю.

т. 15, с. 417