Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАВА́РНЫ ЗАПА́С,

колькасць тавару вызначанага віду, які знаходзіцца ў сферы таварнага абарачэння, у працэсе руху ад вытворцы да спажыўца (транспартаванне. на складах) і спрыяе нармальнаму функцыянаванню гандлю. Не павінен быць залішні, таму што павялічваюцца выдаткі на захоўванне. Адрозніваюць Т.з. бягучага захоўвання (забяспечваюць штодзённыя патрэбы гандлю), сезонныя (для забеспячэння бесперабойнага гандлю ў перыяд сезоннай змены попыту і прапанавання), датэрміновага завозу (для гандлю ў цяжкадаступных па ўмовах надвор’я рэгіёнах), мэтавыя (на выпадак увядзення асобага становішча; гл. Дзяржаўныя рэзервы).

т. 15, с. 370

ТАВА́РНЫ ЗНАК,

абазначэнне ці сімволіка. якая зарэгістравана на падставе дзеючага заканадаўства і ставіцца на тавары (часам на ўпакоўцы): садзейнічае адрозненню аднародных тавараў (паслуг) розных юрыд. або фіз. асоб і іх рэалізацыі. Можа мець слоўныя (у т. л. імёны ўласныя), літарныя. лічбавыя, аб’ёмныя абазначэнні або іх камбінацыі, любы колер ці колеравыя спалучэнні. Асн. патрабаванні да Т.з.: прастата, індывідуальнасць, распазнавальнасць, прывабнасць для спажыўцоў, адсутнасць элементаў герба, дзярж. сцяга і інш. абазначэнняў, што з’яўляюцца аб’ектамі выключнай уласнасці дзяржавы і ўрада. У Т.з. можна ўключаць скарочаныя ці поўныя назвы міжнар. і міжурадавых арг-цый, пячаткі, узнагароды і інш. знакі адрознення, як неахоўваемыя элементы, калі на гэта ёсць згола адпаведнага кампетэнтнага органа ці іх уладальніка. Рэгіструецца ў краіне, дзе фірма мае намер яго выкарыстоўваць. На сусв. рынку тавары. маркіраваныя Т.з., звычайна на 15—20% каштуюць даражэй, чым немаркіраваныя. Уладальнік Т.з. мае выключнае права на яго выкарыстанне, ён можа прадаць яго юрыд. або фіз. асобам па ліцэнзійных пагадненнях. Зарэгістраваны ў рамках міжнар. пагадненняў (напр., Парыжскай канвенцыі па ахове прамысл. уласнасці), карыстаецца аховай ва ўсіх краінах-удзельніцах і наз. сусветным Т.з. Разам з Т.з. у якасці фірменнага знака ўжываецца гандлёвая марка, якой абазначаюцца не адзін, а ўсе тавары пэўнай фірмы.

Таварны знак акцыянернага таварыства «Атлант».

т. 15, с. 370

ТАВА́РНЫ КАПІТА́Л,

у марксісцкай тэорыі адна з функцыянальных форм і трэцяя стадыя кругаабароту прамысл. капіталу. У рэчаіснай форме паўстае ў выглядзе пэўнай масы вырабленых на продаж тавараў. У вартасным выражэнні ўключае затрачаную на яго вытв-сць частку авансавага капіталу і прыбавачную вартасць. Па меры ўзбуйнення вытв-сці і пашырэння грамадскага падзелу працы адбываецца адасабленне функцый рэалізацыі Т.к. ў форме гандл. капіталу.

т. 15, с. 370

ТАВА́РНЫ ФЕТЫШЫ́ЗМ (ад франц. fétiche ідал),

містычныя адносіны да тавараў, надзяленне іх звышнатуральнымі ўласцівасцямі; арэчаўленне вытв. адносін ва ўмовах таварнай вытв-сці. Заснаваны на тым, што стыхія рыначных адносін, якая пануе над людзьмі, знешне выступае ў выглядзе панавання над імі пэўных рэчаў. Ва ўмовах таварнай вытв-сці эканам. сувязі паміж людзьмі ажыццяўляюцца пры дапамозе тавараабмену. а лёс таваравытворцаў, іх дабрабыт цесна звязаны з лёсам вырабленых імі тавараў. Адносіны паміж людзьмі ва ўмовах рынку, дзе вызначальным фактарам вытв-сці з’яўляецца рух тавараў, таксама прымаюць форму адносін рэчаў. Такая залежнасць таваравытворцаў ад рыначнай кан’юнктуры параджае ў іх адносіны да тавару як звышнатуральнага феномена (фетыша), які ажыццяўляе самаст. рух і вызначае лёсы людзей.

А.​Л.​Падгайскі.

т. 15, с. 370

ТАВАРЫ́СКІ СУД,

грамадскі орган, які выбіраецца ў працоўных калектывах, навуч. установах, вайск. часцях, пры домакіраўніцтвах, сельскіх населеных пунктах і пасёлках адкрытым галасаваннем на агульных сходах калектываў. Парадак арганізацыі і дзейнасці Т.с. рэгламентуецца Палажэннем пра Т.с., зацверджаным Вярх. Саветам БССР 29.3.1977 (з наступнымі зменамі і дапаўненнямі). Т.с. разглядае справы пра парушэнні прац. дысцыпліны (прагул. спазненне), матэрыялы аб адм. парушэннях, а таксама некаторыя грамадз. справы (спрэчкі жыльцоў па выкарыстанні камунальнай уласнасці і аплаце камунальных паслуг, маёмасныя спрэчкі паміж грамадзянамі на невял. суму і інш.). Т.с. правамоцны ўжываць да парушальнікаў меры грамадскага ўздзеяння, ускласці грашовы штраф пэўных памераў і інш. спагнанні, прадугледжаныя Палажэннем.

Г.​А.​Маслыка.

т. 15, с. 370

ТАВАРЫ́СТВА АМА́ТАРАЎ НАВУ́К, Навуковае таварыства, Навучальнае таварыства,

тайная арг-цыя, заснаваная ў пач. 1820 навучэнцамі Свіслацкай гімназіі. Створана пад уплывам выдаўца газ. «Dekada Polska» («Польская дэкада») В.Гельтмана. Старшыня т-ва Д.​Шлаеўскі, сакратар Р.​Вашчыловіч. Праект статута арг-цыі ад 7.1.1820 складаўся з 7 раздзелаў, 30 параграфаў; члены т-ва падзяляліся на кандыдатаў, правадз. членаў, членаў-карэспандэнтаў, ганаровых членаў. Падтрымлівалі ідэю адраджэння Польшчы ў межах 1772, імкнуліся «сумеснымі сваімі працамі ўдасканальваць айчынную мову і памнажаць творы польскага красамоўя». Вядома 15 членаў т-ва. Заканчэнне 6-га (апошняга) класа, відаць, прывяло да самароспуску т-ва, але ёсць меркаванне, што яно існавала да арышту Гельтмана ў 1821.

В.​В.​Швед.

т. 15, с. 371

ТАВАРЫ́СТВА АМА́ТАРАЎ РАСІ́ЙСКАЙ СЛАВЕ́СНАСЦІ,

літаратурна-навуковае таварыства ў 1811—1930 (з перапынкам у 1837—58) пры Маскоўскім ун-це. Старшыні: М.​Загоскін, А.​Хамякоў, М.​Пагодзін, І.​Аксакаў, Ф.​Буслаеў, П.​Сакулін і інш. На пасяджэннях выступалі А.​К.​Талстой, І.​Тургенеў, А.​Фет, Ф.​Дастаеўскі, Л.​Талстой, І.​Бунін, В.​Брусаў і інш. Т-ва выдала: «Працы ТАРС» (ч. 1—20. 1812—21), «Творы ў прозе і вершах» (ч. 1—7, 1822—28), «Тлумачальны слоўнік...» У.​Даля (ч. 1—4, 1863—66), «Песні, сабраныя П.​В.​Кірэеўскім» (вып. 1—10, 1860—74; новая серыя, вып. 1—2, 1911—29), зб-кі «Тургенеў і яго час» (1923), «Пушкін» (т. 1—2, 1924—30).

т. 15, с. 371

ТАВАРЫ́СТВА АХВО́ТНІКАЎ БЕЛАРУ́СКАГА НАРО́ДНАГА ШТУКА́РСТВА ў Петраградзе.

Існавала ў 1918 пры падтрымцы Беларускага нацыянальнага камісарыята. Чл.-заснавальнікі — Ч.​Родзевіч (ініцыятар стварэння), З.​Жылуновіч (Ц.​Гартны), І.​Лагун, Б.​Тарашкевіч, Г.​Багдановіч. Мела на мэце садзейнічаць развіццю бел. л-ры, т-ра, вуснай нар. творчасці, архітэктуры, музыкі, клапаціцца пра помнікі мастацтва. Мела аддзяленне ў Пецяргофскім р-не Петраграда. Пры т-ве існаваў драм. гурток. У памяшканні т-ра драмы і камедыі 20.4.1918 т-ва наладзіла бел. вечарынку, на якой прысутнічала каля 300 чал. Калекцыя запісаў бел. нар. песень з архіва т-ва ў 1922 перададзена Беларускай драматычнай студыі ў Маскве.

Літ.:

Мастацтва Савецкай Беларусі. Т. 1. Мн., 1976.

В.​У.​Скалабан.

т. 15, с. 371

ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́САЎ І МАЛАРО́САЎ,

дабрачынная арганізацыя, створаная для падтрымкі эмігрантаў бел. і ўкр. паходжання ў г. Гранд-Рэпідз (ЗША, штат Мічыган). Дзейнічала ў 1913—14. Мела свой статут. Асн. задачу заснавальнікі т-ва бачылі ва ўстанаўленні трывалай сувязі паміж слав. народамі; перавага аддавалася асобам, якія нарадзіліся ў Беларусі і Украіне. Т-ва спрабавала захаваць нац. адметнасць бел. і ўкр. эмігрантаў у ЗША, аказвала ім матэрыяльную і фін. дапамогу.

Літ.:

Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993.

А.​В.​Ціхаміраў.

т. 15, с. 371

ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ АСВЕ́ТЫ (ТБА),

культурна-асветная арганізацыя ў Зах. Беларусі ў 1932—37. Створана ў Вільні на аснове Цэнтральнага саюза культурных і гаспадарчых арганізацый, зарэгістравана 22.12.1932. Арганізатары і кіраўнікі А.​І.​Луцкевіч, Р.​К.​Астроўскі, А.​Трэпка, Я.​Шнаркевіч, С.​Кароль, Я.​Бартуль, В.​Манкевіч і інш. З 1933 выдавала газ. «Родны край». Мэтай ТБА з’яўлялася дзейнасць па развіцці бел. культуры, пашырэнні школьнай і пазашкольнай асветы на бел. мове, уздым маральнага ўзроўню, вывучэнне польскай культуры, культ. адметнасцей інш. народаў, якія жывуць на супольнай з беларусамі тэрыторыі. Знаходзілася пад арганізац. кіраўніцтвам беларускай санацыі. З 1933 утварала гурткі, адкрыла 33 б-кі-чытальні, наладжвала лекцыі, спектаклі вандроўных т-раў, разгарнула выдавецкую дзейнасць. ТБА дамагалася адкрыцця бел. школ, умацавання ўцалелых Віленскай і Навагрудскай бел. гімназій, выступала супраць паланізацыі, хоць не адмаўляла супрацоўніцтва з польскімі культ.-асв. арг-цыямі, асуджала паліт. рэпрэсіі ў БССР. Кіраўніцтва ТБА заклікала Таварыства беларускай школы (ТБШ) да сумесных школьных акцый. Дзейнасць ТБА жорстка крытыкавалі дзеячы КПЗБ, Бел. хрысціянскай дэмакратыі. Паланафільскі характар і шлях кампрамісаў не пазбавіў ТБА ад праследаванняў польскіх улад, фін. цяжкасцей. З-за паліт. меркаванняў т-ва адмовілася далучыцца да заключанага ў лют. 1936 пагаднення паміж ТБШ і Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры аб адзінстве дзеянняў у школьнай справе, назваўшы яго «акцыяй Камінтэрна». Забаронена польскімі ўладамі 20.8.1937.

Літ.:

Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;

Вабішчэвіч А. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Бел. гіст. часоп. 1994. № 2.

А.​М.​Вабішчзвіч.

т. 15, с. 371