Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАЦЫЛІ́Н,

антыбіётык, які выпрацоўвае сянная палачка (Bacillus subtilis). Паводле хім. саставу — поліпептыд. Уздзейнічае на грамстаноўчыя (стафілакокі) і грамадмоўныя (кішэчная палачка) бактэрыі. Шырока не выкарыстоўваецца (інактывуецца пры наяўнасці бялковых рэчываў крыві і сывараткі).

т. 2, с. 360

БАЦЫ́ЛЫ,

палачкападобныя бактэрыі, у цыкл развіцця якіх уваходзіць спораўтварэнне. У вузкім сэнсе бацылы — аэробныя і факультатыўныя анаэробныя грамстаноўчыя палачкападобныя прадстаўнікі роду Bacillus, што ўтвараюць тэрмаўстойлівыя эндаспоры. Большасць бацыл — сапрафіты, удзельнічаюць у мінералізацыі арган. рэчыва і працэсах самаачышчэння асяроддзя. Выкарыстоўваюцца ў тэхн. мікрабіялогіі для атрымання ферментаў, антыбіётыкаў, мікрабіял. сродкаў барацьбы са шкоднікамі с.-г. культур; некаторыя бацылы з’яўляюцца ўзбуджальнікамі хвароб (сібірская язва, слупняк і інш.).

т. 2, с. 361

БА́ЦЬКАЎШЧЫНА,

Айчына, Радзіма, 1) гіст.-культуралагічнае і філасафічнае паняцце, якое азначае пэўную этнакультурную супольнасць, адносіны чалавека да яе, патрыятызм; сінонімы — родная краіна, родная зямля. У гісторыі бел. грамадскай думкі і л-ры прайшло шматвяковую эвалюцыю, зместам і формай адпаведную канкрэтна-гіст. умовам. У стараж. пісьмовых крыніцах паняцце Бацькаўшчына перадавалася выразамі «зямля», «руская зямля», «атчына», «атчызна», радзей — «материзна». Па меры фарміравання цэнтралізаванай дзяржавы, узмацнення этнакансалідацыйных працэсаў пашыраўся і паглыбляўся змест паняцця «айчына» як увасаблення агульнадзярж., агульнаграмадскіх інтарэсаў: «отчызна наша Великое князство Литовское» (Устаўная грамата вял. князя Аляксандра 1501); ужываліся і сінанімічныя выразы: «панство», «гаспадарства», «княства». У афіц. практыцы феад. грамадства ідэя Бацькаўшчыны найчасцей атаясамлівалася з ідэяй дзяржавы, народа ў іх саслоўна-прывілеяваным разуменні.

З актывізацыяй гуманіст. думкі на Беларусі ў эпоху Адраджэння пашырылася і дэмакр. канцэпцыя паняцця Бацькаўшчына, заснаваная на прынцыпах раўнапраўя людзей розных сац. станаў, нац. і канфесійнай прыналежнасці, на ідэі самаахвярнага служэння чалавека сваёй Радзіме. У творчасці Ф.Скарыны вылучаецца ідэя справядліва арганізаванага грамадства на аснове гарманічнасці асабістых і супольных інтарэсаў, усебаковага сац., культ.-духоўнага развіцця народа, адданасці ўсіх і кожнага роднай зямлі. Скарынаўская патрыят. традыцыя знайшла працяг у творчасці і грамадскай дзейнасці С.Буднага, В.Цяпінскага, Ф.Кміты-Чарнабыльскага, Л.Сапегі, Ф.Еўлашоўскага, Я.Цадроўскага, аўтараў Хронікі Быхаўца, Баркулабаўскага летапісу, «Прамовы Мялешкі», Магілёўскай хронікі і інш.

Паняцце Бацькаўшчыны паглыблена і ўзбагачана ў канцы 18 — пач. 20 ст., у эпоху нац. кансалідацыі, змагання за вызваленне бел. народа з-пад каланіяльнага ўціску (гл. ў арт. Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух). У новай бел. л-ры («Песня беларускіх жаўнераў», творы В.ДунінаМарцінкевіча, А. Вярыгі-Дарэўскага, К.Каліноўскага, нарадавольцаў групы «Гоман», Ф.Багушэвіча, А.Абуховіча, К.Каганца, пісьменнікаў-нашаніўцаў) выказаны адвечныя патрыят. імкненні, абуджэнне гіст., нац. свядомасці бел. народа, замілаванне сваёй Бацькаўшчынай, рашучасць бараніць яе. Рознабаковы, цэласны змест паняцце Бацькаўшчына, з улікам гал. кампанентаў (геагр.-тэр. абшар, народ, дзяржава, паліт. і эканам. лад, культура, мова, гіст. спадчына), набыло пасля рэвалюцыі 1905—07. Пад сцягам адраджэння Бацькаўшчыны-Беларусі кансалідаваліся літ., культ.-асветныя, парт., сац.-рэв. аб’яднанні, плыні, рухі, што праявілася ў дзейнасці Беларускай сацыялістычнай грамады, газ. «Наша доля»; «Наша ніва», бел. выдавецкіх суполак, Усебеларускага з’езда 1917 і інш. Барацьба за нац. адраджэнне Бацькаўшчыны ўкаранавана абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі, затым Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Паняцце Бацькаўшчыны як спрадвечнага абшару ў этнічных, дзярж. межах бел. народа, як свабоднага дэмакр. грамадства, уладкаванага паводле сац.-паліт. і нац. раўнапраўя, бесперашкоднага духоўнага развіцця, прыязнасці з суседнімі і ўсімі інш. народамі свету, грамадства, гарантаванага ў сваіх правах і жыццёвых інтарэсах уласнай незалежнай дзяржавай, стала кансалідуючай ідэяй бел. адраджэнскага руху (гл. ў арт. Адраджэнне нацыянальнае). Яна знайшла сваё адлюстраванне ў творах А. і І.Луцкевічаў, А.М.Уласава, В.Ю.Ластоўскага, Я.Коласа, М.Багдановіча, Цёткі, З.Бядулі, А.Гаруна, Л.Гмырака, М.Гарэцкага, Я.Лёсіка, І.Канчэўскага, асабліва Я.Купалы. У купалаўскай публіцыстыцы далей развіты скарынаўскі ідэал Бацькаўшчыны — справядлівай маці ўсіх людзей краіны, незалежна ад іх нацыянальнасці, веравызнання, што пры нац. і канфесіянальнай неаднароднасці бел. грамадства мела і мае прынцыповае значэнне. Ідэя Бацькаўшчыны адыграла ролю ў змаганні народа супраць падзелу бел. зямлі паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921, за ўз’яднанне падзеленых частак краіны ў адзінай бел. дзяржаве, супраць ням.-фаш. захопнікаў у гады 2-й сусв. вайны, служыла і служыць незаменным духоўным стымулам у процідзеянні нацыянальна свядомых сіл грамадства асіміляцыі бел. народа з боку парт.-наменклатурнай дыктатуры. З канца 1980-х г. дзеля новага адраджэння Бацькаўшчыны-Беларусі, адбудовы яе паліт.-дзярж. незалежнасці і суверэнітэту, пераадолення сац.-эканам. крызісу, заняпаду бел. мовы, нац. культуры гуртуюцца патрыят. сілы бел. этнасу, уключна з бел. эміграцыяй. Нац.-адраджэнскай ідэяй прасякнуты Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь (27.7.1990), Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (1994), праграмныя дакументы бел. дэмакр. партый і арг-цый.

2) Родны куток, месца, дзе нарадзіўся і вырас хто-небудзь.

3) Набытак бацькоў, спадчынная маёмасць.

А.К.Каўка.

т. 2, с. 361

«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,

згуртаванне беларусаў свету. Засн. 6.3.1990 у Мінску прадстаўнікамі творчай і тэхн. інтэлігенцыі Беларусі. На ўстаноўчай канферэнцыі 10—11.9.1990 прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх (апрача Крымскага) бел. зямляцтваў і суполак з рэспублік СССР, бел. арг-цый з Беластоцкага ваяводства (Польшча), Беларускага дэмакратычнага аб’яднання, Беларускага грамадска-культурнага таварыства, Беларускага аб’яднання студэнтаў, тыднёвіка «Ніва», замежныя госці юбілею Ф.Скарыны. Ідэя стварэння «Бацькаўшчыны» падтрымана на 19-й сустрэчы беларусаў Паўн. Амерыкі (вер. 1990, Кліўленд). «Бацькаўшчына» вядзе рознабаковую дзейнасць: культ.-асв., гасп.-эканам., рэлігійную, краязнаўчую, замежны турызм і інш. Асн. задачы: адраджэнне культуры і мовы, нац. свядомасці і традыцый бел. народа, кансалідацыя і аб’яднанне беларусаў свету незалежна ад іх паліт. поглядаў, сац. і маёмаснага стану, веравызнання, устанаўленне патрэбных для Беларусі сувязяў з замежжам. Аддзяленні «Бацькаўшчыны» створаны ў абл. цэнтрах і гарадах Беларусі, за мяжой. «Бацькаўшчына» прымае ўдзел у патрыят. акцыях, ажыццяўляе дабрачынную дзейнасць. Ініцыятар склікання і арганізатар Першага сходу беларусаў блізкага замежжа і Першага з’езду беларусаў свету. На чале «Бацькаўшчыны» — прэзідэнт (з 1990 В.Быкаў, з 1993 Р.Гарэцкі). Кіраўнічы орган — рада, выканаўчы — управа.

т. 2, с. 361

«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,

бел. культурна-асветнае таварыства ў Мінску ў 1918—20. Створана ва ўмовах акупацыі Беларусі герм. захопнікамі з мэтай гуртавання бел. насельніцтва, развіцця яго нац. свядомасці, пашырэння асветы і бел. л-ры. Заснавальнікі Я.Варонка, Я.Бялевіч, К.Езавітаў, П.Крачэўскі, Я.Лёсік, К.Цвірка-Гадыцкі і інш. Выдавала бел. газеты і часопісы («Бацькаўшчына», «Беларускае слова», «Беларуская ілюстраваная часопісь» і інш.). Аддзяленні т-ва дзейнічалі ў Бабруйску, Гродне, Слуцку, Вільні, Рызе і інш.

У.В.Ляхоўскі.

т. 2, с. 361

«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,

культурна-асветнае таварыства бел. нац. меншасці ў Латвіі ў 1921—25. Створана ў Дзвінску (цяпер. г. Даўгаўпілс) групай інтэлігенцыі на чале з настаўнікам Я.В.Харлапам. Членамі кіраўніцтва т-ва ў розны час былі М.Гарэцкі, І.С.Дварчанін, К.Езавітаў, У.Жылка, І.І.Краскоўскі, П.В.Мядзёлка, У.В.Пігулеўскі, С.П.Сахараў, А.П.Якубецкі і інш. Дзейнасці т-ва спрыялі прадстаўнікі лат. інтэлігенцыі Б.Р.Брэжга, Я.Райніс. Пры падтрымцы Райніса пры Мін-ве асветы Латвіі ў 1921 створаны Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі (кіраўнік Сахараў), у Дзвінскім і Люцынскім пав. адкрыта каля 60 бел. школ, заснаваны Люцынская і Дзвінская бел. гімназіі, настаўніцкія курсы, с.-г. школа. Паводле сфабрыкаваных паліцыяй Латвіі матэрыялаў супраць членаў «Бацькаўшчыны» былі арыштаваны Езавітаў, Мядзёлка, Пігулеўскі, Краскоўскі, Якубецкі і інш. У крас.1925 суд апраўдаў усіх абвінавачаных, але дзейнасць т-ва паступова спынілася.

С.С.Панізнік.

т. 2, с. 361

«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,

беларускае кніжнае выдавецтва ў Германіі. Існавала ў 1952—66 пры газ. «Бацькаўшчына». Адміністрацыя выд-ва знаходзілася ў Мюнхене, мела прадстаўніцтвы ў розных краінах. Выдала творы Я.Купалы («Тутэйшыя», «Раскіданае гняздо», зб. «Спадчына»), Я.Коласа («Новая зямля», «Сымон-музыка», «У палескай глушы»), М.Багдановіча («Вянок»), Л.Калюгі («Нядоля Заблоцкіх»), А.Мрыя («Запіскі Самсона Самасуя»), Р.Крушыны («Выбраныя творы»), Ю.Віцьбіча («Плыве з-пад святой гары Нёман»), В.Ластоўскага (зб. «Творы»), альманах «Ля чужых берагоў», зб. «Беларускія казкі» і інш.

А.С.Ляднёва.

т. 2, с. 362

«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,

газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 16 да 28.3.1919 у Гродне на бел. мове (№ 5 выйшаў на бел., рус., франц., ням. і яўр. мовах) бел. культ.-асв. т-вам «Бацькаўшчына». Інфармавала пра бел. паліт. рух, паведамляла пра дыпламат. акцыі ўрада Бел. Нар. Рэспублікі. Надрукавала праграму Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, артыкулы «Беларусы» (пад крыптанімам Э.Б.), «Некалькі слоў аб беларускім руху» (пад крыптанімам КіК), «Лісты з Мінска» Р.Суніцы (Р.Зямкевіча) пра абвяшчэнне БССР, становішча ў Мінску і інш. Закрыта ў сувязі з акупацыяй Гродзеншчыны легіёнамі Пілсудскага і выездам з Гродна Беларускай Рады.

А.С.Ліс.

т. 2, с. 362

«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,

бел. эміграцыйная газета. Выдавалася з 31.10.1947 да снеж. 1966 у Мюнхене на бел. мове. З 1955 бел. тыднёвік палітыкі, культуры і грамадскага жыцця. Выдавец У.Бортнік (з 1955). Асн. задачай лічыла развіццё і паглыбленне патрыятызму ў эмігранцкім асяроддзі. Друкавала інфармацыю пра міжнар. жыццё, навіны, карэспандэнцыі пра паліт. становішча на Беларусі, матэрыялы па гісторыі, культуры, мастацтве. Выдавала дадаткі: дзіцячы «Каласкі», літ., жаночы. Пры «Бацькаўшчыне» дзейнічала выдавецтва, якое выпусціла творы Я.Купалы, Я.Коласа, Л.Калюгі, К.Чорнага і інш. Мела прадстаўніцтвы і распаўсюджвалася ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Францыі, Аўстраліі, Аргенціне і інш. краінах.

т. 2, с. 362

БАЦЬКО́ЎСКІЯ ПРАВЫ́ І АБАВЯ́ЗКІ,

сукупнасць асабістых, маёмасных правоў і абавязкаў бацькоў у іх узаемаадносінах з непаўналетнімі дзецьмі. Прадугледжаны і гарантуюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Кодэксам аб шлюбе і сям’і. Першарадная роля ў сямейным жыцці належыць асабістым адносінам паміж бацькамі і дзецьмі. Бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца пра іх здароўе, фізічнае і духоўнае развіццё і навучанне. Асабістымі правамі бацькоў з’яўляюцца: прысваенне імя і прозвішча; выхаванне, прадстаўніцтва і абарона інтарэсаў дзяцей. У працэсе выхавання правы і абавязкі бацькоў і дзяцей з’яўляюцца ўзаемнымі. Дзеці павінны выконваць патрабаванні бацькоў, маюць права на належнае сямейнае выхаванне. Бацькоўскія правы не могуць ажыццяўляцца ў супярэчнасці з інтарэсамі дзяцей. Дзеці не павінны падвяргацца жорсткаму абыходжанню або знявазе, прыцягвацца да работ, якія могуць нанесці шкоду іх фізічнаму, разумоваму або маральнаму развіццю. Пры неналежным выкананні бацькамі або адным з іх абавязкаў па выхаванні або пры злоўжыванні бацькоўскімі правамі дзеці маюць права звярнуцца ў органы апекі і папрасіць абароны сваіх правоў і інтарэсаў. Бацька і маці маюць роўныя правы і абавязкі ў адносінах да сваіх дзяцей нават пасля скасавання шлюбу. Пры ўзнікненні спрэчак у такіх выпадках парадак удзелу ў выхаванні дзяцей вызначаецца органамі апекі; кожны з бацькоў мае права звярнуцца ў суд. Бацькі з’яўляюцца прадстаўнікамі сваіх непаўналетніх дзяцей і выступаюць у абарону іх правоў і інтарэсаў ва ўсіх установах, у тым ліку судовых, без асаблівага паўнамоцтва; ім дастаткова прад’явіць пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, з якога вынікае, што асоба сапраўды з’яўляецца яго бацькам або маці. Выкананне бацькамі сваіх правоў і абавязкаў здзяйсняецца да дасягнення дзецьмі 18 гадоў. Выхаваўчы ўплыў бацькоў на паўналетніх дзяцей ужо не мае прававога характару. Пазбаўленне бацькоўскіх правоў з-за наўмыснага парушэння і невыканання абавязкаў па выхаванні дзяцей праводзіцца паводле судовага рашэння.

Літ.:

Нечаева А.М. Брак, семья, закон. М., 1984.

В.В.Левы.

т. 2, с. 362