«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,

культурна-асветнае таварыства бел. нац. меншасці ў Латвіі ў 1921—25. Створана ў Дзвінску (цяпер. г. Даўгаўпілс) групай інтэлігенцыі на чале з настаўнікам Я.​В.​Харлапам. Членамі кіраўніцтва т-ва ў розны час былі М.​Гарэцкі, І.​С.​Дварчанін, К.​Езавітаў, У.​Жылка, І.​І.​Краскоўскі, П.​В.​Мядзёлка, У.​В.​Пігулеўскі, С.​П.​Сахараў, А.​П.​Якубецкі і інш. Дзейнасці т-ва спрыялі прадстаўнікі лат. інтэлігенцыі Б.​Р.​Брэжга, Я.​Райніс. Пры падтрымцы Райніса пры Мін-ве асветы Латвіі ў 1921 створаны Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі (кіраўнік Сахараў), у Дзвінскім і Люцынскім пав. адкрыта каля 60 бел. школ, заснаваны Люцынская і Дзвінская бел. гімназіі, настаўніцкія курсы, с.-г. школа. Паводле сфабрыкаваных паліцыяй Латвіі матэрыялаў супраць членаў «Бацькаўшчыны» былі арыштаваны Езавітаў, Мядзёлка, Пігулеўскі, Краскоўскі, Якубецкі і інш. У крас. 1925 суд апраўдаў усіх абвінавачаных, але дзейнасць т-ва паступова спынілася.

С.​С.​Панізнік.

т. 2, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)