Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАКАЛА́ЎР

(лац. baccalaureus літар. васальны землеўладальнік),

першая вучоная ступень у большасці краін. Прысвойваецца пасля заканчэння 4-гадовага навучання першага ўзроўню, паспяховай здачы дзярж. экзаменаў і абароны выпускной работы (бакалаўр навук, бакалаўр эканомікі). У сярэдневяковых ун-тах Зах. Еўропы надавалася студэнтам пасля завяршэння першага этапу адукацыі. У Расіі некаторы час бакалаўрамі называлі выкладчыкаў духоўных акадэмій; у канцы 18 ст. гэтае званне атрымлівалі выпускнікі Настаўніцкага ін-та пры Маскоўскім ун-це. У Францыі (з 1808) надаецца пасля заканчэння поўнай сярэдняй школы і дае права паступлення ва ун-т. Дыплом бакалаўра звычайна эквівалентны дыплому, які атрымліваюць выпускнікі бел. ВНУ з 4-гадовым тэрмінам навучання пасля здачы дзярж. Экзаменаў.

т. 2, с. 228

БАКАЛЕ́Я

(ад араб. бакал прадавец харчовых прыпасаў),

абагульненая назва некаторых харч. тавараў — круп, мукі, кандытарскіх вырабаў, солі, чаю, кавы, прыпраў і інш.

т. 2, с. 228

БАКАЛЫКТА́Г,

Марка Пола хрыбет, горны хрыбет на У Куньлуня, у Кітаі. Даўж. каля 350 км. Выш. да 6300 м. Слаба расчлянёны, схілы ўкрыты абломкавым матэрыялам. Складзены пераважна з гранітаў і метамарфічных парод. У высакагор’ях — халодныя пустыні і ледавікі.

т. 2, с. 228

БАКА́НСКАЯ Вера Васілеўна

(н. 30.3.1926, в. Нараватава Кадамскага р-на Разанскай вобл., Расія),

бел. патафізіёлаг. Д-р мед. н. (1981), праф. (1984). Скончыла Душанбінскі мед. ін-т (1950). У 1960—94 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па вывучэнні сістэмы гемакаагуляцыі, агрэгацыі трамбацытаў, антыагрэгацыйных уласцівасцяў сасудзістай сценкі ў гіпаксічным стане; па вызначэнні ўплыву некаторых водарастваральных вітамінаў і простагландзінаў у папярэджанні тромбаўтварэння.

Тв.:

Патология системы крови и гемостаза. Гродно, 1985 (разам з К.А.Эйсмантам);

Патофизиология обмена веществ. Ч. 1—2. Гродно, 1994.

т. 2, с. 228

БАКАПЛА́ВЫ

(Amphipoda),

разнаногія, атрад беспазваночных жывёл кл. ракападобных. У сусв. фауне каля 4500 відаў. Пашыраны ў марскіх і прэсных вадаёмах, некаторыя ў вільготнай глебе, падземных водах усяго свету. На Беларусі ў азёрах, рэках, крыніцах жывуць 5 відаў, з іх бакаплаў Паласа і понтапарэя занесены ў Чырв. кнігу.

Цела даўж. 0,3—28 см, сціснутае з бакоў, сегментаванае, бясколернае, жаўтаватае, зеленаватае, сіняе, чырвонае, стракатае. Ногі грудных сегментаў розныя (адсюль другая назва), ногі брушных сегментаў плавальныя і скакальныя. Раздзельнаполыя. Яйцы выношваюць у вывадковай камеры. Жывуць 1—6 гадоў. Усёедныя, ёсць драпежнікі. Корм для рыб, птушак, цюленяў, кітоў. Уваходзяць у склад крыля. Выкарыстоўваюцца ў аквакультуры.

т. 2, с. 229

БАКАПЛА́Ў ПАЛА́СА

(Pallasea quadrispinosa),

беспазваночная жывёла сям. гамарыдаў атр. бакаплаваў. Пашыраны на Пн Еўропы. Па тэр. Беларусі праходзіць паўд. мяжа арэала віду. Знойдзены ў азёрах Браслаўскай групы, Лукомскім, Доўгае (Глыбоцкі р-н). Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Цела даўж. да 3 см, аранжавае, дугападобнай формы, сціснутае з бакоў, складаецца з 18 сегментаў. Жыве ў алігатрофных і мезатрофных азёрах сярод вышэйшай воднай расліннасці. Корміцца арган. часцінкамі грунту, расліннымі і жывёльнымі рэшткамі. Размнажаецца круглы год, найб. у асенне-зімовы перыяд. Каштоўны корм для рыб. На Беларусі ахоўваецца ў ландшафтным заказніку Міжазёрны (Віцебская вобл.).

т. 2, с. 229

БАКАРА́

(ад назвы г. Бакара ў Францыі),

французская вытворчасць вырабаў з хрусталю. Узнікла ў 1816 на шкляной мануфактуры Сент-Ан (засн. каля 1766) у г. Бакара. Вядомасць набыла ў 2-й пал. 19 ст. тэхн. дасканаласцю пышных і багата ўпрыгожаных дробнай агранкай сервізаў і вазаў. Вырабы гэтай вытворчасці (існуе і цяпер) і сам тып дробнай агранкі таксама наз. бакарой.

т. 2, с. 229

БАКА́РЫУС Мікалай Сяргеевіч

(31.3.1869, Адэса — 23.12.1931),

украінскі судовы медык і крыміналіст, адзін са стваральнікаў суд. медыцыны і крыміналістыкі. З 1928 гал. суд.-мед. эксперт УССР. Па яго ініцыятыве ў 1923 у Харкаве створаны кабінет навук.-суд. экспертызы (з 1926 Ін-т суд. экспертызы, з 1931 яго імя). Аўтар прац «Судова-медыцынскія, мікраскапічныя і мікрахімічныя даследаванні рэчавых доказаў» (1910), «Судовая медыцына для медыкаў і юрыстаў» (1930) і інш.

т. 2, с. 229

БАКА́С

(Gallinago gallinago),

птушка сямейства бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўропе і паўн. частках Азіі. На Беларусі звычайны пералётны від. Жыве каля вады, на балотах і прырэчных лугах, забалочаных узлесках.

Даўж. цела 27—29 см, маса 100—125 г. Апярэнне карычнявата-бурае з вохрыстымі стракацінамі, брушка белае. Дзюба доўгая, прамая. У час такавання самец выдае гукі, падобныя да бляяння барана (адсюль нар. назва баранчык, козка). Гнёзды на купінах высцілае сухімі сцяблінкамі. Нясе 3—5 стракатых яец. Корміцца чарвямі, слімакамі, жукамі, лічынкамі насякомых, карэньчыкамі травяністых раслін. Аб’ект палявання.

т. 2, с. 229

БАКА́ЧЫО,

Бакача (Boccaccio) Джавані (1313, Парыж — 21.12.1375), італьянскі пісьменнік, гуманіст ранняга Адраджэння. Сябра Ф.Петраркі. Аўтар паэм на сюжэты ант. міфалогіі «Філастрата» (1338 ?, выд. 1499), «Тэсеіда» (1339—41, выд. 1475), рамана «Філакола» (пачаты ў 1338, выд. 1472), псіхал. аповесці «Ф’ямета» (1343, выд. 1472). Блізкасць да Дантэ выявілася ў пастаралі «Амета...» (1341—42, выд. 1478) і паэме «Любоўны прывід» (1342, выд. 1521). Паэма «Ф’езаланскія німфы» (1344—46, выд. 1477) навеяна «Метамарфозамі» Авідзія. Асн. твор — «Дэкамерон» (1350—53, выд. каля 1470) — 100 рэаліст. навел, прасякнутых гуманіст. ідэямі, духам вальнадумства і антыклерыкалізму, непрыняццем аскетычнай маралі, жыццярадасным гумарам, — шматколерная панарама нораваў італьян. грамадства. Супярэчнасці сац. развіцця Італіі выклікалі крызіс гуманіст. ідэалаў Бакачыо (алегарычная сатыра ў прозе «Карбача, ці Лабірынт любові», 1354—55 ці 1365; выд. 1487, рус. пер. «Крумкач», 1975). Аўтар біягр. кн. «Жыццё Дантэ Аліг’еры» (каля 1360, выд. 1477), каментарыяў да 17 песень «Боскай камедыі» Дантэ (1373—74), трактатаў на лац. мове. Сюжэт 2-й навелы 10-га дня «Дэкамерона» ляжыць у аснове казкі «Аб тым, як ксяндзы вылечыліся» са зб. А.Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў». Пераклад Б.Будным аднаго з эпізодаў «Дэкамерона» («Аповесць суцяшальная пра купца Барнабаша») Пётр Бластус Кміта ўключыў у 4-ю кн. «Апафегматаў». П’еса «Золата ў агні» Ф.У.Радзівіл, якая ставілася ў Нясвіжскім прыдворным тэатры, — драм. перапрацоўка навелы Бакачыо.

Тв.:

Рус. пер. — Малые произведения. Л., 1975;

Декамерон. Мн., 1985.

Літ.:

Хлодовский Р.И. Декамерон: Поэтика и стиль. М., 1982;

Бранка В. Боккаччо средневековый: Пер. с итал. М., 1983;

Джованни Боккаччо: Биобиблиогр. указ. М., 1961.

т. 2, с. 229