БАКАЛА́ЎР

(лац. baccalaureus літар. васальны землеўладальнік),

першая вучоная ступень у большасці краін. Прысвойваецца пасля заканчэння 4-гадовага навучання першага ўзроўню, паспяховай здачы дзярж. экзаменаў і абароны выпускной работы (бакалаўр навук, бакалаўр эканомікі). У сярэдневяковых ун-тах Зах. Еўропы надавалася студэнтам пасля завяршэння першага этапу адукацыі. У Расіі некаторы час бакалаўрамі называлі выкладчыкаў духоўных акадэмій; у канцы 18 ст. гэтае званне атрымлівалі выпускнікі Настаўніцкага ін-та пры Маскоўскім ун-це. У Францыі (з 1808) надаецца пасля заканчэння поўнай сярэдняй школы і дае права паступлення ва ун-т. Дыплом бакалаўра звычайна эквівалентны дыплому, які атрымліваюць выпускнікі бел. ВНУ з 4-гадовым тэрмінам навучання пасля здачы дзярж. Экзаменаў.

т. 2, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)