БАЯ́РСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Чашніцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Свінка (працякае праз возера), за 12 км на ПнУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,2 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 1,5 м. Пл. вадазбору 17,2 км².
Катлавіна злёгку выцягнутая з Пн на Пд, схілы пераважна разараныя. Берагі сплавінныя, на ПдУ абразійныя. Пойма забалочаная. Дно сподкападобнае, сапрапелістае, уздоўж берагоў вузкая паласа глею і пяску. Амаль трэць плошчы возера занята расліннасцю (паласа шыр. 10—175 м да глыб. 1 м).
т. 2, с. 369
БАЯ́РСКАЯ ДУ́МА,
1) у Кіеўскай дзяржаве 10 — 1-й пал. 12 ст. нарада князя з дружынай (князевымі мужамі, думцамі) і інш. набліжанымі асобамі (напр., земскімі баярамі).
2) У перыяд феад. раздробленасці Русі савет знатных васалаў пры князю ў вял. і ўдзельных княствах.
3) У цэнтралізаванай Рускай дзяржаве канца 15 — пач. 18 ст. пастаянны саслоўна-прадстаўнічы орган арыстакратыі пры вял. князю (з 1547 цары). Мела дарадчы характар, абмяркоўвала пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі. Складалася з думных чыноў (баяраў, акольнічых, думных дваранаў, думных дзякоў), колькасць якіх мянялася; супрацоўнічала з Разрадным і Пасольскім прыказамі. Скасавана Пятром І у 1711 у сувязі са стварэннем Сената.
Літ.:
Зимин А.А. Формирование боярской аристократии в России во второй половине XV — первой трети XVI в. М., 1988;
Ключевский В. Боярская Дума Древней Руси;
Добрые люди Древней Руси: Репр. изд. М., 1994.
т. 2, с. 369
БАЯ́РСКІ Міхаіл Сяргеевіч
(н. 26.12.1949, С.-Пецярбург),
рускі акцёр. Нар. арт. Расіі (1990). Скончыў Ленінградскі ін-т т-ра, музыкі і кінематаграфіі (1972). У 1972—87 у т-ры імя Ленсавета, з 1988 маст. кіраўнік эстраднага т-ра-студыі «Бенефіс» (С.-Пецярбург). З 1974 здымаецца ў кіна- і тэлефільмах: «Масты», «Душа», «Лішні білет», «Мама» (СССР—Румынія—Францыя), «Сабака на сене», «Д’Артаньян і тры мушкецёры», «Гардэмарыны, наперад!», «Тарцюф» і інш.
т. 2, с. 369
БАЯ́РСКІЯ КНІ́ГІ,
зводы імянных пералікаў па чынах прыдворных асоб Расіі (думных і вышэйшых дварцовых чыноў, стольнікаў, страпчых, маскоўскіх і выбарных дваран, дзякоў) з пазначэннем іх памесных і грашовых акладаў. Згадваюцца з пач. 17 ст. Складаліся ў Разрадным прыказе як зводныя ўлікова-акладныя дакументы. Крыніца для вывучэння памеснай сістэмы, т.зв. Гасударава двара, гісторыі рас. дваранства, генеалогіі. Захаваліся 14 баярскіх кніг (1615—91).
т. 2, с. 369
БАЯ́РЫ,
1) вышэйшы слой феад. грамадства ў Кіеўскай Русі, пазней — у Рускай дзяржаве. Былі васаламі князя, абавязанымі служыць у яго войску, маглі перайсці да другога князя. Мелі свае вотчыны і васалаў. У 17 ст. розніца паміж баярамі і дваранствам сцерлася.
2) Служылыя людзі ў Рус. дзяржаве, якія ўваходзілі ў Баярскую думу.
3) Ваенна-служылыя людзі ў ВКЛ. Паходзілі з баяр Полацкага, Тураўскага і Смаленскага княстваў, баяр і дружыннікаў вял. князёў літоўскіх. У 13—16 ст. большасць баяр атрымала саслоўныя прывілеі феадалаў. Частка з іх была прамежкавай групай паміж феадаламі і сялянамі. Пачынаючы з Гарадзельскага прывілея 1413, для абазначэння саслоўя феадалаў побач з тэрмінам «баяры» ў афіц. актах ужываўся тэрмін «баяры-шляхта» або шляхта. Большасць баяр былі васаламі гаспадара (вял. князя), частка — буйных феадалаў-князёў, паноў, буйных баяр. Значная колькасць баяр-шляхты мела па некалькі або зусім не мела феадальна-залежных сялян. Акрамя баяр-шляхты існавала значная група ваенна-служылых людзей, куды ўваходзілі не толькі нашчадкі дробных бел. і літ. баяр і дружыннікаў, але і прадстаўнікі вярхоў сялянства. Яны падзяляліся на баяр панцырных, путных баяр або проста баяр (часам іх звалі служкамі), слуг путных, слуг дамовых. Усе яны атрымлівалі надзелы зямлі пры ўмове нясення службы, гал. чынам вайсковай. Значная ч. баяр да канца 16 ст. аформілася як шляхецкае саслоўе. На Беларусі ад назвы сац. групы баяр замацаваліся тапонімы: Баяры, Малыя Баяры, Баяры Дзікушкаўскія і тыпу Баяркі, Баярск.
4) Катэгорыя сялян у ВКЛ у 2-й пал. 17—18 ст. За надзел выконвалі павіннасці, плацілі чынш. Не былі асабіста свабодныя, не служылі ў апалчэнні і, па сутнасці, з’яўляліся прыгоннымі. Да канца 18 ст. многія баяры пераведзены на становішча чыншавых і нават цяглых сялян.
5) У Румыніі — феадалы і памешчыкі. Як клас ліквідаваны паводле закону аб аграрнай рэформе 20.3.1945.
т. 2, с. 369
БА́Я-МА́РЭ
(Baia Mare),
горад на Пн Румыніі. Адм. ц. жудэца (адм. адзінка) Марамурэш. 150 тыс. ж. (1989). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Цэнтр горнапрамысл. раёна (медзь, свінец, золата, серабро). Каляровая металургія, хім., мэблевая, шкло-фаянсавая, тэкст., швейная, харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Цэнтр турызму. Музеі. Арх. помнікі 15—18 ст.
т. 2, с. 368
БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ СТУДЭ́НТАЎ
(БАС),
бел. грамадская арганізацыя студэнтаў у Польшчы, якая займаецца грамадска-культ., асв., выдавецкай, турысцкай дзейнасцю. Засн.ў 1-й пал. 1981 па ініцыятыве бел. студэнтаў Варшавы і Беластока. У снеж. 1981 з увядзеннем ваен. становішча ў Польшчы дзейнасць БАС спынена. У 1982 працавала нелегальна. З 1983 бел. студэнты дзейнічалі легальна ў рамках Рады культуры пры Цэнтр. радзе культуры т-ва польскіх студэнтаў у Варшаве. Адноўлена ў 1987. 1-ы з’езд адбыўся 17.12.1988 у Беластоку. Вышэйшыя кіруючыя органы — усеаг. сход і гал. рада (знаходзілася ў Варшаве, з 1991 у Беластоку). Гурткі дзейнічаюць у ВНУ Беластока, Варшавы, Гданьска, Любліна, Ольштына, адзін у ЗША. Выдавала бюлетэні «Апошнія паведамленні БАС» (№ 1—3, 1981, 1988), «Сустрэчы» (№ 1—13, 1983—90), у штотыднёвіку «Ніва» штомесячна змяшчае старонку «Прысутнасць». З 1991 БАС — член-заснавальнік Рады бел. арг-цый у Польшчы. З 1988 БАС узначальвалі Я.Вапа, У.Пац, Б.Кучынская (з 1991).
Л.У.Языковіч.
т. 2, с. 393
БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ Ў АЎСТРА́ЛІІ
(БАА),
арганізацыя бел. эміграцыі. Засн. ў кастр. 1950 у г. Сідней, першая бел. арг-цыя, афіцыйна прызнаная аўстрал. ўладамі. Займаецца культ.-асв., прапагандысцкай і дабрачыннай дзейнасцю. БАА — член Асацыяцыі па справах Аб’яднаных нацый, уваходзіла ў склад Камітэта тыдня заняволеных народаў. Па прапанове БАА у 1974 Кангрэс сусв. антыкамуніст. лігі прыняў «Рэзалюцыю па незалежнасці Беларусі». Пры БАА дзейнічаюць бел. хор, гурток маст. самадзейнасці. Праз супрацоўніцтва з аўстрал. арг-цыямі па справах Аб’яднаных нацый БАА прымала ўдзел у штогоднім Міжнар. дыпламат. балі. Выдавала інфарм. час. «Новае жыццё» (№ 1—9, 1950-я г.). Ген. сакратар БАА А.Алехнік.
А.С.Ляднёва.
т. 2, с. 393
БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ АХВЯ́РАЎ ПАЛІТЫ́ЧНЫХ РЭПРЭ́СІЙ
(БААПР),
добраахвотнае аб’яднанне грамадзян, якія пацярпелі ад паліт. рэпрэсій. Створана 8.2.1992 у Мінску. Вышэйшы орган — з’езд, кіруючы — рада, выканаўчы — управа. Мэты БААПР: удзел у рабоце па аднаўленні парушаных правоў і інтарэсаў беспадстаўна рэпрэсіраваных грамадзян, садзейнічанне поўнай і публічнай рэабілітацыі ахвяраў рэпрэсій; аказанне прававой, матэрыяльнай, сац.-бытавой і інш. дапамогі пацярпелым ад паліт. рэпрэсій; пошукі месцаў пахавання рэпрэсіраваных, стварэнне Кніг памяці; садзейнічанне дэмакр. пераўтварэнням і барацьба супраць актаў беззаконня і дыскрэдытацыі; развіццё прававой і гуманітарнай свядомасці грамадзян; арганізацыя сумесна з архіўнымі ўстановамі выставак і інш. асв. мерапрыемстваў, прысвечаных памяці ахвяраў рэпрэсій, і інш. У БААПР уваходзяць Брэсцкая, Гомельская, Гродзенская абласныя, Бабруйская, Брэсцкая, Баранавіцкая, Барысаўская, Маладзечанская гарадскія, Карэліцкая, Пухавіцкая, а таксама Ленінская, Першамайская, Фрунзенская г. Мінска раённыя асацыяцыі ахвяраў паліт. рэпрэсій.
У.І.Адамушка.
т. 2, с. 405